Мураваная Ашмянка – гэта сапраўды незвычайнае мястэчка за некалькі кіламетраў ад горада Ашмяны. Тутака ёсць і годныя цікавосткі, і багатая гісторыя. Разам з навакольнымі землямі Мурашмянка ў першай палове 16 стагоддзя згадваецца ў летапісе як уласнасць Войцэха Стаброўскага. Затым землі выкуплены Мікалаем Нарушэвічам, а з 1574 года – гэта ўжо ўладанні Мікалая Дарагастайскага з родам якога дарэчы звязана адна са славутасцяў у Мураванай Ашмянцы – руіны друкарні.

Друкарня

Палац і друкарня Дарагастайскага ў Мурашмянцы

Сёння гэтая старадаўняя пабудова выглядае занядбанай і ўявіць, што калісьці тут рэдагавалася, а магчыма і была часткова надрукаваная, знакамітая праца Крыштафа Дарагастайскага – Hippica (Кніга пра коней) даволі складана, аднак гэта як ёсць.

Мураваная Ашмянка руіны

Так што гэта за кніга такая “Гіпіка” (арыгінальная назва – “Hippica, to jest o koniach xięgi”)?

Гэта знакаміты старадаўні падручнік па конегадоўлі, коннай яздзе і ветэрынарыі, які ўпершыню пабачыў свет у 1603 годзе ў Кракаве.

Hippica, to jest o koniach xięgi
Гіпіка, 1620 год

Гэтая кніга стала сапраўднай сенсацыяй свайго часу і адным з самых папулярных дапаможнікаў у Рэчы Паспалітай і ва ўсёй Еўропе на працягу 17-19стагоддзяў. Першае выданне кнігі было багата аздоблена выдатнымі гравюрамі. Іх аўтарам выступіў знакаміты прыдворны мастак Радзівілаў – Тамаш Макоўскі.

Закінутыя месцы Беларусі

Мураваная Ашмянка заставалася за Дарагастайскімі бадай што 80 гадоў, пасля чаго перайшла да Сапегаў. А ўжо ад іх, багатыя землі адышлі Важынскім (тут трэба зрабіць заўвагу, што першапачаткова яны мелі прозвішча Скарбек). Толькі пасля таго як адзін са Скарбекаў пераехаў у Полацкае ваяводства і набыў там маёнтак “Важын”, сталі яны называцца Скарбек-Важынскімі).

Сядзіба ў Мараванай Ашмянцы

Маёнтак на Ашмяншчыне належаў Важынскім на працягу прыкладна ста пяцідзесяці гадоў. Лічыцца што на падмурку друкарні Дарагастайскіх, Ігнат Важынскі пабудаваў мураваны палац у архітэктурным стылі класіцызм.

Друкарня ў Мараванай Ашмянцы

Дарэчы, ён жа быў ініцыятарам узвядзення ў 1790 годзе ў Мурашмянцы драўлянага касцёла, які захаваўся да нашых дзён.

Касцёл у Мураванай Ашмянцы

Мураваная Ашмянка, Беларусь

Гісторыя самой парафіі ў Мурашмянцы доўгая і заблытаная, а першы храм на гэтым месцы датуецца сярэдзінай 17 стагоддзя – 1650 годам. Той храм, які можна ўбачыць сёння, – гэта касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Безумоўна гэты драўляны будынак не раз падвяргаўся капітальным рамонтам, а магчыма і грунтоўным перабудовам.

Касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мураванай Ашмянцы

Асобна варта вылучыць вежу-званіцу, якая стаіць побач з храмам. Мяркуецца, што гэтая незвычайная двух’ярусная званіца пабудавана ў той жа перыяд што і касцёл (канец 19 стагоддзя).

Мураваная Ашмянка што паглядзець?

Унутры касцёл сустракае прасторнай залай, якую не чакаеш убачыць. Судзячы па старых здымках, інтэр’ер нядрэнна захаваўся і выглядае вельмі аўтэнтычным.

Касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі Мураваная Ашмянка

Касцёл у Мураванай Ашмянцы прыклад народнага дойлідства, па архітэктуры тут ёсць як элементы барока, так і рысы стылю класіцызм. Вонкава будынак храма выглядае даволі проста, без усялякіх яркіх архітэктурных элементаў.

Славутасці Беларусі

Старое фота Мураваная Ашмянка
пачатак 20 ст., крыніца – калекцыя Кастуся Шастоўскага

Вакол касцельнай тэрыторыі агароджа з буйных валуноў і бутавага каменю, перад галоўным уваходам ёсць брама.

Драўляныя касцёлы Беларусі

За касцёлам размяшчаюцца невялікія старыя могілкі з вось такім надмагільным валуном.

Магіла ў Мураванай Ашмянцы

Але вернемся да гісторыі маёнтка і палаца. У сярэдзіне 19 стагоддзя, зноўку мяняюцца ўладальнікі і новым гаспадаром становіцца Ксаверый Карэйва. Пры ім старадаўнюю сядзібу-палац чакала грунтоўная перабудова.

Старадаўнія сядзібы Беларусі

Мураваная Ашмянка цікавосткі

Цікавы факт: імаверна пры Карэйвах закладзены памятны камень з лічбамі “1590” і “1843”, – гады пачатку будаўніцтва і рэканструкцыі. Дарэчы, сёння гэты валун усё яшчэ можна адшукаць ля сцен былой друкарні.

Падзямелле ў Ашмянцы

Апошнім уладальнікам палаца ў Мурашмянцы згадваецца нейкі Загорскі, а вось што сталася з пабудовай у пасляваенныя гады – на жаль невядома.

Мураваная Ашмянка другарня

Да руін палаца-друкарні цягнецца маляўнічая алея са старых дрэваў. А ў 500 метрах леваруч ад яе можна адшукаць невялічкую прыдарожную каплічку канца 19 стагоддзі.

Каплічка прыдарожная ў вёскі Муравана-Ашмянка

Сёння гэтая каплічка стаіць у чыстым полі, вакол яе толькі некалькі старых дубоў. Аднак першапачаткова яна будавалася на скрыжаванні дзвюх дарог. Галоўная з якіх вяла ў саму Мураваную Ашмянку, а другая ў аднайменны гаспадарчы двор (якраз тое месца, дзе знаходзяцца руіны былой друкарні). Ніжэй ёсць стары здымак 1929 года, ягоны аўтар – Ян Булгак, на ім добра бачна тая дарога і лісцяная алея.

Мурашмянка старое фота
1929 год

Славутасці Ашмянскага раёна

Калі пабудавана прыдарожная капліца дакладна невядома, але ёсць дзве асноўныя версіі. Больш ранняя – 1843 год, калі Ксаверый Карэйва перабудоўвае палац у Ашмянцы. Другая версія – першая палова 20 стагоддзі, калі землі перайшлі да роду Загорскіх.

Каплічка прыдарожная ў вёскі Муравана-Ашмянка

Падобныя капліцы не з’яўляюцца чымсьці рэдкім ці незвычайным, такія збудаванні можна сустрэць па ўсёй Беларусі, але асабліва багата іх у Гродзенскай вобласці.

Каплічка старая

Мураваная Ашмянка – гэта дакладна цікавае мястэчка ў Ашмянскім раёне, дзе ёсць што паглядзець. Ніжэй кропка з адзнакай палаца-друкарні Дарагастайскага на мапе:

Калі будзеце ў гэтым краі абавязкова наведайце Роўнае Поле, дзе раскінуліся маляўнічыя руіны сядзібы Снядэцкіх.

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here