Старыя хрысціянскія могілкі ў Вішневе – гэта не проста месца спакою, а дзесьці нават гістарычны пантэон і “музей” пад адкрытым небам. Тутака сапраўды багата цікавых надмагілляў, якія варта паглядзець калі заедзеце ў гэты куток Валожыншчыны.

Старыя могілкі ў Вішневе

Старыя могілкі ў Вішневе

Тут на могілках у Вішневе знаходзіцца вельмі цікавы для нашых некропаляў помнік – невялічкая мураваная капліца-надмагілле Ганны Браноўскай. Гэты аб’ект дакладна вылучаецца на фоне звычайных крыжоў і помнікаў.

Вішнева капліца

Капліца датуецца 1840-мі гадамі, была ўзведзена пасля смерці мясцовай шляхцянкі Ганны Браноўскай. Ганна нарадзілася ў 1822 годзе і належала да шляхецкага роду Савіцкіх герба “Любіч”. Выйшла замуж за прадстаўніка роду Браноўскіх герба “Кораб”, на вялікі жаль, яе жыццёвы шлях аказаўся кароткім – яна памерла ў 1844 годзе ва ўзросце ўсяго 22 гадоў. Гербы ейнай сям’і ўпрыгожваюць капліцу.

Вішнева гербы

У шляхецкай культуры 19 стагоддзя існавала традыцыя будаваць надмагільныя капліцы ў выглядзе мініяцюрных дамкоў – умоўна чатыры сцены і двухсхільны дах з франтонам. Гэта па сутнасці была прамая рэдукцыя вобраза звычайнага чалавечага жыцця: лічылася, што пасля смерці чалавек атрымлівае свой новы, вечны мураваны “дом”. Нават на старых эпітафіях у такіх месцах часта пісалі акронім D.O.M. (Deo Optimo Maximo), які ў народнай свядомасці сімвалізаваў вечны “дом Госпада”.

Капліца Ганны Браноўскай Вішнева

Старыя могілкі ў Вішневе цікавыя не толькі надмагіллямі, але і ваеннай гісторыяй. Так у 1915-16 гадах, прама каля Вішнева, надоўга ўсталявалася лінія фронту Першай сусветнай вайны.

Старыя могілкі ў Вішневе

Тут вяліся цяжкія пазіцыйныя баі паміж кайзераўскімі і расійскімі войскамі. Гуляючы па гэтых могілках, злёгку заўважыце, што рэльеф зямлі тутака даволі няроўны. Бо літаральна паміж старымі магіламі цягнуліся акопы і траншэі. Сёння можна нават адшукаць рэшткі ваенных фартыфікацыйных умацаванняў тых часоў.

Старажытныя могілкі Вішнева

Незвычайнае надмагілле

У Вішневе, на гэтых самах могілках, была ў 1989 годзе пахавана ўрна з прахам беларускай паэткі Канстанцыі Буйло, якую перавезлі з Масквы. Нягледзячы на тое, што Канстанцыя пражыла бадай што ўсё жыццё ў расійскай сталіцы, яна заўсёды тужыла па Беларусі і завяшчала пахаваць сябе на радзіме ў Вішнева. Пасля ейнай смерці ў Маскве ў 1986 годзе спатрэбілася яшчэ тры гады, каб выканаць яе апошнюю волю.

Канстанцыя Буйло
Памятная шыльда на мясцовай школе ў Вішневе ў гонар Канстатацыі Буйло

На вішнеўскіх могілках таксама спачывае яшчэ адзін волат беларускага духу – паэт, святар, перакладчык і краязнаўца Пятро Бітэль (“Леанід з-пад Вішнева”).

Хрысціянскія могілкі ў Вішневе

На могілках у Вішнева можна ўбачыць і дзіўныя знакі на надмагіллях – грыбы. Падобнае ёсць і на іншых некропалях Валожынскага раёна, але што гэта дакладна значыць – не ведаю.

Могілкі з грыбамі

Надмагілле з грыбамі

Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:

У Вішневе яшчэ раю паглядзець касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі і былую сядзібу Храптовічаў  “Адравонж”.

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here