Сённяшнія Ахрэмаўцы ў Віцебскай вобласці – гэта сярэдняга памеру аграгарадок, які размяшчаеце ля возера Дрывяты. Гісторыя ў мястэчка сапраўды даўняя і цікавая, пра якую дакладна хочацца расказаць. Са славутасцяў тут трэба абавязкова адзначыць капліцу-пахавальню роду Плятэраў. Аднак яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя, гэтыя мясціны былі вядомы як маёнтак Бяльмонт з вялізным паркам, палацам і дамавой капліцай, якая хутчэй нагадвала касцёл (з 1976 года, Бяльмонты аб’яднаны з Ахрэмаўцамі ў адное). І калі пейзажны парк, які раскінуўся на плошчы ў 65 гектараў, (на той момант верагодна самы вялікі сядзібны парк Беларусі) часткова захаваўся, то ад палаца не засталося нават і адбітка.


Блытаная гісторыя палаца і падзеі вакол маёнтка
Некалькі стагоддзяў таму гэтая мясцовасць насіла зусім іншую назву – Альгердаўшчына. Пазней, перайшоўшы ва ўладанне роду Ахрэмовічаў, пачала звацца па іхняму прозвішчы – Ахрэмаўцы. Затым гаспадары і ўладары зменьваліся, а вось назва заставалася. Безумоўна трэба адзначыць Яна Гільзена, аднаго з найбагацейшых людзей гэтага рэгіёна (яму належала дарэчы і Асвея). Пры ім і ягонай жонцы, Канстанцыі з Броэль-Плятэраў, імаверна і пачалося будаўніцтва палаца.

У 1798 годзе Гільзены прадалі свой бяльмонцкі ключ за велізарныя грошы Мікалаю Мануцы, а гэта быў даволі вядомы авантурыст свайго часу, які здолеў сабраць у сваіх руках сапраўднае багацце. Няглядзячы на ўсе плёткі вакол гэтага чалавека, Мануцы быў выдатным гаспадаром і адміністратарам, хоць і быў вельмі далёкім ад высакародных ідэалаў, якіх прытрымліваліся Гільзены.

Цікавы факт пра палац пры Мануцы. Так у верасні 1811 года сюды прыязджаў знакаміты віленскі доктар Юзаф Франк, якога выклікалі да хворай Канстанцыі Плятэр-Мануцы. Франк быў у захапленні ад гэтага “чароўнага кутка”, але больш за ўсё яго пацешыў прыдворны этыкет у Бяльмонце. Ролю камергераў пры двары выконвалі некалькі збяднелых шляхціцаў з суседства. Спадары Мануцы, якія карысталіся графскім тытулам, з’яўляліся перад гасцямі толькі да абеду. За сталом госці маглі размаўляць толькі паўголасам і толькі з найбліжэйшымі суседзямі. Пасля абеду ўсе станавіліся ў паўкола, а гаспадары па чарзе падыходзілі да кожнага з ветлівым словам, пасля чаго сыходзілі ў свае апартаменты. У палацы таксама праходзілі канцэрты мясцовага аркестра, а ў хоры спявалі дзяўчаты з пансіёну, які падтрымлівала графіня.

Дзякуючы ажно тром малюнкам Напалеона Орды, якія былі зроблены з натуры ў 1876 годзе, а таксама некалькім міжваенным фотаздымкам, сёння можна ўявіць як выглядаў палац да канчатковага разбурэння.

Гэта быў вельмі працяглы і параўнальна вузкі двухпавярховы будынак у форме прамавугольніка. Верхні паверх, прызначаны для прыёмаў і баляў, быў значна вышэйшы за ніжні. Палац не меў высокага цокаля, але стаяў на магутных скляпеністых сутарэннях, якія былі значна старэйшыя за сам будынак.

