Быхаў – гэта не проста чарговы пункт на мапе Беларусі, а сапраўдны абарончы горад з самабытнай і суровай душой. Заснаваны яшчэ ў канцы 14 стагоддзя на маляўнічым беразе Дняпра, ён стагоддзямі служыў непахісным шчытом на ўсходніх рубяжах краіны, што наклала адбітак на ўсю ягоную архітэктуру і забудову. Сённяшні Быхаў утульна спалучае ў сабе даволі ціхі рытм невялікага мястэчка з велічнай спадчынай эпохі ВКЛ. А адна з галоўных цікавостак у Быхава – замак Хадкевічаў і Сапегаў.


Сёння руіны замка прыцягваюць турыстаў і вандроўнікаў сваёй суровай прыгажосцю, маштабам і багатай ваеннай гісторыяй.

Дарэчы, гісторыя мураванага замка пачынаецца на мяжы 16 і 17 стагоддзяў, калі Быхаў належаў вядомаму ваеннаму дзеячу ВКЛ – гетману Яну Каралю Хадкевічу, бо як раз пры ім у перыяд з 1610 па 1619 гады на месцы старых драўляных умацаванняў узвялі магутную каменную крэпасць.

Аднак “залаты век” крэпасці пачаўся пасля 1621 года, калі Быхаў перайшоў ва ўладанне магутнага роду Сапегаў. Так мяркуецца, што менавіта Леў Сапега ператварыў Быхаў у сапраўдны горад-крэпасць.

Сапегі значна мадэрнізавалі замак: абнеслі ўвесь комплекс земляным валам з бастыёнамі. Выкапалі глыбокі роў, які запаўняўся вадой з Дняпра. Пабудавалі двух’ярусныя абарончыя вежы і ўмацаваныя брамы з металічнымі кратамі.


У выніку Быхаўскі замак ператварыўся ў першакласную еўрапейскую цытадэль, гатовую да працяглай аблогі і артылерыйскага абстрэлу.

Знутры ж палац спалучаў рысы рэнесансу і больш позняга барока, меў анфіладную планіроўку пакояў і прасторныя залы. Крэпасць уяўляла сабой прамавугольны ўчастак памерамі прыкладна 77*100 метраў. Па перыметры размяшчаліся гаспадарчыя будынкі і непасрэдна палацавая частка комплексу (захавалася і сёння).

Апроч таго ў Быхаве функцыянавала людвісарня, якая закрывала попыт у гарматах і ядрах.

Цікавы факт: у той час у Быхаве было толькі два мураваныя будынкі – крэпасць і сінагога.

Ваенныя аблогі і лёс замка
Быхаўскі замак прыняў на сябе ўдары практычна ўсіх буйных войнаў 17-18 стагоддзяў. Яго спрабавалі штурмаваць украінскія казакі і маскоўскія войскі. Падчас вайны 1654-1667 гадоў замак вытрымаў амаль адзінаццаць месяцаў гераічнай абароны, але пазней усё ж быў узяты і часткова разбураны (быў узарваны парахавы пограб і знішчана паўночная вежа).

Пасля вайны Сапегі аднавілі палац, пашырыўшы жылы корпус. Аднак падчас Паўночнай вайны замак зноўку апынуўся ў эпіцэнтры падзей, падвергся аблогам і артылерыйскім абстрэлам.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і канфіскацыі маёмасці ў Сапегаў за ўдзел у паўстанні 1830-1831 гадоў, замак перайшоў у расійскую казну. У канцы 19 стагоддзя тутака размяшчаліся кашары, а за савецкім часам – турма, а крыху ў пазнейшыя часы – дрэваапрацоўчы цэх.

Апошні віток разбурэнняў адбыўся ў жніўні 2004 года, калі ў палацавай частцы здарыўся пажар.

Пасля гэтага замак у Быхаве канчаткова пачаў нагадваць занядбанку, але ж сітуацыя крыху змянілася ў 2010-12 гадах, калі сцены крэпасці закансервавалі, а таксама ачысцілі і акультурылі тэрыторыю.

Акрамя таго аднавілі 2 вежы, дадалі падсветку. Быхаўскі замак – гэта дакладна вельмі перспектыўная славутасць Беларусі, якая пасля якаснай рэканструкцыі злёгку змагла б канкурыраваць з Нясвіжскім палацам і Мірскім замкам.

Акрамя знакамітага замка Сапегаў і Хадкевічаў, у Быхаве можна адчуць дух мінулага каля сцен старой сінагогі, таксама варта паглядзець драўляную царкву і атрымаць асалоду ад рачных краявідаў, якія робяць гэты горад ідэальным напрамкам для вандроўкі на выхадныя.

Ніжэй кропка з адзнакай крэпасці на паме:
Раю таксама заехаць і ў Рагачоў, каб паглядзець гарадзішча і мясціны Уладзіміра Караткевіча.
View this post on Instagram










