Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар бернардынцаў у Друі – гэта безумоўна адзін з самых велічных, прыгожых і знакавых сакральных комплексаў Віцебскай вобласці і ўсяго Браслаўскага рэгіёна. Узведзены на маляўнічым беразе Заходняй Дзвіны, прама на мяжы з Латвіяй, гэты помнік архітэктуры ранняга і позняга барока з’яўляецца сапраўднай дамінантай старадаўняга мястэчка.


Гісторыя касцёла ў Друі цесна звязана з родам Сапегаў – адным з самых уплывовых і заможных магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага. Пры іх дарэчы, Друя перажывала свой сапраўдны росквіт. Так яшчэ ў першай палове 17 стагоддзя, па рашэнні тагачаснага ўладальніка Казіміра Льва Сапегі, у Друю запрошаны манахі-бернардынцы. На ягоныя ж сродкі ў 1643 годзе пачынаецца работа па ўзвядзенні барочнага касцёла і жылога корпуса. Месца для будаўніцтва было абрана ўдала – узвышша на беразе ракі, недалёка месціўся Друйскі замак і галоўны тракт, які цягнуўся ў горад.


Касцёл разам з кляштарным корпусам утварае адзінае цэлае. Вонкавая архітэктура даволі строгая і без адмысловых дэкаратыўных вынаходстваў, што адлюстроўвае стылістыку ранняга барока.


Сам касцёл – трохнефная базіліка з прыгожым унутраным убраннем, якое па стылістыцы адносіцца да архітэктуры ракако і позняга барока. Багацце роспісу і пілястраў на сценах, шыкоўнае дэкаратыўнае афармленне і высокія скляпенні цэнтральнага нефа пакідаюць па-сапраўднаму моцнае і прыемнае адчуванне ад знаходжання ў гэтым храме.


Кожны алтар у Друйскім касцёле з’яўляецца сапраўдным творам мастацтва. Цэнтральны адносіцца да сярэдзіны 18 стагоддзя. Чатыры бакавыя алтары, маладзейшыя, датуюцца 1779 годам.


За сваю доўгую гісторыю касцёл бачыў мноства падзей, некаторыя з якіх паўплывалі і на ягоную архітэктуру. Так высокая чатырох’ярусная вежа-званіца дабудавана да асноўнага аб’ёму ў 1772 годзе.

Брама комплексу пабудавана ў 1778 годзе.

Гэтымі работамі кіраваў дасведчаны і вопытны архітэктар Грынцэвіч і італьянскі дойлід Парака. Менавіта тады ансамбль набыў вытанчаныя рысы позняга барока.


Кляштар бернардынцаў па загадзе ўладаў зачынілі ў 1852 годзе, але будынак храма не адабралі ў каталікоў, пакінуўшы яго дзейным парафіяльным касцёлам.

У пачатку 20 стагоддзя ў сценах кляштара размясціліся манахі марыянскага ордэна. Яны ў асноўным займаліся асветніцкай дзейнасцю, іхнямі намаганнямі ў 1924 годзе адкрыта школа (якая пазней стала гімназіяй). У час вайны ўвесь комплекс моцна пацярпеў, у некаторых крыніцах згадваецца інфармацыя аб тым, што ў касцёл нават трапіў артылерыйскі снарад, які пашкодзіў сцяну.

З 1947 года на базе былога кляштара працавалі розныя адукацыйныя ўстановы. Спачатку – Друйскае сельскагаспадарчае вучылішча, потым філіял Полацкага тэхнікума, а пасля каледж меліярацыі.

Вернікам касцёл вярнулі ў 1989 годзе, – будынак чакала доўгая рэстаўрацыя, якая шмат у чым закранула ўнутранае ўбранне. Унікальны помнік архітэктуры знаходзіцца амаль у самым цэнтры аграгарадка. Ніжэй адзнака з кропкай на мапе:
Друя багата на цікавыя аб’екты. Паглядзіце таксама на руіны храма Святых Пятра і Паўла, зазірніце да старых габрэйскіх могілак, паспрабуйце знайсці месца дзе знаходзілася старадаўняя сінагога. А вось невялічкая агляднае відэа па цікавостках Друі:
View this post on Instagram










