Каля вёскі Вялікія Тупалы, Карэліцкі раён, знаходзіцца ўнікальны геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння – кангламераты “Смольчыцкія”.


Гэта гіганцкія каменныя глыбы ледавіковага паходжання, якія ўтварыліся прыкладна каля 15 000 гадоў таму падчас адыходу апошняга ледавіка.


З геалагічнага пункту гледжання, такі кангламерат – гэта трывалая горная парода, якая складаецца з рознакалібернай галькі, жвіру і валуноў, якія літаральна “зацэментаваныя” прыродным растворам (глінай) пад уплывам каласальнага ціску ледавіка.


Сярод дрэў месцяцца велічныя шэрыя камяні, якія сваёй незвычайнай тэкстурай і памерамі звонку нагадваюць руіны старажытнага замка альбо разбураныя часам муры. Імхі і расліннасць на іх паверхні толькі дадаюць месцу нейкай асаблівай таямнічасці.


Усяго ў гэтым пункце (тэрыторыя старога рэкультываванага кар’ера, які ўжо моцна парос дрэўцамі) захавалася 7 вялізных глыб. Самы буйны з мясцовых кангламератаў сапраўды ўражвае сваімі памерамі – розныя вандроўнікі ацэньваюць ягоную вышыню ад двух да трох паверхаў. Таўшчыня асобных слаёў у гэтай глыбы дасягае паўтары метра!


У Беларусі ёсць некалькі падобных кангламератаў (напрыклад, знакаміты Ракаўскі кангламерат каля трасы М6). Аднак кангламераты пад Карэлічамі ў дзясяткі разоў большыя за іх. Гэтыя глыбы схаваны ў лесе каля паўночна-ўсходняй ускраіны вёскі Вялікія Тупалы. Ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
У гэтым краі будзе таксама цікава паглядзець руіны царквы ў мястэчку Беразавец і заехаць да Райцы.










