Недалёка ад Поразава ёсць вёска Грынявічы (былая Вялікая Лапеніца) дзе можна паглядзець руіны старадаўняга касцёла францысканцаў. Грошы на будаўніцтва гэтага кляштара даў Ян Агінскі яшчэ ў 1679 годзе, аднак убачыць пабудаваным гэты комплекс ён не паспеў, працы працягнуў ягоны сын Рыгор. Праўда і пры ім касцёл дабудаваць усё ніяк не атрымлівалася, – перашкаджалі пастаянныя сваркі і канфлікты з суседзямі Сапегамі. У выніку каменны храм Святога Яна Хрысціцеля скончылі толькі ў 1792 годзе.

Пасля актыўнага ўдзелу манахаў у паўстанні 1831 года кляштар францысканцаў скасавалі, а касцёл з часам прымусова перадалі ва ўлонне праваслаўнай царквы.

Барочная архітэктура храма ў Вялікай Лапеніцы ніяк не спалучалася з традыцыямі праваслаўнай архітэктуры, таму будынак грунтоўнага перабудавалі, на што былі выдзелены немалыя сродкі. Вежы касцёла і тыпавыя каталіцкія атрыбуты замянілі на цыбульныя купалы. Захаваліся старыя фота, якія даюць уяўленні аб тым як храм выглядаў у пачатку 20 стагоддзя.

Цікавы факт: Аляксандр III падарыў праваслаўнаму прыходу вялізны звон, гук якога так магутна разносіўся па найбліжэйшых землях, што яго па чутках чулі нават у Ваўкавыску.

Пасля таго як у 1919 годзе Грынявічы апынуліся ў складзе Міжваеннай Польшчы царкву зачынілі, а ў сценах старажытнага храма зноўку пачаліся каталіцкія імшы. Будынак тады часткова перабудавалі – прыбралі купалы.


Але як разумееце ўсё гэта было часова, бо касцёл-царкву канчаткова зачынілі ў 60-ых гадах, 20 стагоддзя. Аднак пры гэтым, будынак ажно да 1982 года заставаўся некранутым, пакуль не прынялі рашэнне абсталяваць тут гараж для сельгастэхнікі. З-за гэтага знеслі дах і ўсё другое святло, знішчылі дэкаратыўны франтон, а на месцы партала зрабілі шырокія вароты для трактароў.

У 90-ых былі сціплыя думкі і прапановы каб аднавіць храм, але неабходныя сродкі і дазволы атрымаць было надта складана.

І яшчэ цікавы факт: з 1920 па 1924 гады ксяндзом у Грынявічах быў Язэп Германовіч (паэт і пісьменнік вядомы пад псеўданімам Вінцук Адважны). За пропаведзі і выкладанне на беларускай трапіў у няміласць польскіх уладаў і быў вымушаны з’ехаць у Друю. Праўда і тамака быў у няласцы, таму адпраўлены ў Кітай, дзе арыштаваны і прыгавораны да 25 гадоў лагера ў Сібіры. Пра свае тулянні і барацьбу напісаў кнігу “Кітай – Сібір – Масква”, дзе ёсць успаміны і пра Грынявічы.

У Лапеніцах калісьці была і ўнікальная сядзіба роду Булгарынаў, месцілася літаральна ў 600 метрах ад кляштара. Як яна выглядала можна ўбачыць на малюнку ніжэй:


Перад храмам захаваліся руіны брамы, верагодна пабудаваныя ў тыя ж гады, што і сам касцёл.

Руіны знаходзяцца на ўездзе ў Грынявічы. Ад вёскі Гарнастаевічы і трасы Р78 з’язджайце на дарогу Н6017, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Калі будзеце ў гэтым краі раю паглядзець унікальны прыклад гатычнай архітэктуры Беларусі – касцёл Святога Міхала ў Гнезна.