Галоўны фасад меў тры рызаліты: трохгранны цэнтральны (дзе размяшчалася бальная зала на ўсю шырыню будынка з пяццю велізарнымі вокнамі) і два неглыбокія па баках. У правым тарцы будынка ў 1818 годзе быў дабудаваны магутны паўкруглы рызаліт для капліцы. Усе фасады завяршаліся дэкаратыўным атыкам.


У 1860 годзе бяльмонцкія ўладанні налічвалі каласальныя 55 000 гектараў, але былі моцна абцяжараны даўгамі. Грошай на аднаўленне велізарнага згарэлага палаца не было, таму руіны пакінулі разбурацца (што мы і бачым на малюнка Напалеона Орды). Аднак Фелікс Плятэр энергічна заняўся гаспадаркай. Пры ім балоцістыя лясы былі прарэзаны сплаўнымі каналамі. Было заснавана цэлае прамысловае паселішча – Плятэрава, дзе дзейнічалі аптэка, працавалі фельчары і тры дзіцячыя прытулкі. Пад сваё жыллё Плятэры прыстасавалі вялікі будынак непадалёк ад палаца (верагодна, гэта быў былы пансіён для дзяўчат або адміністрацыйны корпус). Будынак паступова пашыраўся і да 1914 года налічваў ужо каля 60 пакояў і дзесяць простых ганкаў, хоць і не меў нейкага вызначанага архітэктурнага стылю.

На жаль, у 1915 годзе, перад надыходам нямецкіх салдатаў, бібліятэка, архівы і самыя каштоўныя калекцыі былі вывезены ў Пецярбург, адкуль яны так і не вярнуліся. Астатнія рэчы згарэлі разам з будынкам.

Пасля 1920 года Плятэры пабудавалі ў іншым месцы вельмі сціплую драўляную сядзібку. Дзе дакладна – невядома, але і той будынак да нашага часу не дайшоў. Маляўнічы парк Бяльмонт – гэта адзінае, што перажыло ўсе пажары і войны і часткова захавалася аж да 1939 года (хоць і ў напаўдзікім стане).

А што з капліцай-пахавальняй каля дарогі?
Сёння, у Ахрэмаўцах, цікавей паглядзець прыгожую пабудову, якая з’яўлялася фамільная капліцай Плятэраў і магчыма Мануцы.

Датуецца яна 1858 годам, па архітэктуры нагадвае паменшаны варыянт нейкага неагатычнага касцёла.

Паабапал ад могілак захаваліся пабудовы з бутавага каменю. Па форме нечым падобныя да вартоўні ці магчыма касцяніцы (костніцы).


Агароджа, як і капліца, – цагляная з дэкаратыўнымі аркамі і брамай.

Капліцу-пахавальню роду Плятэраў можна знайсці каля трасы Р3, на ўчастку які злучае Браслаў і Шаркаўшчыну. Ніжэй ёсць адзнака з размяшчэннем цікавосткі на мапе:
Калі ехаць у гэты край з Мінска, то па дарозе можна зрабіць прыпынак у горадзе Глыбокае, а таксама заехаць да касцёлу ў Мосары.










А вось пікантны факт, які прачытаў у кнізе ўспамінаў (можа і лухта): граф Мануцы меў уласны “гарэм”, які складаўся з хлопчыкаў. Такі лад жыцця быў спробай імітаваць побыт царскай рэзідэнцыі ў Пецяргофе. Так доктар Юзаф Франк пасля свайго візіту ў Бяльмонты згадваў, што каб сабраць грошы на ягоны ганарар (400 франкаў і каштоўны кішэнны гадзіннік), слугам нібыта прыйшлося адабраць у мясцовых сялян усіх курэй і прадукты, прадаць іх у бліжэйшым мястэчку і толькі так разлічыцца з лекарам. Хутчэй за ўсё, гэта была проста выдуманая доктарам кпіна, але яна добра паказвае кантраст паміж бляскам палаца і рэальным жыццём вакол яго.