Індура – гэта старадаўняе мястэчка і дакладна ўнікальны прыклад таго, як на невялікім кавалачку зямлі стагоддзямі суіснавалі розныя культуры і рэлігіі. Сапраўднай пярлінай Індуры з’яўляюцца занядбаныя руіны вялікай мураванай сінагогі.

Індурская сінагога

Яўрэйская абшчына ў Індуры (Амдур) вядома яшчэ з 16 стагоддзя. Мястэчка хутка расло і багацела, стаўшы ў нейкі момант адным з важных цэнтраў яўрэйскага жыцця ў Вялікім Княстве Літоўскім. Менавіта тутака ў 18 стагоддзі збіраліся кіраўнікі кагалаў, каб вырашаць дзяржаўныя пытанні свайго народа. У 1770-80ыя гады Індура грымела на ўсю краіну дзякуючы раббі Хаіму Хайкелю (Хайкелю Індурскаму) – выдатнаму прапаведніку і цадзіку. Да яго за парадай і духоўным навучаннем з’язджаліся габрэі нават з далёкіх рэгіёнаў.

Сінагога Індура

Напрыканцы 19 стагоддзя ў Індуры пражывала больш за 2000 яўрэяў (што складала каля 80% ад усяго насельніцтва мястэчка). У той час тут дзейнічала ажно дзевяць сінагог і малітоўных дамкоў. Але галоўнай і самай велічнай была менавіта гэтая мураваная сінагога, пабудаваная ў 1885 годзе.

Індура фота сінагогі

Руіны сінагогі ў аграгарадку Індура

Індурская сінагога – гэта яскравы прыклад строгага манументальнага класіцызму з элементамі эклектыкі. Будынак выкананы з цэглы і раней быў атынкаваны (сёння тынкоўка амаль цалкам страчана).

Сінагога ў аграгарадку Індура

Па форме будынак даволі просты, двухпавярховы, выкананы па яўрэйскіх канонах і без празмернасцяў. Вокны на першым паверсе прастакутныя, на другім арачныя і больш падоўжаныя.

Сінагога ў аграгарадку Індура

Галоўны фасад гэтай сінагогі накіраваны дакладна ў бок Іерусаліма, узводзілі будынак на самым высокім месцы мястэчка, каб дамінаваць над іншай забудовай.

Сінагогі Беларусі Індура

Другая сусветная вайна назаўжды перакрэсліла гісторыю яўрэйскай Індуры, бо амаль усе мясцовыя яўрэі загінулі ў гета. Пасля вайны занядбаны будынак сінагогі аддалі мясцоваму калгасу. “Новыя гаспадары” прыстасавалі былы велічны храм пад склад мінеральных угнаенняў. А каб было зручней разгружаць машыны, да фасадаў зрабілі некалькі недарэчных драўляных прыбудоў. Агрэсіўная хімічная прастора ўгнаенняў цалкам знішчыла ўвесь багаты інтэр’ер храма, уключаючы ляпніну і роспісы.

Індура Гродзенская вобласць

Закінутыя месцы Беларусі Індура

На жаль, сёння Індурская сінагога стаіць без добрага нагляду і паступова разбураецца. Дах будынка пакуль трымаецца, але сцены пакрываюцца расколінамі. Тым не менш, нават у такім стане манументальны двухпавярховы будынак сінагогі ўражвае сваімі маштабамі і выглядае вельмі моцна.

Закінутая сінагога ў аграгарадку Індура

Руіны сінагогі ў Індуры Беларусь

Населены пункт з даволі незвычайнай назвай Індура, знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці. Ад Гродна гэта каля 27 кіламетраў па трасе Р99. У аграгарадку ёсць таксама і ўвесь набор класічных славутасцяў: сядзіба, касцёл і царква. Ніжэй кропка з адзнакай менавіта сінагогі на мапе:

Паглядзіце таксама пра ўнікальныя воданапорныя вежы “Кася і Бася” у Гродне.

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here