Сярод тысяч выяў Беларусі часоў Першай сусветнай добрая колькасць сюжэтаў прысвечана этнаграфіі. Для нямецкіх і аўстрыйскіх жаўнераў шмат чаго ў нас было ў навінку, пра гэтыя “адкрыцці” яны пісалі артыкулы, рабілі адпаведныя фота і замалёўкі для газет. Нярэдка ў такіх занатоўках адчуваецца пэўная іронія, нават пагарда, бо салдата кайзера ставілі сябе на некалькі парадкаў вышэй за мясцовых, чый лад жыцця і гаспадарка, падавалася ім адсталай і архаічнай. Нягледзячы на такі “імперскі” тон публікацый, матэрыялы старых ваенных часопісаў сапраўдная каштоўная крыніца для вывучэння беларускай мінуўшчыны. У адным з такіх выданняў пашанцавала трапіць на рэпартаж з Ліды стогадовай даўніны. У нямецкім “Das Illustrierte Blatt” паказана атмасфера мясцовага нядзельнага кірмашу, здымкі якога даволі падрабязныя і цікавыя. Гэты артыкул падрыхтаваны праектам Палявая пошта.

Кірмаш Ліда
Нямецкі часопіс

Аўтары тых фота – браты Ота і Адольф Хэкель. На той час яны былі знакамітымі фотажурналістамі, якія вандравалі па тэатры ваенных дзеянняў і рабілі багата здымкаў. Іхнія фота дарэчы, таксама актыўна друкаваліся і на тагачасных паштоўках.

Гэту серыю здымкаў можна назваць “Вялікі нядзельны кірмаш у Лідзе”

Вялікі нядзельны кірмаш у Лідзе

Тады “тутэйшых” часта падпісвалі як “Polen” ці “Russische Bauern” (польскія/рускія сяляне) не надта заглыбляючыся ў мясцовы кантэкст. Сёння ўжо цалкам зразумела, што на тых здымках большасцю былі беларускія вяскоўцы. Але безумоўна і не толькі яны – бо насельніцтва нашых гарадоў і мястэчак у той час было шматнацыянальным: добрую частку складалі габрэі, былі і палякі, літоўцы, рускія, татары, караімы, цыгане… ды каго там толькі не было! На Рыначнай плошчы гучалі самыя розныя мовы.

Вось фрагменты з самога артыкула:

“…Вёска ляжыць далёка ад асноўных шляхоў зносін, і там селянін рэдка можа набыць неабходныя рэчы для гаспадаркі, якая ўсё яшчэ разлічана на самазабеспячэнне, і штосьці прадаць таксама цяжка. У Заходняй Еўропе рынкі сталі амаль што непатрэбнымі, дзякуючы ўжо развітой лагістыцы. На Ўсходзе, наадварот, яны застаюцца па-ранейшаму запатрабаванымі. Таму нядзельны кірмаш ператвараецца ў нешта падобнае на народнае свята.

Як выглядала Ліда раней?
Так выглядаў рыначны пляц у Лідзе, часоў Першай сусветнай вайны, старая паштоўка 1916 года, здымак афарбаваны ШІ
Рыначная плошча ў Лідзе
Падобны ракурс, але ў 2026 годзе

Невялічкія ўездныя гарады невыпадкова маюць вялізарныя рынкавыя пляцы. У асноўным пляцоўкі зроблены па форме чатырохкутніка, але першапачаткова іх планавалі ў выглядзе кола. Нават слова “рынак” захоўвае памяць аб тым, што славяне пазычылі гэту форму ў сваіх германскіх суседзяў (*ад нямецкага “rinc” – кола, плошча).

Нядзельны кірмаш у Лідзе на старых паштоўках

Горад Ліда, які мы паказваем на фота, ляжыць на скрыжаванні чыгунак з Варшавы да Масквы і з Вільні да Кіева. Тут усяго толькі 15 тысяч жыхароў, але ў гэтай мясцовасці, беднай на гарады, Ліда з’яўляецца адным з найбольш важных цэнтраў гандлю.

Ліда плошча рыначная
Старая паштоўка, калекцыя Уладзіміра Багданава

Навокал знаходзіцца адзін з самых этнаграфічных і самабытных рэгіёнаў на Усходзе. Тут пасяленні беларусаў, палякаў і літоўцаў суіснуюць разам, паміж імі цяжка акрэсліць дакладныя межы. У самім горадзе пераважна жывуць габрэі. Недасведчанаму чалавеку цяжка разабрацца ва ўсіх гэтых народах. Ці чуў хто да вайны пра беларусаў – пра самы бедны і прыгнечаны славянскі народ? Ці чуў хто пра Літву нешта апроч самой назвы?

Рыначная плошча Ліда

Цяпер нашы салдаты таргуюцца за тавары, якія сяляне прывозяць на кірмаш у Лідзе. Гэты торг бывае даволі незвычайным, бо звычаі мелкага гандлю ва Ўсходняй Еўропе адрозніваюцца ад тых, да якіх мы прывыклі. Той, хто будзе ўважліва назіраць за людзьмі на літоўскім кірмашы, вернецца дамоў з карыснымі ведамі…”

Ліда ў 1915 годзе

Ліда ў 1916 годзе

Гэта, калі кораценька, – усяго толькі на разварот газеты, але праца братоў Хэкель у Лідзе не абмежавалася некалькімі фота. З тых матэрыялаў і калекцый вядома прынамсі некалькі дзясяткаў здымкаў, надрукаваных паштоўкамі ў Берліне. Яны былі часткай вялікай серыі ваеннага часу, што браты паспелі зрабіць на Усходнім фронце. “Лідскія” сюжэты трапляюць у ўмоўны інтэрвал прыкладна пад нумарамі 790-830 (няхай і не ўсе выдаўцы картак пазначалі адпаведныя нумары).

Ніжэй крыху дакладных прыкладаў паштовых картак:
Жабракі каля Лідскага касцёла
№795 “Старыя жабракі ля ўваходу ў касцёл у Лідзе”, Калекцыя Уладзіміра Багданава
Сяляне выпраўляюцца на Лідскі кірмаш
№796 “Сяляне выпраўляюцца на Лідскі кірмаш”, выдавецтва Георга Шцільке. Калекцыя “Палявой пошты”
Нядзельны кірмаш у Лідзе
№797 “Габрэі-ваданосы на вуліцах Ліды”. Калекцыя Уладзіміра Багданава.
Сяляне на Рынку Ліда
№823 “Сяляне на Рынку Ліды”

“Беларуская” частка архіву братоў Хэкель заслугоўвае больш увагі і адпаведнага даследавання, што добра бачна на лідскіх сюжэтах. На здымках цікава не толькі этнаграфія – сяляне, іх адзенне, гаспадарчы рыштунак, але таксама можна заўважыць шмат прыкладаў страчанай гарадской архітэктуры.

На жаль, вельмі прыгожая і адметная Рыначная плошча ў Лідзе была ўшчэнт зруйнавана падчас нямецкіх бамбардзіровак ужо ў наступную вайну.

Ліда, старая плошча
Паштоўка 1916 года
Дзе праходзіў кірмаш у Лідзе?
Падобны ракурс, але ў 2026 годзе

Сабраўшы калекцыю старых здымкаў і паштовак, мы зможам лепш уявіць, якім быў той страчаны горад у самым пачатку ХХ стагоддзя.

Як выглядала Ліда раней?
1914-15
Ліда, цэнтр горада
2026

Крыніцы:

1) Das Illustrierte Blatt #12, 19.03.1916

2) https://de.wikipedia.org/wiki/Gebr%C3%BCder_Haeckel

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here