Калі вы думаеце, што пасля вандровак па папулярных турыстычных пунктах Гродзеншчыны вас ужо складана чымсьці здзівіць, рыхтуйцеся звярнуць з трасы Р99 паміж Слонімам і Ваўкавыскам. Бо тут, у невялікай вёсцы Крамяніца, месціцца аб’ект, які павінен быць ва ўсіх топ-лістах кожнага аматара беларускага дойлідства. Гэта касцёл Божага Цела і Святога Юрыя – адзін з нешматлікіх аўтэнтычных помнікаў архітэктуры рэнесансу, які дайшоў да нас амаль што ў першапачатковым выглядзе.


Гісторыя гэтага касцёла бярэ пачатак у самым пачатку 17 стагоддзя. Збудавалі храм даволі хутка, дзесьці за 3 гады, з 1617 па 1620. А фундатарамі выступілі тагачасныя ўладальнікі гэтых земляў: кашталян віцебскі – Мікалай Вольскі і ягоная жонка Барбара. Каб места стала буйным рэлігійным цэнтрам, Вольскія запрасілі сюды манахаў з ордэна канонікаў лютэранскіх рэгулярных (касцёл першапачаткова быў часткай кляштара).

А што за манахі-канонікі? Манахі гэтага ордэна лічыліся сапраўднымі інтэлектуаламі, а пры кляштары ў Крамяніцы яны заснавалі школу для мясцовых дзяцей і стварылі шыкоўную бібліятэку. Займаліся не толькі тэалогіяй, але і вывучэннем латыні, філасофіі і права. Супольнасць гэтых святароў (канонікаў), жылі па строгім Статуце Святога Аўгусціна. У адрозненне ад закрытых манаскіх ордэнаў, канонікі сумяшчалі глыбокае малітоўнае жыццё суполкі з актыўнай працай сярод звычайных людзей.

Кляштарны корпус у Крамяніцы, дзе жылі манахі, спачатку быў драўляным. Пазней, у 18 стагоддзі, яго грунтоўна перабудавалі ў мураваны двухпавярховы будынак, які прымыкаў да касцёла. На тэрыторыі кляштара кіпела буйная гаспадарка: манахі мелі свае сады, ставы з рыбай, бровар і буйныя рамесныя майстэрні.
Крамяніца ў тыя часы была сапраўдным эканамічным і рэлігійным сэрцам Слонімскага павета. Аднак фінал манаскай гісторыі ў Крамяніцы наступіў у 1832 годзе. Пасля задушэння паўстання 1830 года, расійскія ўлады пачалі паўсюдна зачыняць каталіцкія кляштары. Выключэннем не стаў і кляштар канонікаў лютэранскіх. Місія ў Крамяніцы была скасавана, манахаў прымусова выслалі, а сам касцёл ператварылі ў звычайны парафіяльны храм. Масіўныя жылыя карпусы кляштара, на жаль, пасля гэтага паступова разбураліся і да нашых дзён не захаваліся.

Касцёл у Крамяніцы захаваў багата класічных атрыбутаў тагачаснага еўрапейскага рэнесансу. Тут і сціплы, але вельмі гарманічны і строгі галоўны фасад, які завяршаецца высокім, упрыгожаным пілястрамі, франтонам.

Масіўныя сцены з арачнымі вокнамі, якія больш нагадваюць абарончую архітэктуру. Цікава, што храм паспяхова перажыў усе войны мінулых стагоддзяў і нават за савецкім часам практычна і не зачыняўся, што для Гродзенскай вобласці з’ява хоць і не ўнікальная, але рэдкая. Па-за самім касцёлам увагі заслугоўвае і брама-званіца, пабудаваная перад уваходам у другой палове 19 стагоддзя.

Унутры храма вас чакае сапраўды неверагодны інтэр’ер. Убранства касцёла ў Крамяніцы, на маю думку, можа ўразіць нават больш чым вонкавы выгляд.


Калі вам пашанцуе трапіць унутр, абавязкова звярніце ўвагу на адну з галоўных гістарычных каштоўнасцей Крамяніцы – надмагілле Мікалая Вольскага і Барбары Глябовіч. Яно выканана з чорнага і чырвонага мармуру ў першай палове 17 стагоддзя і лічыцца выдатным узорам пластычнага мастацтва таго часу. Фігуры фундатараў выразаныя ў поўны рост у моманце малітвы.

Апроч таго, у інтэр’еры захаваліся шыкоўныя драўляныя алтары ў стылі позняга барока і ракако, якія ствараюць моцны кантраст са строгім знешнім выглядам касцёла.


Каля касцёла стаіць цікавая скульптура Святога Роха, які ў каталіцкай традыцыі з’яўляецца ахоўнікам вандроўнікаў, а яшчэ абаронцам ад эпідэмій, чумы і хвароб у жывёл. Гэтая прыгожая каляровая статуя – адна з некалькіх фігур, што ўпрыгожваюць дагледжаны дворык храма.

У Святога Роха адметны кіёк вандроўніка з гарбузом-флягай для вады ў руцэ (чымсьці гэты вобраз нагадвае выбітнага мастака Беларусі – Язэпа Драздовіча). Побач са святым ёсць сабак, які трымае ў роце хлеб. Паводле легенды, калі Рох заразіўся на чуму і сышоў у лес, гэты сабак прыносіў яму ежу і залізваў ягоныя раны. На маляўнічым пагорку можна таксама паглядзець капліцу Святога Роха, якая была пабудавана ў 19 стагоддзі на тэрыторыі мясцовых парафіяльных могілак.

Каплічка невялікая, кампактная, выкладзена з трывалай цэглы і палявога бутавага каменю, што вельмі гарманічна спалучаецца з агульным абарончым стылем самога касцёла і брамы-званіцы. Капліца служыла як для пахавальных набажэнстваў, так і ў якасці родавай пахавальні для мясцовай шляхецкай эліты, якая валодала навакольнымі маёнткамі пасля Вольскіх.

Паколькі капліца стаіць на ўзвышшы, ад яе муроў адкрываецца імаверна найлепшы панарамны від на сам касцёл і кляштарную тэрыторыю. Месца пакідае вельмі цёплае ўражанне. Тут няма турыстычнай мітусні, таму можна спакойна паблукаць вакол старых муроў, паслухаць цішыню і адчуць дух сапраўднай шляхецкай Беларусі 17 стагоддзя. Ніжэй кропка з адзнакай гэтай славутасці на мапе:
У гэтым краі будзе таксам цікава паглядзець сядзібу “Жорна” у мястэчку Аляксандраўшчына.










