Міжэрычы (гістарычная назва – Межырэч, а на рускай мове – “Мижеричи”) знаходзіцца ўсяго за 17 кіламетраў ад Зэльвы. Гэтае мястэчка вядома яшчэ з другой паловы 15 стагоддзя і на працягу сваёй гісторыі змяніла нямала славутых уладальнікаў: ад Нацовічаў і Ільінічаў да роду Клочкаў і вялікага канцлера літоўскага Міхала Сервацыя Вішнявецкага. Сёння сюды варта завітаць, каб пабачыць шыкоўны неагатычны касцёл, праваслаўны храм з інтрыгуючай легендай і старадаўнія хрысціянскія могілкі.

Міжэрычы Беларусь

Каталіцкая парафія ў Міжэрычах досыць старая, створана яшчэ ў 1533 годзе. А першы касцёл збудавалі па фундацыі Войцеха Клочкі ў 1622 годзе. Мяркуецца, што менавіта тады сюды прывезлі абраз Маці Божай Міжэрыцкай, які лічыцца цудадзейным і глыбока шануецца вернікамі да гэтага часу.

Міжэрычы Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі

Сучасны мураваны касцёл у стылі неаготыкі быў пабудаваны ў 1912 годзе. Праект храма распрацаваў таленавіты дойлід – Вільгельм Аўгуставіч Срока.

Міжэрычы касцёл

За савецкім часам касцёл быў зачынены і прыстасаваны пад вясковую краму і склад. У 1989 годзе яго вярнулі каталікам, пачалося аднаўленне.

Міжэрычы архітэктура

Унутры касцёла Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі знаходзіцца каштоўны арган, які быў створаны невядомым майстрам яшчэ ў 1784 годзе (арган перанесены са старога драўлянага касцёла).

Міжэрычы вёска

Адначасова з касцёлам у Міжэрычах з’явіўся і праваслаўны храм – царква Святой Ганны, якая была пабудаваная ў 1904 годзе ў рэтраспектыўна-рускім стылі.

Міжэрычы царква

Сярод мясцовых жыхароў існуе папулярная легенда, што першапачаткова на гэтым месцы пачалі будаваць каталікі свой касцёл і нават вывелі сцены да ўзроўню вокнаў. Аднак царскія ўлады забаранілі працягваць будаўнічыя работы, забралі ўчастак і аддалі яго пад праваслаўную царкву, а каталікам выдзелілі іншую зямлю (дзе цяпер і стаіць неагатычны храм). У 1950-я гады царкву зачынілі і ператварылі ў збожжасховішча, вернікам будынак вярнулі напрыканцы савецкай эпохі – у 1987 годзе.

Міжэрычы могілкі

Трэцяй важнай славутасцю Міжэрычаў з’яўляюцца мясцовыя хрысціянскія могілкі, на якіх стаіць старадаўняя брама, якую збудавалі напачатку 20 стагоддзя. Яна выкладзена з вялікіх прыродных камянёў, аркавыя праёмы аздоблены чырвонай цэглай. На саміх могілках захавалася шмат архаічных каменных надмагілляў і помнікаў 19 – пачатку 20 стагоддзяў.

Міжэрычы брама

Міжэрычы вельмі зручна наведваць разам з іншымі славутасцямі Зэльвенскага раёна. Ніжэй кропка з адзнакай касцёла на мапе:

Недалёка ад вёскі Міжэрычы, можна таксама паглядзець былы гаспадарчы двор Мештавічы. Яшчэ адна вартая цікавостка – сядзіба “Жорна” у мястэчку Аляксандраўшчына.

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here