Быхаў знаходзіцца ў 49 кіламетрах ад Магілёва і стаіць на рацэ Дняпро. У гэтага горада сапраўды багатая і цікавая гісторыя – так калісьці Быхаў быў яскравым прыкладам горада-крэпасці, таму нядзіўна што і славутасці тут адпаведныя. Адна з якіх – Быхаўская сінагога.


Сінагога ў Быхаве – унікальны помнік архітэктуры пачатку 17 стагоддзя, храм які больш нагадвае непрыступны бастыён, чым святыню. У ВКЛ існавала ўсяго тры мураваныя сінагогі выразана абарончага тыпу: у Вільні, Пінску і Быхаве. Паколькі храмы ў Вільні і Пінску былі цалкам знішчаны ў 20 стагоддзі, то Быхаўская сінагога сёння – гэта адзіны ацалелы будынак у такім фармаце на ўсіх нашых землях.


Ёсць дарэчы і цікавая легенда пра даўгі Сапегаў і строгую ўмову для будаўніцтва сінагогі (якое дарэчы адбылося паміж 1620 і 1640 гадамі). Так згадваюць, што тагачасны ўладальнік Быхава, магутны магнат з роду Сапегаў, вінен быў буйную суму грошай мясцоваму яўрэйскаму купцу. Каб не аддаваць доўг “гатоўкай”, магнат саступіў і дазволіў габрэйскай абшчыне пабудаваць вялікую каменную сінагогу прама ў самым цэнтры Быхава.

Аднак Сапега паставіў строгую ўмову: храм павінен стаць часткай гарадскіх умацаванняў і ў выпадку вайны абараняць подступы да Магілёўскай брамы. Яўрэі ўмову выканалі – сінагога неаднаразова ўдзельнічала ў абароне горада падчас цяжкіх казацкіх нападаў і войнаў сярэдзіны 17-18 стагоддзя.

Быхаўская сінагога першапачаткова мела рысы архітэктурнага стылю барока, якія спалучаліся з познім рэнесансам. Па форме сінагога ў Быхаве амаль квадрат, памерам 21 на 20 метраў.

Калі меркаваць па старых фотаздымках, то раней навокал былі гаспадарчыя пабудовы і нейкі корпус.

Сцены сінагогі закладаліся як у сапраўдным замку – іх таўшчыня дасягае ад 1,75 да 2 метраў. На паўночна-заходнім куце будынка ўзвышаецца круглая абарончая вежа, у якой размяшчаліся вітыя сходы, што звязвалі склеп і гарышча.

Першапачаткова верхні ярус (атык) храма меў нават адкрытыя прастакутныя і круглыя байніцы для вядзення бою.

Доўгая гісторыя быхаўскай сінагогі ўносіла карэкціроўкі ў вонкавым і ўнутраным абліччы гэтага будынка. Так у пачатку 20 стагоддзя знесена верхняя частка атыку, у ніжняй замуравалі байніцы, а дах змянілі двухсхільнай страхой. На фатаграфіях з дрона бачна, што ў адным месцы дах крыху абрынаўся.

У быхаўскай сінагогі ёсць сапраўдны падземны ход і гэта не міф, а хутчэй пацверджаны факт. Ведаю, што бадай вакол кожнага другога беларускага замка ці касцёла існуюць легенды пра падземныя тунэлі, па якіх “мог праехаць воз, запрэжаны тройкай коней”. Але ў выпадку з сінагогай у Быхаве, падземны ход – гэта не легенда. Так падчас археалагічных раскопак, якія праводзіліся яшчэ ў 1980-я гады, даследчыкі рэальна выявілі і пацвердзілі наяўнасць падземнага калідора. Ён пачынаўся ад склепа абарончай вежы сінагогі і вёў прама да замкавага рова. Гэты ход выкарыстоўваўся для таемнай дастаўкі боепрыпасаў або тэрміновай эвакуацыі абаронцаў у замак.

Унутры сінагогі захаваўся яе найважнейшы архітэктурны і рэлігійны элемент – велічная біма (памост для чытання Торы). Элемент уяўляе сабой масіўную васьмігранную структуру, якая падтрымліваецца чатырма магутнымі калонамі. Менавіта гэтыя калоны трымаюць на сабе высокія скляпенні залы. На некаторых слупах дагэтуль можна разгледзець рэшткі мастацкай ляпніны і роспісаў.

Пасля прыходу савецкай улады сінагогу чакаў лёс большасці храмаў – яе зачынілі і доўгія гады выкарыстоўвалі як складскія памяшканні.

У перыяд Другой сусветнай вайны яўрэйская абшчына Быхава была амаль цалкам знішчана, а інтэр’ер сінагогі моцна пацярпеў ад пажараў і артылерыйскіх снарадаў.


З 1990-х гадоў унікальны будынак стаяў цалкам пакінутым. Разам з Быхаўскім замкам сінагога ўтварае неверагодны па маштабах гістарычны комплекс, які абавязкова трэба пабачыць на свае вочы.

Можна сінагога і прыбывае ў разбураным стане, як і суседні замак Хадкевічаў-Сапег. Аднак радуе, што гэтыя пабудовы закансерваваны і знаходзяцца ў больш-менш дагледжаным стане. Вакол няма смецця, тэрыторыя акультурана.

Былая сінагога ў Быхаве знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Савецкая і Леніна, ніжэй кропка з адзнакай цікавосткі на мапе:
У гэтым краі раю таксама заехаць у Рагачоў, дзе можна паглядзець старое гарадзішча і мясціны Караткевіча.










