Хадулачнік (Himantopus himantopus) не занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, але ў нашай краіне ён мае статус рэдкага залётнага і выпадкова на гнездаванні віду. Менавіта праз свае надзвычай доўгія ружова-чырвоныя лапы птушка і атрымала беларускую (дарэчы і рускую таксама) назву – Хадулачнік, бо падаецца, нібы птушка перасоўваецца на сапраўдных хадулях.


Даўжыня цела гэтай птушкі складае каля 33-38 сантыметраў, пры гэтым даўжыня яе лап можа дасягаць 25 сантыметраў. Атрымліваецца, што адносна памераў цела, хадулачнік мае самыя доўгія лапы сярод усіх птушак у свеце (за выключэннем хіба што фламінга). Апярэнне хадулачніка вельмі кантраснае: беласнежныя брушка і галава, чорная спіна і крылы. Дзюба ў птушкі чорная, тонкая і абсалютна прамая.

Гэта класічна паўднёвы від, асноўны ягоны арэал – Паўднёвая Еўропа, Азія і Афрыка. Аднак у апошнія дзесяцігоддзі з-за сусветнага пацяплення клімату паўночная мяжа яго пражывання паступова пасоўваецца на поўнач, таму яго ўсё часцей сустракаюць у Беларусі.

Калі хадулачнік ляціць, ягоныя доўгія чырвоныя лапы выцягваюцца далёка за межы хваста (прыкладна на трэць усёй даўжыні цела), што стварае вельмі адметны сілуэт у небе.

Дарэчы, дзякуючы даўжыні лап птушка можа заходзіць значна глыбей у ваду, чым іншыя кулікі. Харчуецца рознымі вадзянымі насякомымі, малюскамі і дробнымі рачкамі. Падчас небяспекі або абароны гнязда хадулачнікі вылучаюцца рэзкімі, гучнымі крыкамі, тыпу “кйюк-кйюк” ці “крыт-крыт”. Хадулачнікі не будуюць гнёзды на дрэвах, а робяць даволі прымітыўную ямку з сухой травой наўпрост на прыбярэжным глеі ці на малюсенькіх выспах пасярод вады.

Любімыя біятопы хадулачніка ў Беларусі – гэта рыбагаспадарчыя сажалкі (рыбгасы), ачышчальныя збудаванні (сажалкі-адстойнікі) і мясціны дзе ёсць адкрытае мелкаводдзе з глеем, які багаты на малюскаў. Усе здымкі з гэтага артыкула зроблены ў Мінску.











