Занядбаная сядзіба ў вёсцы Вопытная (якую гістарычна называлі маёнткам “Бігосава”) – гэта вельмі атмасферная і каларытная цікавостка Беларусі на самай поўначы Верхнядзвінскага раёна. Калісьці даўно, Бігосава ўваходзіла ў склад вялікага комплексу друйскіх маёнткаў, якія належалі Сапегам. Прыкладна ў 1824 годзе, князь Францішак Сапега прадаў (як мяркуецца) з агульных сваіх уладанняў Бігосава Марціну Нітаслаўскаму. Такім чынам гэты маёнтак перайшоў і заставаўся за Нітаслаўскімі ажно да канца Першай сусветнай вайны. Аднак што даволі дзіўна, пра гэты род фактычна амаль нічога і невядома.

Руіны сядзібы Вопытная
Руіны сядзібы, 2026 год

Цалкам імаверна, што сядзіба Нітаслаўскіх у Бігосаве – гэта перабудаваны палац, які заставаўся яшчэ ад Сапегаў з больш ранніх гадоў. Дарэчы, вакол самой назвы “Бігосава” дагэтуль ходзіць вельмі цікавая лакальная легенда. Так кажуць, што Вітольд Нітаслаўскі (які хутчэй за ўсё і пабудаваў/перабудаваў палац) быў сапраўдным гурманам і так моцна любіў традыцыйную шляхецкую страву бігас (тушаную капусту з мясам і вяндлінай), што вырашыў назваць у ейны гонар сваю новую рэзідэнцыю.

Сядзіба Вопытная старое фота
Першая палова 20 ст., так палац выглядаў у лепшыя часы. Фота афарбавана пры дапамозе ШІ

Бігосаўская сядзіба мела даволі арыгінальную архітэктуру з цікавымі элементамі. Так на паркавым фасадзе больш выразна выступалі два порцікі паабапал асноўнага аб’ёму, кожны з якіх меў па дзве пары тасканскіх калон і завяршаўся невялікім трохвугольным франтонам. Часткова яны праглядаюцца і сёння.

Сядзіба Нітаслаўскіх Вопытная

Захавалася крыху апісання інтэр’ера палаца. Так унутры сядзібы, усю шырыню двухпавярховай часткі з боку пад’езда займала велізарная сталовая, у той час як такую ж плошчу з боку парку займала бальная зала, абстаўленая банкеткамі і крэсламі з чорнага дрэва.

Бігосаўская сядзіба

Фота старое Вопытная
Краявід з боку сажалкі, першая палова 20 стагоддзя.

У левым, заходнім крыле дома, знаходзіліся спальні, жылыя пакоі і кухня, а ў правым, усходнім, – прасторная курыльня з махагонавай ампірнай мэбляй. З курыльні таксама быў уваход у вялікі салон з мяккімі турэцкімі дыванамі. Верхні паверх налічваў усяго два вялікія пакоі, – у адным з іх месцілася бібліятэка.

Як выглядала Бігосаўская сядзіба?
Паркавы бок сядзібы, старое фота першай паловы 20 ст., здымак афарбаваны пры дапамозе ШІ

У Бігосаве не было вялікага парку, затое меўся прыгожы сад, які акружаў палац і заўсёды старанна даглядаўся. Была тут і свая капліца, але на жаль не збераглася. Ёсць звесткі пра скульптуру Святога Яна Хрысціцеля, магчыма ейныя рэшткі (нага і пастамент) стаяць на дарозе ў бок Росіцы.

Невядомы помнік Вопытная

Руіны дзіўнай фігуры Вопытная

У лютым 1917 года, адчуўшы набліжэнне рэвалюцыйнай буры і бальшавіцкай навалы, Нітаслаўскія былі вымушаны тэрмінова пакінуць маёнтак і збегчы ў Польшчу. Палац апусцеў, а савецкая ўлада пачала выкарыстоўваць трывалыя муры па свайму бачанню.

Заброшенный ветеринарный техникум Опытная

Спачатку тутака адкрылі будаўнічы, а пасля і мясцовы зааветэрынарны тэхнікум, а саму сядзібу прыстасавалі пад студэнцкі інтэрнат. Перад самай вайной тут стварылі вопытную сельскагаспадарчую станцыю, менавіта ад яе вёска і атрымала сваю сучасную назву.

Тэхнікум Вопытная

Даволі дзіўна, але палацык амаль што без пашкоджанняў выстаяў падчас Другой сусветнай вайны.

Вёска Вопытная

Аднак усё адное, у сярэдзіне 1970-х гадоў тэхнікум з’ехаў у новы корпус, а будынак пакінулі без нагляду, што стала сапраўдным прысудам на разбурэнне. Бо з часам старую сядзібу літаральна пачалі разбіраць.

Занядбаны будынак Вопытная

Вёска Вопытная знаходзіцца наўпрост уздоўж дарогі, якая цягнецца з Бігосава ў бок знакамітай Росіцы. Рэшткі палаца хаваюцца ў глыбіні парка, але яго чырвоныя сцены добра відаць з-за дрэў. Ніжэй кропка з адзнакай аб’екта на мапе:

У гэтым краі раю паглядзець шыкоўны вакзал.

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here