Калі вы прыязджаеце ў Лепель, першае, што прыцягвае позірк у цэнтры горада – гэта прыгожы касцёл, які маляўніча ўзвышаецца непадалёку ад Лепельскага возера. Касцёл Святога Казіміра – не проста помнік архітэктуры позняга класіцызму і гісторыка-культурная каштоўнасць, а сапраўдны сімвал трываласці і адраджэння, які прайшоў праз стагоддзі і цудам захаваўся.


Гісторыя лепельскай парафіі адсылае нас у самы пачатак 17 стагоддзя. Так у 1602 годзе знакаміты магнат і канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега загадаў заснаваць у Новым Лепелі каталіцкі прыход. А ўжо ў 1604 годзе тутака з’явіўся першы драўляны храм у гонар Святога Казіміра.

Дарэчы, гэта быў адзін з першых трох каталіцкіх храмаў на ўсёй Полацкай зямлі. Аднак драўлянай пабудове не наканавана было стаяць вечна ці нават доўга.

За два стагоддзі касцёл заспеў некалькі вялікіх пажараў, адзін з якіх ушчэнт знішчыў гэтую святыню. У 1779 годзе касцёл адбудавалі нанова, але новы пажар 1833 года, які выпаліў амаль увесь цэнтр Лепеля, зноўку ператварыў касцёл у попел.

Доўгі час мясцовыя каталікі былі вымушаны туліцца ў невялічкай драўлянай каплічцы. Новае жыццё і будаўніцтва таго касцёла, які мы можам убачыць сёння, пачалося ў 1857 годзе.

Аднак будаўнічыя працы зацягнуліся бадай што на дваццаць гадоў і завяршылася толькі ў 1876 годзе.

Асноўным фундатарам выступіў мясцовы памешчык і калежскі асэсар Пётр Мальчэўскі, які ахвяраваў на гэтую справу каласальныя сродкі. Праект стварыў таленавіты архітэктар Мачулевіч.


Калі паглядзець на касцёл з вышыні птушынага палёту, ягоная форма нагадвае выразны лацінскі крыж. Стылістычна, будынак – гэта яркі ўзор позняга класіцызму.

Савецкія часы прынеслі касцёлу ў Лепелі самыя цяжкія выпрабаванні. У 1935 годзе савецкія ўлады зачынілі гэты храм, а апошняга ксяндза арыштавалі. На гэтым рэлігійнае жыццё спынілася на доўгія гады.

Што толькі не месцілася ў мурах за гэты час. Так у пасляваенныя гады будынак прыстасавалі пад гараж для тэхнікі. Пазней у алтарнай частцы наогул зрабілі электрычную падстанцыю (электрашчытавую). Затым касцёл стаяў занядбаным і паступова руйнаваўся.

Здавалася, што былая веліч страчана назаўжды, аднак напачатку 1990-ых гадоў пачалася новая глава ў гісторыі касцёла. Храм вярнулі вернікам, і намаганнямі парафіян пачалася маштабная рэстаўрацыя. Нядаўна, у 2026 годзе, касцёл адзначыў свой знакавы 150-гадовы юбілей з дня пабудовы. Унутры храма можна пабачыць прыгожыя сучасныя вітражы і роспісы, якія напаўняюць прастору святлом у сонечныя дні.

Касцёл знаходзіцца ў самым цэнтры Лепеля па адрасе вуліца Герцэна, 1. Літаральна за пару крокаў ад яго – гарадскі парк і набярэжная, дзе “жыве” яшчэ адна знакамітая славутасць горада – скульптура міфічнага беларускага Цмока. Ніжэй кропка з адзнакай храма на мапе:
Касцёл Святога Казіміра ў Лепелі – гэта цудоўны прыклад таго, як архітэктурны шэдэўр здолеў перажыць і агонь, і чалавечую абыякавасць, каб зноў стаць духоўным сэрцам горада. Вось невялічкае відэа пра іншыя цікавосткі горада:
View this post on Instagram










