Касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў Навагрудку – гэта яскравы помнік архітэктуры, які спалучае ў сабе пышнае віленскае барока і позні класіцызм. Храм знаходзіцца ў самым цэнтры гістарычнага горада, непадалёку ад замкавай гары. Як разумееце, гэты касцёл застаў шмат выпрабаванняў і выклікаў, перажыў пажары, разбурэнні і змены эпох, але захаваў сваю непаўторную энергетыку і статут аднаго з галоўных духоўных цэнтраў краю. У гэтым артыкуле кораценька раскажу гісторыю гэтай цікавосткі і чаму абавязкова трэба зазірнуць унутр.

Навагрудскі касцёл гісторыя

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла ўнутры
2026 год

Гісторыя гэтага храма пачалася яшчэ ў далёкім 1624 годзе, калі віленскі канюшы (пазней ваявода) Крыштаф Хадкевіч запрасіў у Навагрудак манахаў-дамініканцаў і фундаваў для іх драўляны касцёл (першапачаткова святыня была асвечана ў гонар Святога Яцэка).

Касцёл Навагрудак
2016 год

Аздоба касцёла ў Навагрудку

Праз некаторы час, замест драўлянага, дамініканцы ўзвялі мураваны будынак з рысамі стылю барока. На жаль, ужо ў 1751 годзе касцёл моцна пацярпеў ад жудаснага пажару, які бадай што знішчыў увесь горад. Падчас аднаўлення, ягоны архітэктурны выгляд набыў рысы класіцызму, а сам храм асвечаны ў гонар Міхаіла Арханёла – нябеснага заступніка Навагрудка.

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла Навагрудак фота

Касцёл уяўляе сабой трохнефную безвежавую базіліку з паўкруглай апсідай. Ягоны галоўны фасад прыцягвае ўвагу строгімі лініямі, шырокім карнізам і трохвугольным франтонам.

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў Навагрудку
2019 год

Навагрудак касцёл роспіс

Унутры храма варта звярнуць увагу на галоўны алтар, дзе захоўваецца ўнікальны абраз Святога Арханёла Міхаіла, які быў створаны ў сярэдзіне 17 стагоддзя.

алтар касцёл Навагрудак

Жыхары горада здаўна верылі, што менавіта гэты вобраз выратаваў Навагрудак ад поўнага знішчэння падчас бязлітаснай вайны 1654-1661 гадоў.

Касцёл Навагрудак унутры

Таксама звярніце ўвагу на арган, якому ўжо каля 200 гадоў. І канешне крыпта – якую варта наведаць.

Навагрудак касцёл склеп

Старажытныя сутарэння касцёла стагоддзямі служылі месцам пахавання для манахаў-дамініканцаў і мясцовай шляхты.

Труна ў касцёле

Падчас паўстанняў 19 стагоддзя гэтыя падзямеллі служылі таемным сховішчам для каштоўных рэчаў і зброі. Існуе гарадская легенда, што з крыпты касцёла калісьці вёў падземны ход нават да самога Навагрудскага замка.

Сутарэнне касцёла ў Навагрудку

Касцёл Святога Міхаіла цесна звязаны з імем славутага паэта Адама Міцкевіча. Пры дамініканскім кляштары дзейнічала школа, у якой будучы геній літаратуры вучыўся з 1807 па 1815 год. Сёння дом-музей паэта знаходзіцца літаральна ў некалькіх кроках ад храма. Дамініканская школа пры касцёле была сапраўднай “кузняй талентаў” 19 стагоддзя. Акрамя Адама Міцкевіча, яе выпускнікамі былі ягоныя блізкія сябры, – паэт і філамат Ян Чачот, а таксама Тамаш Зан.

Адам Міцкевіч Навагрудак касцёл

Інтэр’ер касцёла Святога Міхаіла Арханёла ўражвае сваёй манументальнасцю. Столь касцёла выканана ў выглядзе цыліндрычных скляпенняў на распалубках, якія ўпрыгожаны стрыманай ляпнінай і геаметрычнымі рэльефнымі лініямі.

Інтэр’ер касцёла ў Навагрудку

Бакавыя алтары прысвечаны шанаваным каталіцкім святым, у прыватнасці, адзін з іх звязаны з дамініканскай гісторыяй касцёла і Святым Яцэкам (першапачатковым заступнікам храма).

Маці Божай з Дзіцяткам Езус Навагрудак

Алтары аздоблены пілястрамі, скульптурнымі выявамі анёлаў і тонкай разьбой па дрэве. Сцены касцёла маюць светлае, амаль белае адценне, што візуальна павялічвае прастору. На калонах і сценах размешчаны маляўнічы роспіс Крыжовага шляху Хрыста – серыя карцін у фігурных рамах, якія адлюстроўваюць пакуты Езуса.

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла ўнутры

Яшчэ адна цікавостка храма – гэта так званы “Навагрудскі грааль”, копія якога месціцца ў крыпце. Так у адмысловай вітрыне выстаўлена 3D-копія Кубка Святой Ядвігі (арыгінал якога быў знойдзены на суседнім Малым замку). Кубак выкананы з неверагоднай дэталізацыяй: на ім можна разгледзець рэльефныя фігуры льва, грыфона і дрэва жыцця. Гэты артэфакт падкрэслівае глыбокую духоўную спадчыну горада і дазваляе кожнаму верніку і турысту дакрануцца да таямніцы “Навагрудскага грааля” у атмасферы дзеючай святыні.

Кубак святой Ядзвігі Навагрудак

У 1948 годзе савецкія ўлады зачынілі касцёл і ператварылі яго ў мэблевы склад і краму. Велічную залу падзялілі перакрыццямі на паверхі. Доўгі час у алтарнай частцы і нефах, дзе раней маліліся вернікі, размяшчаліся склады, а пасля – звычайная гарадская крама мэблі і гаспадарчых тавараў.

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла Навагрудак старое фота
Канец 80-ых

Пасля чарговага пажару ў 1976 годзе будынак доўга стаяў у руінах. Толькі ў 1992 годзе святыню вярнулі вернікам і дзякуючы доўгай рэстаўрацыі, касцёл зноўку адчыніў свае дзверы.

Касцёл Навагрудак

Кляштар дамініканцаў у Навагрудку

Касцёл не проста адрадзіўся, ён стаў адным з турыстычных брэндаў Беларусі і дакладна Навагрудка. Храм і ягоная парафія рэгулярна прымаюць пілігрымаў, а ў 2024 годзе касцёл атрымаў афіцыйны рэспубліканскі дыплом як “Аб’ект рэлігійнага турызму года” на конкурсе “Пазнай Беларусь”. Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:

Недалёка знаходзіцца замак у Любчы, а такса адзін з найстарэйшых касцёлаў Беларусі.

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here