Росіца – гэта сярэдняга памеру вёска ў Верхнядзвінскім раёне, бадай што на самай мяжы з Латвіяй. Мястэчка стаіць досыць далёка ад буйных гарадоў і яно дакладна не самае папулярнае ў турыстычным плане. Але ж дарма, бо тутака знаходзіцца цікавы прыклад архітэктуры мінулага стагоддзя – касцёл Найсвяцейшай Тройцы.


Само мястэчка досыць старое і месціцца ўздоўж аднайменнага возера Росіца. Першыя пісьмовыя згадкі адносяцца да сярэдзіны 16 стагоддзя, тады гэтыя землі і навакольныя маёнткі належалі Давыду Росіцкаму. Прозвішча дае нам падказку, што магчыма менавіта ад гэтага роду і пайшла сама назва “Росіца”.

Той храм, што можна паглядзець сёння, часам называюць “Новы”, а вось першапачатковы драўляны касцёл у Росіцы, быў пабудаваны Мікалаем Лапацінскім у 1792 годзе. Па сутнасці, гэта быў невялікі касцёл з двума асобнымі цаглянымі вежамі (глядзіце фота ніжэй).

Ідэю будаваць вялікі мураваны касцёл прасунуў ксёндз Тэадор Кулікоўскі. Грошы збіралі як з мясцовай парафіі, так і на ахвяраванне, аднак найбольшую частку выдаткаў на будаўніцтва ўзяў на сябе спадар Станіслаў Лапацінскі. Дарэчы, калі ўважліва паглядзець старыя фота, то будзе бачна, што храм будавалі так, каб левая вежа стала падмуркамі новага касцёла.

Будаўніцтва касцёла ў Росіцы ішло даволі хутка. Першы камень быў закладзены ў 1906 годзе, а сам храм цалкам скончылі ў 1912 годзе. Агулам работы працягваліся пяць гадоў з двухгадовым перапынкам з-за недахопу сродкаў. Касцёл быў пабудаваны ў чыстым неараманскім стылі. Гэта вялізарны, велічны і прасторны храм.

Даволі цікавы факт: стары храм у Росіцы, выкарыстоўвалі да самага канца будаўніцтва, а калі яно скончылася, драўляную святыню разабралі і прадалі на будаўнічы матэрыялы млынару.

Калі зазірнуць унутр, касцёл можа падацца досыць сціплым, так было і ў першыя гады. Вялікую прастору так і не змаглі прыгожа аздобіць, а алтары, якія набыў яшчэ ксёндз Кулікоўскі, выглядалі замалымі для гэтага велічнага храма.


У канцы Першай сусветнай вайны, касцёл прымусова зачынілі, аднак з будынкам нічога дурнога не рабілі і літаральна праз пару год, храм зноўку быў дзейным. Аднак як разумееце толькі да 1939 года.

Другая сусветная вайна для Росіцы стала самым жахлівым часам. Так падчас нямецкай карнай аперацыі “Зімовае чараўніцтва” у 1943 годзе, вёска стала цэнтрам знішчэння мірнага насельніцтва. Тады ж былі забіты і каталіцкія ксяндзы-марыяны Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра, якія адмовіліся пакінуць сваіх вернікаў. У тыя жудасныя часы, нацысты і латышскія паліцэйскія зганялі ў мясцовы касцёл жыхароў суседніх вёсак, адкуль частку накіроўвалі ў канцлагер Саласпілс.

Пасля вайны будынак касцёла аддалі пад патрэбы мясцовага клуба, цалкам імаверна, што для гэтай нагоды знеслі вежы. Калі пабудова пакрысе стала прыходзіць у заняпад, тут размясціліся стайні і склад для збожжа. Вернікам храм павярнулі толькі ў самым канцы 80-ых.


Як добра бачна па фота, кацёл у Росіцы аднавілі, аднак з вежамі пытанне так і не змаглі вырашыць. Па выніку яны засталіся рознага памеру і быццам бы спілаванымі. Росіцкі касцёл – гэта яркі помнік архітэктуры неараманскага стылю, аднак часам яму прыпісваюць і рысы неагатычнага стылю, на маю думку – гэта памылкова.

Храм мае тры нефа, шырокую 5-гранную апсіду з бакавымі сакрысціямі. Фасад складанай формы, візуальна складаецца з 3 частак, дзе асабліва вылучаецца акно-трыфорыум. Будынак багаты на розным дэкаратыўныя элементы і цікавосткі – выглядае дужа цікава і незвычайна.

Ніжэй кропка з адзнакай гэтай славутасці на мапе:
У гэтым краі будзе таксама цікава паглядзець неагатычны храм у мястэчку Сар’я. Раю яшчэ заехаць і да досыць незвычайнага чыгуначнага вакзала ў Бігосава.










