Мястэчка Аляксандраўшчына (па руску – Александровщина) калісьці даўно ўваходзіла ў склад так званай Малой Зэльвы і згадваецца ў пісьмовых крыніцах ажно ў 1503 годзе. У тыя часы гэтыя землі былі за Станіславам Кезгайла, але з таго часу шмат чаго змянілася і згубілася. Аляксандраўшчына, ці калі дакладней – “Жорна” (у некаторых крыніцах “Жэрна“) бо менавіта пра гэты маёнтак далей пойдзе гаворка, зменьвала гаспадароў безліч разоў, усіх нават і складана згадаць. Але тутака захавалася вельмі цікавая сядзіба 19 стагоддзя, а пра яе дакладна трэба распавесці падрабязней.

Хто збудаваў гэтую сядзібу – дакладна адказаць складана, але часам сустракаецца дата – 1859 год. Ці так яно было?

Магчыма фармавацца маёнтак у сучасных межах пачаў яшчэ пры Антоніі Юдзіцкім, але наўрад ці той часта бываў у гэтым краі. Нейкі час гаспадарылі тут Пузыны, але пры іх хутчэй за ўсё мураванага будынку не было. Цалкам імаверна, што першую сядзібу ў Аляксандраўшчыне збудавалі Бутаўт-Андрэйкавічы, якім мястэчка як раз належала ў сярэдзіне 19 стагоддзя. Прадстаўнікі гэтага роду былі дужа заможныя, таму маглі злёгку паставіць тут нейкі дамок і нават не жыць у ім (а здаваць у рэнт, як яны напрыклад рабілі з сядзібай “Багудзенкі” у Поразава). Але ж, у 1863 годзе ў іх маёнтак канфіскавалі, а ў спісе землеўладальнікаў за 1872 годзе з’яўляецца нейкая Яўстафія Белянкова.

Ці магла спадарыня Белянкова збудаваць такую сядзібу? Цалкам імаверна, што так. Па першае даты адпавядаюць як стылістыкі самой сядзібы (будынак прыклад стылю неакласіцызм з эклектычнымі адгалінаваннямі, што няблага прасочвалася ў сядзібнай забудове ў канцы 19 стагоддзя), так і часу калі ўласніцай была Белянкова.

Але тут не ўсё так проста, як хацелася бы, бо дзесьці ў самым канцы 19 стагоддзя і ажно да 1914 года маёнткам валодала Любоў Азёрава. Як разумееце, яна таксама злёгку магла быць заказчыцай гэтага палыцыка, ну ці як мінімум зрабіць грунтоўную перабудову старога дома.

Ну і каб дадаць яшчэ крыху блытаніны, згадаем спадарыню Лізавету з Мураўскіх. Чаму? Бо вакол Аляксандраўшчыны было яшчэ 5-7 маёнткаў з той самай назвай Жорна (Жэрна, Горна), а адзін з іх як раз такі будавалі па загаду Мураўскіх. Мо як раз той пра які я зараз і пішу? Чаму і не.

Сядзіба месціцца крыху на ўзвышшы, над ракой Мяштоўка. Будынак аднапавярховы, са складанай і вельмі прыгожай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй. Бачна, што архітэктары натхняліся нейкімі рэнесанснымі віламі ў далёкім замежжы. Цэнтральны аб’ём сядзібы крыху пададзены наперад і завяршаецца мансардай пад двухсхільнай страхой (сёння значна перабудаваная).

Бакавыя аб’ёмы будынка маюць вялікія паўкруглыя вокны, падобныя ёсць і з паркавага боку.

Леваруч ад ракі размяшчаўся гаспадарчы двор, а з іншага боку стаяла яшчэ афіцына, пейзажны парк і капліца. Пра капліцу вядома няшмат, яна не захавалася, была разабрана прыкладна ў 1950 годзе. Але згадваецца цікавы факт: труны, якія вырабленыя з цынкавай ці меднай бляхі, у крыпце былі падвешаны на ланцугах або стаялі на дубовых падстаўках. Збудавалі яе магчыма Пузыны ці Мараўскія.

А што было з сядзібай далей? На базе часткі былога маёнтка, яшчэ ў 1934 годзе стала працаваць Летняя калонія для дзяцей школьнага ўзросту з Германіі, а таксама школа для дзяцей з бедных сем’яў. Крыху пазней – Беларускі народны каледж з гадавым і паўгадавым тэрмінам навучання. У ім вучыліся правілам вядзення сельскай гаспадаркі.

Пад час Другой сусветнай вайны ў сценах сядзібы разгарнуўся нямецкі гарнізон. У пасляваенныя гады і ажно да 2004 года, будынак выкарыстоўвалі пад патрэбы мясцовай школы.

Затым настаў даволі складаны час, бо з аднаго боку сядзібу спрабавалі аднавіць і прыстасаваць пад турыстычны комплекс, а з іншага – лёс склаўся інакш.


Так у нейкі момант будынак перайшоў да прыватнага ўласніка, а музей які месціўся ў будынку – пераехаў “пад адкрытае неба”.

Аховай таго што засталося (як фізічна, так і ў гістарычным сэнсе) займаецца Валянціна Мікалаеўна – былая настаўніца, а затым і дырэктарка школы ў Аляксандраўшчыне.

Чалавек гэты сапраўды цікавы, сучасны, які багата ведае як пра саму сядзібу, так і пра ейны шлях у розныя перыяды, некаторыя з якіх Валянціна Мікалаеўна цалкам застала.


Таму калі зберацеся паехаць паглядзець на стары маёнтак, паспрабуйце асцярожна зазірнуць у суседні ад сядзібы дом, мо там будзе спадарыня Мікалаеўна і ў яе будзе час правесці вам аглядную экскурсію, – гэта таго варта.


Ніжэй кропка з месцам дзе знаходзіцца сядзіба:
Раю таксама паехаць паглядзець на касцёл у Зэльве і маёнтак Падароск.










