Гісторыя Шклоўскага замка – гэта сапраўдны гістарычны дэтэктыў, бо гэты аб’ект доўгі час лічыўся страчаным (па сутнасці так і ёсць, але ўсё адно цікава!). Замак у Шклове – быў магутным помнікам драўлянага і бастыённага дойлідства, які абараняў нашыя землі ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай. А вось калі вы прыедзеце ў сучасны Шклоў, то акрамя знакамітай ратушы і помніка агурку, наўрад ці без падказак знойдзеце месца дзе стаялі замкавыя вежы ці рэшткі былой крэпасці. Справа ў тым, што Шклоў, так бы мовіць, горад-падарожнік, які за сваю гісторыю бадай тройчы змяняў “месцазнаходжанне”. І той самы легендарны Шклоўскі замак сёння трэба шукаць не ў цэнтры горада, а на яго паўднёвай ускраіне – у раёне маляўнічай вёскі Рыжкавічы. На жаль, сёння тутака засталіся толькі валы і рвы, якія нават праглядаюцца не вельмі добра, але калісьці гэта была адна з самых непрыступных крэпасцей рэгіёна.

Гісторыя замка ў Шклове пачалася ў другой палове 16 стагоддзя (мяркуецца, што прыкладна паміж 1560 і 1580 гадамі). Крэпасць збудавалі ў стратэгічным месцы – там, дзе рака Серабранка ўпадае ў Днепр. Шклоўскі замак быў драўляным, таму ад яго нічога не засталося пасля шматлікіх войнаў 17-18 стагоддзяў. Дакладная дата, калі крэпасць была зруйнавана – так і засталася невядомай.


Калі меркаваць, што Шклоўскі замак быў “сэрцам абароны” горада, то Свята-Уваскрасенская царква, якая месцілася побач, была магчыма духоўным цэнтрам усяго тагачаснага Шклова.

Гэта быў прыгожы і велічны мураваны храм з высокімі фігурнымі франтонамі і купаламі, які з’явіўся ў самым канцы 17 стагоддзі (часам згадваецца дакладная дата – 1702 год). Гісторыя гэтага аб’екта хавала ў сабе некалькі пластоў, якія археолагі змаглі раскрыць толькі нядаўна. Раскопкі і даследавання праводзіліся ў 2003 годзе.


Ёсць важны факт, для разумення, чаму гэты храм месціўся так далёка. Калі ў канцы 18 стагоддзя жудасны пажар знішчыў усё “Места Шклоўскае”, новы ўладальнік горада, граф Чартарыйскі, загадащ не аднаўляць папярэднія лакацыі. І наўпрост вырашалі горад перанесці на некалькі кіламетраў у бок (туды, дзе ён і стаіць цяпер). Усе старыя дамы з часам зніклі, а вось мураваная Уваскрасенская царква засталася адзінока стаяць сярод пустых палёў яшчэ доўгія гады.

Муры храма перажылі стагоддзі і нават суровыя баі Другой сусветнай вайны (у архівах захаваліся фотаздымкі 1940-х гадоў, дзе будынак стаіць амаль цэлы). На жаль, тое, што не знішчылі войны, знішчыў антырэлігійны падыход, які панаваў за савецкім часам. Так у 1960-ым годзе, старадаўні будынак узарвалі.

Але калі напрыклад ад замка не засталося аніякіх слядоў, то на месцы царквы злёгку праглядаюцца глыбокія падмуркі, што зарастаюць травой на беразе Серабранкі. Аднак гэтае месца дагэтуль прыцягвае вандроўнікаў, бо менавіта тут, на стыку замкавых “схілаў” і старых цагляных падмуркаў, можна адчуць дух таго самага сапраўднага, старажытнага Шклова, які калісьці быў багатым магнацкім цэнтрам.


Ніжэй кропка з месцам, дзе стаяла царква:
Недалёка можна таксама паглядзець бадай што адзіны ў Беларусі бісхайм і старыя габрэйскія могілкі ў Данькавічах.










