Невялікая вёска Мосар, у Віцебскай вобласці, даволі добра вядома беларускім вандроўнікам і турыстам, бо тутака знаходзіцца касцёл Святой Ганны з шыкоўным пейзажным паркам у якім мноства розных скульптур і дэкаратыўных акцэнтаў.


Гісторыя і апісанне храма ў Мосары
Само мястэчка Мосар згадваецца ў гістарычным летапісе яшчэ ў пачатку 16 стагоддзя, як валоданне Юрыя Зяновіча. Аднак касцёл быў збудаваны значна пазней, у канцы 18 стагоддзя, калі гэтыя землі належалі Бжастоўскіх. Пры іх дарэчы таксама быў узведзены і багаты палац, які на жаль, да нашых дзён не захаваўся, быў амаль цалкам знішчаны ў 1920 годзе.

Мосарскі касцёл датуецца 1792 годам, аднак быў асвячоны значна пазней – толькі ў 1851 годзе. У ягоным архітэктурным плане дамінуе стыль класіцызм, а вось сам будынак храма даволі просты і нават сціплы: двухсхільны дах, з класічным трохкутным франтонам. Храм мае строга прамавугольны план, будынак падзелены плоскімі мураванымі сценамі на тры функцыянальныя часткі.

Галоўны фасад аздоблены пілястрамі, а з абодвух бакоў ад увахода ўстаноўлены скульптуры святых.


Касцёл Святой Ганны звычайна адкрыты, таму калі прыехаць у працоўны час, можна ў жывую паглядзець інтэр’ер гэтага храма.

Сцены ўпрыгожаны 14 гарэльефнымі кампазіцыямі “Крыжовага шляху Хрыста”, а пад хорамі захаваліся мемарыяльныя таблічкі ў памяць аб фундатарах касцёла.


У аздобе інтэр’ера, перакрытага люстэркавым скляпеннем, выкарыстаны спараныя пілястры карынфскага ордэру з магутным антаблементам, фрыз якога ўпрыгожаны трыгліфамі і ляпнымі гірляндамі. Атмасфера ў касцёле таксама вельмі асаблівая, дакладна раю зазірнуць.

У храме ёсць і свая святыня – мошчы Святога Юстына, якія дастаўлены ў Мосар яшчэ ў 1838 годзе. Па чутках, рэшткі прывозілі і ў некалькі іншых храмаў паблізу, але менавіта ў Мосары коні быццам бы застопарыліся і не паехалі далей. Вернікі прынялі гэта за знак і пакінулі мошчы ў касцёле Святой Ганны.

Перад уваходам на тэрыторыю касцёла ёсць тры значныя пабудовы, якія аб’яднаныя каменнай агароджай.

Так праваруч узвышаецца вежа-званіца, збудаваная ў 1931 годзе. Яна дарэчы замяніла простую металічную.


Каля падмуркаў месціцца старажытны каменны крыж.


Цэнтральнае месца кампазіцыі займае трохарачная брама, якая адносіцца да канца 19 – пачатку 20 стагоддзя.


А вось злева размяшчаецца так бы мовіць самая новая частка касцёла ў Мосары і гэта багатая капліца-брама. Дарэчы, гэты аб’ект з’яўляецца своеасаблівай копіяй “Вострай брамы” у Вільні.

З боку франтона ёсць надпіс на латыні: “Mater Misericordiae”, што азначае – “Маці Міласэрнасці”, а над ім сімвал вока ў трыкутніку з промнямі сонца – “Усёвідушчае вока”.

А вось такі роспіс на сценах капліцы.

Чым яшчэ цікавы касцёл у вёсцы Мосар?
Вёска Мосар сапраўды прыцягвае турыстаў і адна з прычын гэтага – тэрыторыя касцёла, якая з’яўляецца сапраўдным паркам. Да 1990 года, касцёл Святой Ганны хоць быў гістарычнай славутасцю, але асабліва нічым не вылучаўся сярод іншых касцёлаў у Беларусі. Многае змянілася, калі пробашчам касцёла ў Мосары стаў Юозас Вінцэвіч Булька. Менавіта пры ім была пабудавана брама-капліца, закладзены пейзажны парк, створаны музей і акультурана тэрыторыя вакол усяго мястэчка Мосар.

У жніўні 2005 года перад касцёлам урачыста ўсталявалі помнік Яну Паўлу II.

У цэнтральнай частцы парку знаходзіцца мясцовая інтэрпрэтацыя работы “П’ета”, якая была выканана Мікеланджэла Буанароці ў 1499 годзе. Мосарскі варыянт вельмі падобны на арыгінал, адрозніваецца ў асноўным размяшчэннем і прапорцыямі Езуса.


Прагуляўшыся па парку вы знойдзеце мноства прыемных дробязяў, якія прыемна цешаць вока. Тут складана апісаць усе акцэнты гэтага аб’екта, упэўнены, што кожны адшукае нешта цікавае асабіста для вас.

Ад Мінска вёска Мосар знаходзіцца за 180 кіламетраў, дарога на машыне зойме каля 2,5 гадзін. Па трасе М3 трэба даехаць да пасёлка Бягомль (тут можна паглядзець руіны царквы), далей рушце на дарогу Р3 да горада Глыбокае. Адтуль да Удзела, ну так па паказальнікам далей вы і даберацеся да касцёла Святой Ганны. Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:
*Калі ў вас няма свайго транспарту, то вы можаце заказаць экскурсію па касцёлах Віцебскай вобласці. У гэтай экскурсіі абавязкова будзе наведванне і касцёла ў Мосары. Яшчэ раю заехаць да храму ў мястэчку Лучай, там вас чакае сапраўды багаты роспіс.








