“Белая Дача” у гордзе Мінск – гэта сапраўдная архітэктурная жамчужына, якая доўгі час была незаслужана забыта, а нядаўна перажыла маштабнае адраджэнне. Што цікава, многія мінчане нават не здагадваюцца, што ў глыбіні маляўнічага парку ў Курасоўшчыне, прама на ўзгорку каля вадасховішча, хаваецца сапраўдны неакласічны міні-палацык.


Сядзіба на Курасоўшчыне – безумоўна адзін з нешматлікіх помнікаў сядзібна-паркавай архітэктуры пачатку 20 стагоддзя, які ацалеў у межах сучаснай сталіцы Беларусі. У гэтага месца багатая і заблытаная гісторыя, поўная легендаў. Што з іх праўда, чаму сядзібу часта называюць дачай Ададурава і які лёс напаткаў будынак – давайце высветляць.

Вакол “Белай Дачы” доўгі час вяліся спрэчкі, нават сёння даследчыкі прапануюць некалькі асноўных версій гісторыі гэтага будынка. Згодна з гістарычнымі дакументамі, напачатку 20 стагоддзя, Курасоўшчына была аддаленай ускраінай Мінска. Гэты маляўнічы куток на ўзгорку належаў мінчанцы Валянціне Маладзецкай. У першай палове 1911 года яго выкупіў мінскі купец і кандыдат прыродазнаўчых навук Маісей Рогаў. Менавіта ён у 1912 годзе пабудаваў тут мураваную летнюю вілу, якую можна паглядзець і сёння.


Аднак доўгі час у краязнаўчых даведніках сядзібу называлі дачай Мікалая Ададурава – буйнога чыгуначнага інжынера і мецэната, які курыраваў будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі. Такая блытаніна ўзнікла з-за таго, што суседнімі ўчасткамі сапраўды валодала адміністрацыя чыгункі, але прамых дакументаў аб прыналежнасці палацыка Ададураву няма.

Але ёсць і яшчэ адна версія-гісторыя. Так мясцовыя старажылы часта распавядаюць рамантычную казку, нібыта сядзібу пабудаваў адстаўны генерал Курасаў, які вечарамі падымаўся на вежу і глядзеў у падзорную трубу на горад. На самай справе генерала Курасава ніколі не існавала, а назва мікрараёна паходзіць ад двара шляхціца Яна Кураша, які валодаў гэтымі землямі яшчэ ў 16 стагоддзі.

“Белая Дача” – гэта прыгожы ўзор архітэктуры неакласіцызму. Будынак цалкам асіметрычны і аб’ёмны, што робіць яго вельмі фактурным для фотаздымкаў з розных бакоў. Галоўная адметнасць – вежка-абсерваторыя (якую ў народзе і лакальных дакументах часта ласкава называлі “зязюляй”).

Сядзіба стаіць на стромкім узгорку, і да яе галоўнага ўвахода вядзе простая мураваная лесвіца. Першапачаткова дом меў чатыры асобныя ўваходы і дзевяць невялічкіх пакояў, аднак апісанні першапачатковых інтэр’ераў, на жаль, былі цалкам страчаны.

Пасля рэвалюцыі 1917 года жыццё ў сядзібе кардынальна змянілася, бо будынак нацыяналізавалі. Спачатку тутака месцілася эксперыментальная сельскагаспадарчая школа, пазней будынак заняў Навукова-даследчы інстытут глебазнаўства і аграхіміі. Пэўны час тут працаваў дзіцячы садок. Напрыканцы 1980-ых і ў 1990-я гады будынку пашанцавала – у ягоных сценах адкрыўся Беларускі цэнтр фальклору. Аднак пасля закрыцця фолк-цэнтра “Белая Дача” апынулася нікому не патрэбнай. Каля 20 гадоў гэтая таямнічая віла стаяла амаль цалкам занядбанай.

У 2016 годзе закінутую сядзібу нарэшце прадалі з аўкцыёну прыватнаму інвестару. З 2017 і па сённяшні час тут вядуцца рэстаўрацыйныя работы. Фасадам сядзібы вярнулі іх гістарычны беласнежны колер і аднавілі арыгінальныя дэкаратыўныя элементы на вокнах і калонах.

Сядзіба знаходзіцца ў маляўнічым лесапарку “Курасоўшчына”. Сюды досыць проста дабрацца на грамадскім транспарце, а шпацыр каля вадасховішча і Белай Дачы стане выдатным планам на выходны дзень у Мінску, ніжэй кропка з адзнакай цікавосткі на мапе:
Вам можа будзе цікава таксама паглядзець дом з гербамі ў Мінску і даведацца як выглядала сталіца ў фільме 1993 года “Гладыятар па найму”.










