Мядзел – гэта невялікі горад Мінскай вобласці і цэнтр аднайменнага раёна, які месціцца паміж азёрамі Мястра і Баторын. У гістарычных дакументах сустракаюцца назвы: Мядзел, Мядзела, Мядзнол, Мядзюль. Мяркуецца, што сама назва “Мядзел” паходзіць ад літоўскага “medinis”, што значыць лясны, драўляны. У горадзе багата цікавостак, да таго ж, на паўвыспе засталося былое гарадзішча на якім калісьці стаяла крэпасць. Мясцовыя гэтую лакацыю часам называюць проста – Мядзельскі замак, зараз гэта папулярны аб’ект для адпачынку і даволі маляўнічая эка-сцежка.


Гарадзішча ці Селішча з трох бакоў абмывалася вадой, з чацвёртага (заходняга) мела роў шырынёй каля 20 метраў – з гэтага боку зараз як раз зроблены драўляны насціл.

Гісторыкі мяркуюць, што замак на гэтым месцы быў збудаваны ў другой палове 16 – ці напачатку 17 стагоддзя. Пляцоўка замчышча была абнесена мурам таўшчынёй каля 2 метраў з паўкруглымі бастыёнамі. У паўднёва-ўсходнім куце замка размяшчалася вежа, а з заходняга боку да яе прымыкаў палац.

Мядзельскі замак доўгі час быў месцам, які абараняў мясцовых жыхароў, аднак бясконцыя войны сваё зрабілі. Так крэпасць разбурылі пад час Паўночнай вайны 1700-21 гадоў і больш ужо не адбудоўвалі.

Ніжэй кропка з месцам дзе прыкладна і стаяў гэты замак:
У горадзе будзе яшчэ цікава паглядзець касцёл Маці Божай Шкаплернай. Таксама раю заехаць у вёску Гулі і па магчымасці заехаць у Сітцы, дзе можна ўбачыць браму Дамейкаў.










