Па шляху са Смаргоні ў Крэва варта звярнуць увагу на руіны ў мястэчку Наваспаск. Гэтыя разваліны калісьці былі старажытным храмам – спачатку ўніяцкім, затым праваслаўным, а магчыма нейкі час і каталіцкім. Царкву тутака пабудавалі яшчэ ў другой палове 18 стагоддзі, па ініцыятыве манахаў базыльянскага ордэна і фінансавай падтрымцы шляхціца Букатага.


Першапачаткова царква ў Наваспаску (у многіх крыніцах маёнтак “Суцькава”) была ўніяцкай, зрэшты як і многія храмы таго часу. Будаўніцтва царквы ішло вельмі доўга і марудна, агулам заняло каля – 35 гадоў. Архітэктура храма здзіўляла сваёй нетыповасцю. Нават падмурак заклалі не з бутавых каменёў, а з той жа чырвонай цэглы, што і сцены.


Уніяцкім храм у Наваспаску заставаўся нядоўга. Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай уніяцтва на тэрыторыі сучаснай Беларусі хутка губляла свае пазіцыі. Таму ўжо ў першай палове 19 стагоддзя будынак выкарыстоўваўся як праваслаўная царква. Цалкам імаверна, што тады ж часткова ён быў перабудавана па традыцыях архітэктуры праваслаўя.


Праваслаўнай Спаса-Праабражэнская царква заставалася да пачатку Першай сусветнай вайны. Яшчэ да баявых дзеянняў былі размовы перарабіць храм у касцёл, але гісторыя распарадзілася інакш. Побач з месцам, дзе фактычна стаіць храм, прайшла лінія фронту. Да таго ж царква размяшчаецца на ўзвышшы, таму нядзіўна, што “раны” ад куль і снарадаў былі сур’ёзныя. Да 1917 года будынак быў цалкам разбураны.


Пасля заканчэння вайны Наваспаск быў у складзе Міжваеннай Польшчы і таму зноўку паўстала пытанне аб будаўніцтве касцёла, але мясцовыя жыхары не ўспрынялі гэтую ідэю з вялікім энтузіязмам. Выдзяляць грошы на аднаўленне праваслаўнага храма таксама не сталі. Таму ў выніку вырашылі пакінуць пытанне па Спаса-Праабражэнскай царкве да лепшых часоў, якія як зараз відаць, так і не надышлі.


З часам будынак толькі мацней прыходзіў у заняпад, а цэглу пачалі расцягваць для будаўніцтва іншых аб’ектаў. Усё, што засталося ад царквы, можна ўбачыць на фота. Але трэба адзначыць, што нягледзячы на зруйнаваны стан, былая царква выглядае дужа маляўніча.

Зразумела, што ў такога шыкоўнага месца проста не магло быць сваёй вясковай легенды з багаццем і прывідам. Так хадзілі чуткі, што вялізны скарб, замураваў у мурах яшчэ сам пан Букаты пры будаўніцтве храма. Такім чынам ён “схаваў” вялікую суму для будучага аднаўлення царквы (маўляў прадчуваў што разбураць). А ўсе хто шукаюць скарб без добрай мэты – сустрэнуць толькі прывід злога пана, які і пільнуе сваё багацце.

Мяркуючы па ўсім, скарб даўно знайшлі і выдаткавалі на іншыя мэты, – відаць прывід не збярог. У 2000 годзе побач з руінамі пабудавалі невялічкую цэркаўку, яе фота ніжэй:

Знайсці руіны будзе проста, яны добра бачныя з трасы, а ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Недалёка ад гэтых мясцін можна наведаць музей у Залессі, а таксама ўбачыць легендарны Крэўскі замак.








