Мястэчка Зэльва знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці, на рацэ Зэльвянка, а першыя пісьмовыя звесткі адносяцца яшчэ да сярэдзіны 15 стагоддзя. Адна з цэнтральных цікавостак Зэльвы – шыкоўны касцёл Святой Троіцы, які добра бачны яшчэ на пад’ездзе да гарадскога пасёлка.


Зэльвенскі касцёл для Беларусі досыць нетыповы, – ён двухвежавы, з увагнутым дахам. На тэрыторыі храма разбіты пейзажны парк, які сам па сабе варты асобнай увагі.


Храм будаваўся ў некалькі этапаў, пачынаючы з 1905 года, калі ксёндз Людвік Клюк прыехаў у мястэчка Зэльва. Усе работы па ўзвядзенні Траецкага храма скончылі да 1913 года.

У архітэктуры Зэльвенскага касцёла дамінуе неаготыка, але ёсць рысы і неараманскага стылю. Храм пабудаваны з жоўтай цэглы, што можна назваць тыпавым рашэннем для неагатычных касцёлаў першай паловы 20 стагоддзя. Званіцы храма завершаны высокімі шпілямі. Пяцігранная апсіда і бакавыя сцены ўмацаваны контрфорсамі.


Дэкор і інтэр’ер касцёла ў Зэльве досыць стрыманы і нават строгі, што дзесьці набліжае яго да сярэднявечных раманскіх аналагаў. У касцёле ёсць і свая ўнікальная святыня, – гэта крыж з надпісам “на памяць касцёлу ў Зэльве”, які прывёз яшчэ першы ксёндз храма, той самы Людвік Клюк.


Пад час Першай сусветнай вайны храм у Зэльве не пацярпеў, гэта добра бачна на старых фота і паштоўках тых часоў.


А вось Другая сусветная храм не пашкадавала, пад абстрэламі абрынаўся дах, былі пашкоджаны вежы і сцены касцёла.


У 1950 годзе касцёл у Зэльве прымусова закрываюць. За савецкім часам у сценах будынка працуе прадуктовая крама, апасля храм выкарыстоўваюць пад склад, а затым надыходзіць перыяд поўнага запусцення.

Толькі праз 40 гадоў храм павярнулі вернікам, якія аднавілі будынак і адкрылі яго для ўсіх ахвочых.

Зэльва знаходзіцца прыкладна за 40 кіламетраў ад Слоніма, касцёл з’яўляецца дамінантай гарадскога пасёлка, размяшчаецца на вуліцы 50 гадоў УЛКСМ, ніжэй адзнака на мапе:
Таксама па дарозе можна будзе заехаць у Сынкавічы і паглядзець абарончы храм.










