Калі вы плануеце паездку ў Івянец – утульнае мястэчка, якое служыць сапраўднымі варотамі ў Налібоцкую пушчу, – акрамя велічных касцёлаў абавязкова зазірніце да музея традыцыйнай культуры, які здольны здзівіць нават бывалых вандроўнікаў. Гэта не проста калекцыя пыльных экспанатаў, а жывое месца, дзе да мінуўшчыны можна літаральна “дакрануцца” рукамі і адчуць дух багатай гісторыі Беларусі.

Гісторыя музея ў Івянцы досыць незвычайная, кропку адліку ўстанова бярэ з 11 верасня 1957 года. Праўда, адкрываўся ён зусім не як этнаграфічны цэнтр, а як мемарыяльны музей Фелікса Дзяржынскага (знакаміты рэвалюцыянер, які нарадзіўся непадалёку ад Івянца, у маёнтку Дзяржынава). Сам музей знаходзіцца ў двухпавярховым мураваным будынку, які быў узведзены “за польскім часам” у 1930-ыя гады і сам па сабе з’яўляецца цікавым помнікам архітэктуры. З часам мемарыяльная экспазіцыя Дзяржынскага пераехала на яго радзіму, а ў Івянцы пачалі збіраць тое, чым гэтыя мясціны славілася стагоддзямі – унікальныя рамёствы.

Афіцыйна сваю сучасную назву і статус музей набыў 23 студзеня 2006 года. Сёння ён працуе як філіял ДУ “Валожынскі краязнаўчы музей”. Музейны фонд налічвае больш за 18 тысяч экспанатаў. Уся прастора падзелена на некалькі адметных экспазіцыйных залаў, кожная з якіх мае свой характар і асаблівасці.

Вас чакае гісторыка-этнаграфічны раздзел, дзе сабраны рэдкія старыя фатаграфіі, дакументы, кнігі і прадметы побыту жыхароў Івянца і ваколіц канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў. Асобнае месца займаюць матэрыялы пра Салагубаў, Тышкевічаў і іншых уладальнікаў мястэчка.

Івянец здаўна лічыўся адным з галоўных ганчарных цэнтраў Беларусі. У гэтай зале вы знойдзеце лепшыя ўзоры мясцовай школы ганчарства, упрыгожаныя знакамітай “фляндроўкай” (асаблівым спосабам роспісу глінянага посуду).

І канечне зяла “казка Апалінарыя Пупко” – сапраўдны эксклюзіў музея. Тут выстаўлены арыгінальныя работы самабытнага народнага майстра-разьбяра па дрэве Апалінарыя Пупко. Яго драўляныя скульптуры, выкананыя з неверагоднай дэталізацыяй, літаральна ажываюць на вачах. Экспазіцыя дапоўнена суровай і таямнічай культавай пластыкай івянецкіх майстроў 18 стагоддзя.

Акрамя асноўнага будынка, абавязкова трэба наведаць і сядзібна-паркавы комплекс на тэрыторыі былога маёнтка Плявакаў (па вуліцы Прамысловай). Там, у старадаўніх гаспадарчых пабудовах пачатку 20 стагоддзя, месціцца “Музей местачковага побыту”, аўтэнтычная кузня і рэканструяваная “Карчма”.

Галоўная фішка Івянецкага музея – пры ім дзейнічае паўнавартасны цэнтр рамёстваў. Гэта не проста экспанаты пад шклом, бо тут адноўлены і працуюць сапраўдныя майстэрні. Ёсць ганчарства, ткацтва (майстры пакажуць, як працуюць старадаўнія кросны), кавальства (у сапраўднай дзеючай кузні). Для турыстаў і груп музей ладзіць выдатныя інтэрактыўныя праграмы, тэатралізаваныя экскурсіі і майстар-класы, дзе кожны можа паспрабаваць сам зляпіць свой першы гліняны збан ці выкаваць сувенір на памяць. Час працы музея: аўторак – нядзеля з 10:00 да 19:00 (каса працуе да 18:30). Панядзелак – выходны. Ніжэй кропка з адзнакай цікавосткі на мапе:
Пасля музея зазірніце да неагатычнага касцёла Святога Аляксея і велічнага касцёла Святога Міхаіла Арханёла, а таксама завітайце на абед у мясцовую кавярню “У францішканаў”.










