Капыль бадай што ідэальны варыянт для няспешнай вандроўцы на адзін дзень (асабліва з Мінска ці Слуцка), бо тут няма натоўпаў турыстаў, затое ёсць утульная атмасфера старога беларускага мястэчка. Капыль – гэта горад і раённы цэнтр Мінскай вобласці, афіцыйная дата ягонага “нараджэння” – 1005 год (раней лічыўся 1247 год). Нягледзячы на ​​такую ​сур’ёзную гісторыю, сучасны Капыль дастаткова малады (мае статус горада толькі з 1944 года). Актыўна развіваўся і рос у колькасці насельніцтва да 2000-ых (колькасць жыхароў даходзіла ажно да 11 тысяч чалавек), а вось сёння афіцыйна тутака пражывае каля 9300 жыхароў. Давайце разбяромся што цікавага можна паглядзець у Капылі і якія славутасці тут ёсць.

Капыль царква

Капыль радавая забудова

Перш за ўсё, па традыцыі ўсіх падарожжаў, лепей адправіцца да гістарычнага цэнтру. Тут захавалася радавая забудова з прыгожымі мадэрнісцкімі дамкамі, якія месцяцца на пляцы Леніна. Падобныя будынкі можна ўбачыць у шмат якіх гарадах і мястэчках Беларусі (добрыя прыклады ёсць ў Паставах і Дзятлава).

Гістарычны цэнтр Капыль

Цэнтр Капыля

Гэтыя дамы будаваліся ў канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя і ў асноўным належалі мясцовым заможным габрэям. На першых паверхах звычайна працавалі розныя лаўкі і рабіліся паслугі, а вось мансарды і другія паверхі ўжо былі жылыя.

Што паглядзець у Капылі?

Радавая забудова Капыля

Па суседстве з плошчай Леніна знаходзіцца мабыць галоўная цікавостка Капыля – Спаса-Ушэсцеўская царква. Гэты храм пабудаваны ў 1866 годзе і верагодна сёння з’яўляецца адным з найстарэйшых будынкаў горада.

Спаса-Ушэсцеўская царква Капыль

Калісьці ў Капылі быў і каталіцкі старых храм – касцёл Святых Пятра і Паўла. Але за савецкім часам гэты шыкоўны неагатычны храм зачынілі і з часам грунтоўна перабудавалі пад рэстаран, які працуе і зараз.

Былы касцёл у Капылі

Калі ўважліва прыгледзецца да старога здымка, то бачна, што часткова захаваліся сцены і франтон былога касцёла.

Старое фота касьцёл у Капылі
Так выглядаў касцёл першапачаткова, фота зроблена ў пачатку 20 стагоддзя

Сучасны касцёл у Капылі пабудавалі ў 2000-ых гадах, у ягонай архітэктуры ёсць рысы стыляў мадэрн і можа нават неабарока.

Касцёл у Капылі

Побач з будынкамі касцёла і царквы – мясцовы краязнаўчы музей. Тут вас чакаюць наступныя экспазіцыі: “Археалагічная гісторыя Капыльшчыны”, “Мястэчка Капыль канца XIX – пачатку XX стагоддзя”, зала спадчыны і выбітных землякоў, а таксама часовыя экспазіцыі. Музей працуе штодня з 9 да 18, выходны панядзелак, уваходны квіток каштуе каля 5 рублёў.

Музей Капыля

Будынак музея – гэта аўтэнтычная капыльская гарбарная майстэрня канца 19 стагоддзя, менавіта ў гэтых сценах, малады беларускі пісьменнік Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны) пачынаў свой самастойны працоўны шлях простым гарбаром.

Помнік у Капылі

За музеем пачынаецца капыльскі парк (Алея пісьменнікаў), дзе ўсталяваны вялікія літары на якіх імёны вядомых пісьменнікаў Беларусі і QR-коды, па якіх можна перайсці і больш падрабязней азнаёміцца ​​з творчасцю аўтараў. Усяго літар 17, а ў спісе каля 50 прозвішчаў.

Цэнтральны парк Капыля

Відаць, што адміністрацыя Капыля крыху надае ўвагу нашай культуры, бо ў горадзе таксама багата муралаў у гонар пісьменнікаў, пісьменства і проста тэматычных – выглядае вельмі годна.

Мурал з Алесем Адамовічам у Капылі

Мурал у Капылі

Муралы Капыля

Пасля шпацыру па цэнтры Капыля і парку абавязкова трэба падняцца на Замкавую гару (гарадзішча). Менавіта з гэтага ўзгорка, акружанага ракой Мажа і сажалкамі, пачыналася гісторыя паселішча больш за тысячу гадоў таму.

Капыль гарадзішча

У 14-17 стагоддзях тутака стаяў драўляны замак князёў Алелькавічаў, які быў умацаваны валамі і равамі.

Замчыша Капыля

Сам замак да нашых дзён не захаваўся, але месца мае моцную энергетыку, да таго ж з Замкавай гары адкрываецца цудоўная панарама на горад і маляўнічыя краявіды (нездарма Капыльшчыну часам называюць мясцовай “Швейцарыяй” за ейныя рэльефы).

Капыль краявіды

Для тых, хто любіць атмасферныя гістарычныя лакацыі, цікавым пунктам стануць старыя габрэйскія могілкі. У Капылі захаваліся дзясяткі старадаўніх каменных пліт – мацэваў з надпісамі на іўрыце. Гэта маўклівы напамін пра даваенную гісторыю Капыля, калі значную частку насельніцтва мястэчка складалі габрэі-рамеснікі і гандляры.

Габрэйскія могілкі Капыль

Яўрэйскія могілкі Капыль

Акрамя хрысціянскай і габрэйскай гісторыі, у Капылі ёсць яшчэ адзін надзвычай цікавы пласт – татарскі. Татары з’явіліся тут яшчэ на пачатку 16 стагоддзя – пасля знакамітай бітвы пад Клецкам (1506 год), калі палонныя крымскія татары прысягнулі на вернасць мясцовым князям Алелькавічам і засталіся служыць князю. Менавіта татары прынеслі ў горад славутае майстэрства гарбарства (вырабы скуры), якім Капыль славіўся стагоддзямі. Адзіным, так бы мовіць, матэрыяльным сведкам жыцця мясцовай татарскай грамады застаўся мізар (мусульманскія могілкі), якія знаходзяцца ў раёне Трактарнага завулка.

Капыль могілкі татарскія

На некаторых камянях можна пабачыць нават надпісы кірыліцай, спалучаныя з мусульманскай сімволікай (паўмесяцы, цытаты з Карана).

Могілкі татарскія Капыль

Герб Капыля

Хоць у Капылі і няма старажытных маёнткаў, горад прыемна здзіўляе атмасферай і акуратнасцю. Калі будзеце ў гэтым краі, раю дадаць некалькі дадатковых пунктаў для вашай вандроўкі:

  1. Будзе цікава наведаць былы маёнтак Пукава і паглядзець руіны царквы ў вёсцы Камсамольская.
  2. Сядзібы Грозаў і Гразовак (першую зараз павольна аднаўляюць).
  3. Цімкавічы дзе захавалася старадаўняя брама царквы і падмуркі касцёла, а таксама бровар Радзівілаў.
  4. Макраны і Кунцаўшчына – былыя маёнткі, якія належалі Вайніловічам.

 

View this post on Instagram

 

A post shared by Sasha Poshykovich (@poshyk.info)

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here