Калі вы думаеце, што самыя яркія і незвычайныя птушкі сустракаюцца толькі ў экзатычных краінах, то вось для вас яркае выключэнне. У апошнія гады на вадаёмах Беларусі ўсё часцей заўважаюць сапраўдны прыродны цуд – качку-мандарынку (Aix galericulata). Гэтая невялікая птушка прыцягвае да сябе ўвагу сваёй прыгажосцю і выклікае сапраўдны фурор.

Mandarin duck

Птушка мандарынка – гэта невялічкая качка, яе вага складае ўсяго каля 500-800 грамаў, а па памерах яна відавочна саступае звычайнай крыжанцы. Але галоўная ейная “фішка” – афарбоўка самцоў у шлюбны перыяд. Гэта сапраўдны выбух колераў! На галаве самца велічны чуб з пурпурна-зялёнымі, белымі і рудымі палосамі.

Качка мандарынка

На шчоках – доўгія рудыя пёры, якія нагадваюць ці то вусы, ці то бараду. Дзюба ў гэтага прыгажуна ярка-чырвоная. Менавіта за такое княжае адзенне птушка і атрымала сваю назву. Так у старажытным Кітаі “мандарынамі” клікалі багатых вяльможаў, якія насілі надзвычай яркія шоўкавыя строі.

Птушка Мандарынка

А вось самка выглядае куды больш стрымана і сціпла (як гэта часта і бывае ў птушыным свеце). Яна афарбавана ў шэра-дымчатыя і бурыя адценні з невялікімі белымі плямкамі і акуратнымі кольцамі вакол вачэй. Такая прыродная маскіроўка неабходна ёй, каб заставацца незаўважанай падчас выседжвання яек.

Птушка Мандарынка качка

Што цікава, у адрозненне ад большасці нашых качак, мандарынку называюць “лясной качкай”. Яна выдатна лётае паміж дрэвамі і гняздуецца ў дуплах на вышыні да 6-10 метраў. Гэтыя птушкі даволі рэдка ныраюць (толькі ў выпадку небяспекі) і вельмі лёгка ўзлятаюць з вады.

Птушкі Беларусі мандарынка

Радзіма мандарынак – Усходняя Азія (Далёкі Усход Расіі, Кітай, Японія), так як жа яны апынуліся ў цэнтры Еўропы, у Беларусі? У 20 стагоддзі гэтых птушак актыўна везлі ў Заходнюю Еўропу (асабліва ў Вялікабрытанію, Германію, Нідэрланды) для ўпрыгожвання прыватных сажалак і гарадскіх паркаў. З часам птушкі пачалі збягаць з няволі і ствараць уласныя самастойныя папуляцыі. Сёння арнітолагі вылучаюць дзве асноўныя версіі з’яўлення мандарынак у Беларусі. Гэта пашырэнне еўрапейскага арэала, птушкі паступова прылятаюць да нас з Заходняй і Цэнтральнай Еўропы (напрыклад, з Польшчы, дзе іх папуляцыя ўжо даволі заўважная). Другі варыянт – “уцекачы” з мясцовых калекцый і заапаркаў. Так частка птушак – гэта проста былыя гадаванцы прыватных беларускіх падворкаў або аграсядзіб, якія збеглі ад гаспадароў.

Качкі Беларусі Мандарынка

Для нашай краіны качка-мандарынка пакуль застаецца вельмі рэдкім, выпадкова залётным відам. Яна не гняздуецца тут пастаянна, а кожнае яе з’яўленне становіцца маленькай сенсацыяй у СМІ і сярод аматараў прыроды. Упершыню ў фаўне Беларусі мандарынку зарэгістравалі ў красавіку 1986 года ў Беразінскім біясферным запаведніку. Доўгі час сустрэчы былі адзінкавымі, але апошнім часам геаграфія сустрэч значна пашырылася. Яркіх мандарынак бачылі ў Гродне на Нёмане, у Магілёве на Дубравенцы, у Барысаве і Бабруйску на Бярэзіне, а таксама на вадаёмах Слоніма, Гомеля і Мінска. Як правіла, у Беларусі мандарынка сустракаецца па адной (рэдка парамі). Часцей за ўсё яна прыбіваецца да зграй нашых мясцовых крыжанак на гарадскіх вадаёмах. Самае цікавае, што мандарынка, нягледзячы на свой далікатны выгляд і сціплы памер, вельмі баявая птушка, яка смела адваёўвае ежу ў буйнейшых суседзяў і выдатна прыстасоўваецца да нашых зім, калі вада цалкам не замярзае і ёсць “пачастункі” ад людзей.

Прыгожыя птушкі Беларусі

У культурах краін Усходняй Азіі пара мандарынак лічыцца сімвалам кахання, вернасці і гармоніі. Мяркуецца, што яны ствараюць пары на ўсё жыццё. А вось невялічкае відэа:

 

View this post on Instagram

 

A post shared by Sasha Poshykovich (@poshyk.info)

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here