Невялічкі фальварак Кунцаўшчына (на старых картах Кунцаўшчызна) – гэта яшчэ адзін маёнтак роду Вайніловічаў, своеасаблівае лецішча побач з асноўнай сядзібай Макраны. Гісторыя развіцця гэтага места цесна звязана з Ксаверыем Вайніловічам, які ў 1883 годзе зладзіў сапраўдны тэхналагічны “Бум” у Кунцаўшчыне.

Са старых пабудоў тутака сёння можна ўбачыць аднапавярховы цагляны будынак (былы флігель). Таксама ёсць двухпавярховы будынак – гэта дом кіраўніка, розныя руіны гаспадарчых пабудоў і вялікі бровар. Парк, закладзены яшчэ пры Вайніловічах, цалкам страчаны, захавалася толькі некалькі асобных дрэў.


Лёс Кунцаўшчыны цесна звязаны з гісторыяй сядзібнага комплексу Макраны і сапраўды сумны. Умовамі Рыжскай дамовы 1921 года, частка маёнтка (сёння гэта Чырвоная Дубрава) засталася за Савецкім саюзам, а іншая частка (Кунцаўшчына) увайшла ў склад міжваеннай Польшчы. Мяжа гэтага пагаднення пралегла амаль па сярэдзіне, недалёка ад царквы Казанскай іконы Маці Божай (дарэчы, гэта яшчэ адна цікавостка).

Пасля таго як у 20-ыя гады, 20 стагоддзя, бальшавікі прыйшлі ў Макраны, Іосіф Вайніловіч, адзіны сын Ксаверыя, перабраўся з сям’ёй у фальварак Кунцаўшчына, дзе ў адносным спакоі змог жыць да 1939 года.



У 1940 годзе Іосіф быў арыштаваны, знайсці аргументаваную падставу для гэтага не здолелі, таму адправілі ў сібірскі лагер як “нядобранадзейнага элемента”. Пакінутая ў адзіноце жонка Ганна загінула ў 1942 годзе ад рук рабаўнікоў, якія прыйшлі ў ейны дом за скарбамі. Яна была апошнім прадстаўніком роду Вайніловічаў з некалі багатага маёнтка Макраны.



Пабудовы фальварку часткова спалены яшчэ падчас вайны, лепш за ўсё ацалеў будынак старога бровара з цэглы – той самы гонар Вайніловічаў.

На фасадзе можна разгледзець памятную дату завяршэння будаўніцтва – 1906 год, герб і ініцыялы Ксаверыя Вайніловіча.


Апроч былога маёнтка, можна ў вёсцы Кунцаўшчына паглядзець і царкву Казанскага абраза Маці Божай. Гэта невялікага памеру драўляны храм 19 стагоддзя, побач з якім месціцца каплічка. Верагодна гэты храм будаваўся яшчэ як уніяцкі, а толькі потым стаў праваслаўным. Па архітэктуры пабудова даволі простая і без адмысловых дэкаратыўных вынаходстваў, вылучаюцца толькі некаторыя дэталі.

Напрыклад над уваходам у царкву звярніце ўвагу на разьбянога херувіма.

Па суседстве з царквой стаіць капліца, таксама збудаваная з дрэва. Шпіль на даху завершаны каваным флюгерам з выявай Маці Божай, а ўнутры захоўваецца ўнікальнае распяцце, зробленае па народных і ўніяцкіх традыцыях.


Каб дабрацца да вёскі Кунцаўшчына з трасы Р43 з’язджайце на дарогу H8472 і рухайцеся праз Лазавічы. Былы маёнтак будзе ў самым канцы мястэчка. Знайсці царкву таксама будзе проста, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Калі будзеце ў гэтым краі, раю абавязкова заехаць у Чырвоную Дубраву (Макраны). Там можна паглядзець руіны храма Святога Георгія, крыпту Вайніловічаў і занядбаны масласыразавод.









