Смаргоншчына багата памяццю пра падзеі Першай сусветнай вайны. Пасля Свянцянскага прарыву ў верасні 1915 года лінія фронту спынілася пад Крэвам і Смаргонню, ператварыўшы навакольныя вёскі і лясы ў суцэльную паласу ўмацаванняў, бліндажоў і шпіталяў. Менавіта таму, часам і сёння, можна адшукаць розныя атмасферныя аб’екты тых часоў, як напрыклад нямецкія вайсковыя могілкі ў вёсцы Полтараўшчына, што месціцца ўсяго за шэсць кіламетраў на паўночны ўсход ад Крэва.

Першыя пахаванні з’явіліся тутака ў восені 1915 года, бо сюды звозілі нямецкіх жаўнераў, якія загінулі ў пазіцыйных баях на Крэўскім напрамку. Нямецкія войскі стаялі на гэтых рубяжах ажно да пачатку 1918 года, аднак пахаванняў 1918-га тут не зафіксавана, апошнія магілы датуюцца 1917 годам.

Падчас маштабнага ўпарадкавання вайсковых пахаванняў (апошнія такія працы адбываліся ў 1935 годзе) у Полтараўшчыну перанеслі рэшткі нямецкіх вайскоўцаў з меншых навакольных могілак. Мяркуецца, што ў тыя часы на магілах як раз і ўсталявалі стандартныя бетонныя надмагільныя пліты ў выглядзе крыжоў, якія можна паглядзець і цяпер. Галоўнай дамінантай гэтага комплексу з’яўляецца высокі каменны манумент-абеліск, які ўвенчаны скульптурай арла. Яго можна адзначыць як тыповы для нямецкай мемарыяльнай архітэктуры таго часу.

Акрамя шэрагаў бетонных пліт з прозвішчамі салдат, сярод дрэў вылучаюцца яшчэ адзін цікавыя аб’ект – невялікі каменны абеліск з крыжам.


Ніжэй кропка з адзнакай могілак у Полтараўшчыне на мапе:
У гэтым краі будзе таксама цікава заехаць у Жупраны і Кушляны, родныя мясціны Францішка Багушэвіча.










