Кобрын – вельмі цікавы і гістарычны горад Брэсцкай вобласці, а сярод ягоных цікавостак абавязкова трэба вылучыць унікальны будынак сінагогі, які сёння мо і занядбаны, але нават у такім стане прываблівае вандроўнікаў. Вялікая сінагога ў Кобрыне – па сутнасці адзін з самых манументальных, але разам з тым драматычных помнікаў сакральнай архітэктуры Беларусі таго кшталту.


Афіцыйна лічыцца, што мураваны будынак узведзены ў другой палове 19 стагоддзя (1840-1880-ыя гады) на месцы ранейшай драўлянай сінагогі. Часам сустракаецца дакладная дата – 1840 год.

У некаторых крыніцах інфармацыі згадваецца іншы час будавання – канец 18 стагоддзя, але хутчэй за ўсё памылкова. Бо згодна спісу сінагог на 1853 год, кобрынская камяніца значылася як недабудаваная. Дарэчы гэтая сінагога будавалася каля дома навучання – Газ Бейт Мідраша.

Цікавы і сумны факт, – гэта адзіная сінагога, якая захавалася ў Кобрыне. Каб вы разумелі, паводле перапісу 1897 года, у горадзе пражывала каля 7 000 габрэяў – што складала больш за 66% усяго насельніцтва горада. У тыя часы, тутака працавала 7 сінагог, ешыбот і дзясяткі хедэраў (школ), але менавіта Вялікая сінагога была галоўным духоўным цэнтрам.


Па плошчы і аб’ёме Кобрынская сінагога саступала хіба што галоўным сінагогам у Гродне і Мінску, магчыма яшчэ храму ў мястэчку Індура. Будынак уяўляе сабой даволі цікавы прыклад эклектыкі з выразнымі рысамі класіцызму.

Бязвежавая масіўная трохнефная базіліка з сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй. Цэнтральная частка трохпавярховая, з бакоў – двухпавярховыя крылы. Фасад падзелены плоскімі пілястрамі (лапаткамі), руставанымі на першым паверсе. Першы паверх мае лучковыя аконныя праёмы, а другі і трэці – выцягнутыя паўцыркульныя. Па перыметры захаваліся дэкаратыўныя “паясы” і плоскія нішы.

У гады Другой сусветнай вайны сінагога ў Кобрыне была цэнтрам гета, куды былі пераселены яўрэі з горада і найбліжэйшай мясцовасці. Каля саміх сцен сінагогі адбываліся апошнія расстрэлы пры ліквідацыі гета. У Кобрыне нацысты знішчылі амаль усё габрэйскае насельніцтва – больш за 6 000 чалавек. Будынак сінагогі выкарыстоўваўся акупантамі як зборны пункт для людзей перад дэпартацыяй у лагеры смерці.

Пасля 1945 года вяртацца ў храм было амаль няма каму, і савецкія ўлады зачынілі сінагогу. Усё каштоўнае было вывезена, а сам будынак прыстасавалі пад розныя вытворчасці. Так у 80-я гады ў сінагозе рабілі піва, а крыху пазней месціўся цэх Кобрынскага завода безалкагольных напояў. Затым сінагога ў Кобрыне была закінута і як часам бывала з нашай культурнай спадчынай, пра пабудову проста забылі.

Калісьці існавалі праекты аднаўлення з адкрыццём унутры Музея гісторыі і этнаграфіі габрэяў Брэстчыны або культурнага цэнтра, аднак праз вялікі кошт рэстаўрацыі працы так і не пачаліся.

Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:
Недалёка ад Кобрына будзе таксама цікава наведаць мястэчка Шарашова і паглядзець стары касцёл і драўляную званіцу.










