Замкавая гара ў Браславе – гэта сэрца і галоўны аглядны пункт усяго Азёрнага краю. Бадай што кожны турыст ці вандроўнік, які прыязджае на Браслаўшчыну, непазбежна падымецца на Замкавую гару (яна ж – гарадзішча “Браслаў”). Гэта велізарны прыродны пагорак з крутымі схіламі, які ўзвышаецца прама ў цэнтры горада паміж двума маляўнічымі азёрамі – Дрывяты і Навята.


Як разумееце, гісторыя Замкавай гары старажытная, некаторыя археолагі мяркуюць, што першыя людзі на гэтым гарадзішчы пасяліліся яшчэ ў 5 стагоддзі. Аднак пісьмовыя згадкі і больш дакладная інфармацыя адсылае нас у 11 стагоддзе, калі на гэтым прыродным умацаванні з’явіўся магутны памежны замак Полацкага княства.

Паводле паданняў, заснавальнікам крэпасці мог быць полацкі князь Брачыслаў Ізяславіч (нават ёсць думка, што менавіта ад яго імя і пайшла назва горада). Замак быў драўляным, меў высокія абарончыя сцены і магутныя вежы, таму досыць доўга і паспяхова вытрымліваў штурмы крыжакоў і набегі ворагаў.

Аднак, на жаль, драўляныя ўмацаванні былі цалкам знішчаны часам і агнём падчас войнаў 17 стагоддзя. Таму сёння ад былой магутнасці засталіся толькі вялізарныя земляныя валы, якія і цяпер дзівяць сваім маштабам.

З вяршыні гары Браслаў можна паглядзець як блішчыць велізарнае люстэрка возера Дрывяты з аднаго боку, а з другога боку зацішна туліцца меншае возера Навята.

Прама пад гарой маляўніча рассыпаліся чырвоныя дахі гістарычнага цэнтра Браслава, над якімі велічна ўзвышаецца неагатычны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі.


Помнік Станіславу Нарбуту: ліхтар вечнай удзячнасці
Акурат на самым высокім пункце Замкавай гары стаіць вельмі незвычайны помнік – гэта высокая мураваная калона, увянчаная масіўным ліхтаром. Гэта пахаванне і помнік легендарнаму чалавеку – доктару Станіславу Нарбуту (памёр у 1926 годзе).

Ён паходзіў са знакамітага шляхецкага роду, атрымаў бліскучую медыцынскую адукацыю ў Мюнхене, але вярнуўся на радзіму і пачаў працаваць лекарам у Браславе. За ўласныя грошы збудаваў тутака першую бальніцу (прыгожы будынак з чырвонай цэглы дагэтуль стаіць пад гарой), бясплатна лячыў бедных сялян, змагаўся з хваробамі і быў ініцыятарам стварэння пажарнага таварыства. Пасля яго смерці, Станіслаў Нарбут быў пахаваны на вяршыні Замкавай гары. А над ягонай магілай у 1927 годзе на сродкі гараджан узвялі помнік-абеліск.

Замкавая гара знаходзіцца ў самым сэрцы Браслава, падняцца на яе можна пешшу па зручных драўляных усходах з боку вуліцы Кірава. Ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
У гэтым краі будзе таксама цікава паглядзець на касцёл у Слабодцы і заехаць да храма ў мястэчку Іказнь.









