Круцігалоўка – бадай, што самы нетыповы і хітры дзяцел Беларусі. У свеце беларускіх птушак ёсць багата сапраўдных майстроў маскіроўкі, але круцігалоўка (Jynx torquilla) упэўнена займае сярод іх першае месца. На першы погляд яна нагадвае звычайнага вераб’я ці невялікую зязюлю, аднак на самой справе гэтая птушка з сямейства дзятлавыя.

Але чаму ўсё ж такі дзяцел? З вядомымі нам дзятламі круцігалоўку звязвае характэрная размяшчэнне лапак (два пальцы накіраваны наперад, а два – назад) і доўгі клейкі язык. На гэтым, бадай, падабенства з іншымі дзятламі і заканчваецца.

Да таго ж, круцігалоўка абсалютна не прыстасавана да “дзяўбання” кары. Гэтая птушка, ці дакладна ейная дзюба, фізічна не можа зрабіць сабе дупло, таму займае старыя закінутыя дуплы іншых дзятлаў альбо нават “высяляе” дробных птушак (сініц ці вераб’ёў).

Убачыць круцігалоўку ў дзікай прыродзе – дакладна задача не з простых. Ейная шэра-бурая афарбоўка з цёмнымі і светлымі плямкамі ідэальна паўтарае фактуру старой драўнянай кары. Птушка можа сядзець на ствале дрэва літаральна ў двух метрах ад вас, але заўважыць яе атрымаецца толькі тады, калі яна пачне рухацца.

Спеў круцігалоўкі вельмі гучны, рэзкі і больш падобны на серыю крыкаў “к’я-к’я-к’я-к’я”). Паслухайце як гэта гучыць на відэа ніжэй:
View this post on Instagram
Цікавы факт: у адрозненне ад астатніх беларускіх дзятлаў, якія з’яўляюцца ў асноўным аселымі, круцігалоўка – класічная пералётная птушка. На зіму яна пакідае нашыя лясы і злятае ў вырай у цёплыя краіны Афрыкі і Паўднёвай Азіі.

Птушка Круцігалоўка – гэта звычайны від для ўсёй тэрыторыі Беларусі, які прылятае да нас у другой палове вясны (звычайна ў красавіку) і адлятае ў канцы жніўня ці напачатку верасня. Птушка аддае перавагу лясам, старым пладовым садам, гарадскім паркам – карацей месцам, дзе шмат трухлявых дрэў і мурашнікаў.











