Сядзіба ў Кушлянах – гэта дакладна не проста прыгожы адноўлены драўляны дамок, а сапраўдная калыска беларускай літаратуры. Менавіта сюды, на родную Смаргоншчыну, у канцы 19 стагоддзя павярнуўся адзін з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры – Францішак Багушэвіч (той самы знакаміты Мацей Бурачок).

Сёння на малой Радзіме Багушэвіча працуе цудоўны музей, які захаваў дух мінуўшчыны і атмасферу старога часу.


Багушэвічы валодалі мястэчкам Кушляны яшчэ з сярэдзіны 18 стагоддзя. Францішак правёў тут сваё дзяцінства, а ў 1896 годзе самастойна адбудаваў тутака новы драўляны дом, які цудам захаваўся і да нашых дзён (фактычна быў адноўлены, але ж). Менавіта ў Кушлянах, выбітны беларускі дзеяч правёў апошнія гады свайго жыцця.

Будынак уяўляе сабой класічную аднапавярховую сядзібу з ганкам, пабудаваную ў традыцыях беларускага драўлянага дойлідства. Навокал дома раскінуўся стары парк, дзе дагэтуль растуць дрэвы, якія памятаюць самога песняра Беларушчыны. Дзесьці тут, у цішы кушлянскіх краявідаў, нараджаліся радкі, якія сталі маніфестам для многіх пакаленняў: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”. Дарэчы, помнік з гэтымі словамі можна паглядзець у Смаргоні.

Кушлянскі музей Багушэвіча прапануе вандроўнікам унікальную мемарыяльную экспазіцыю. У сядзібе ёсць адноўленыя інтэр’еры кабінета паэта, гасцёўні і сталовай.

Сярод рэчаў можна пабачыць аўтэнтычную мэблю, прылады працы, рэдкія фотаздымкі і першыя прыжыццёвыя выданні зборнікаў “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”.

Апроч самой сядзібы, на тэрыторыі музейнага комплексу ёсць некалькі вельмі важных аб’ектаў. Адзін з іх – гэта безумоўна камень Багушэвіча.

Месціцца ён непадалёку ад дома, на ўзлеску. Мяркуецца, што гэты вялізарны валун, Францішак Багэшэвіч выкарыстоўваў як хованку для забароненых царскімі ўладамі беларускіх кніг. На камені высечаны надпіс: “Pamiaci Macieja Buraczka. 1900 r.”.

Таксама звярніце ўвагу на старую драўляную альтанку на пагорку. У ёй Францішак любіў адпачываць і прымаць сяброў-літаратараў.

Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах працуе па графіку з 10:00 да 19:00, але ж панядзелак – выходны. Ёсць прыемны бонус: першая серада кожнага месяца – дзень бясплатнага наведвання (а апошняя серада месяца – дзень ільготнага наведвання са зніжкай 50%). Тэлефон для даведак/замовы экскурсій: +375 (15) 929-81-69. Традыцыйнае літаратурна-музычнае свята “Кушлянскі фэст” праходзіць на тэрыторыі сядзібы ў канцы жніўня (звычайна гэта апошнія выходныя месяца) і прымяркоўваецца да важных дат беларускага адраджэння. Ніжэй кропка з адзнакай сядзібы на мапе:
У гэтым краі раю таксама заехаць у Жупраны, дзе пахаваны Францішак Багушэвіч, абавязкова зазірніце ў мясцовы касцёл.









