Адна з галоўных цікавостак у Жодзішках – касцёл 1612 года, які мае даволі незвычайны лёс і гісторыю. Дарэчы, першапачаткова храм будаваўся зусім не для каталікоў. Тагачасны ўладальнік Жодзішкаў Крыштаф Комар, як і многія прадстаўнікі беларускай шляхты канца 16 – пачатку 17 стагоддзя, быў прыхільнікам Рэфармацыі і фундаваў узвядзенне мураванага кальвінскага збору.


Менавіта пратэстанцкае паходжанне храма тлумачыць ягоны вонкавы выгляд, у якім дамінуе аскетызм і манументальнасць. Кальвіністы не прызнавалі пышнага дэкору, таму будынак атрымаў суровыя, лаканічныя формы ранняга рэнесансу, якія нават трохі нагадваюць абарончае дойлідства.


З часам хваля Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім сціхла, а ў Жодзішках з’явіліся езуіты, будынак былога збору быў канчаткова перададзены каталіцкай парафіі і пераасвечаны ў касцёл Прысвятой Троіцы.

Каб прыстасаваць храм пад новыя патрэбы, яго неаднаразова перабудоўвалі. Так у пачатку 19 стагоддзя з’явілася апсіда і сакрысціі, а ў 1902-04 гадах да асноўнага аб’ёму прыбудавалі дзве бакавыя капліцы, дзякуючы чаму ў плане касцёл набыў форму крыжа.

А вось яшчэ адзін цікавы архітэктурны факт: раней над храмам узвышалася высокая і масіўная вежа-званіца (яе можна ўбачыць на старых фота).

На жаль, яна была разбурана падчас Першай сусветнай вайны, калі праз Жодзішкі праходзіла лінія фронту, а ў самім будынку размяшчаліся спачатку нямецкі шпіталь, а потым швейная майстэрня.

У 1920-ых гадах святыню аднавілі, але вежу ўжо не адбудоўвалі ў першапачатковым выглядзе.

Калі трапіць унутр, кантраст са стрыманым фасадам проста ўражвае. За аскетычнымі сценамі хаваецца светлы і ўтульны інтэр’ер з каштоўнымі артэфактамі.

Вакол касцёла агароджа з буйнога бутавага каменю, а перад уваходам трохаркавая брама.


Дарэчы, у 1924 годзе пробашчам тут служыў вядомы беларускі святар і грамадскі дзеяч Вінцэнт Гадлеўскі, які адным з першых пачаў праводзіць набажэнствы і імшы па-беларуску.

Храм дзейны і адкрыты для ўсіх ахвочых, ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:
Калі шлях вас занясе ў Жодзішкі, абавязкова прагуляйцеся да старога вадзянога млына на рацэ Вілія і паглядзіце на будынак былога езуіцкага калегіума (некалі – сядзіба Патоцкіх і Мілашэўскіх), які месціцца літаральна побач з касцёлам. У гэтым краі будзе таксама цікава наведаць неагатычны касцёл у вёсцы Шыманелі (Нястанішкі).










