Адзін з найстарэйшых касцёлаў Беларусі знаходзіцца ў вёсцы Уселюб, Гродзенская вобласць. Храм, як мяркуецца, будаваўся ў першай палове 15 стагоддзя і верагодна цалкам скончаны да 1433 года. За сваю доўгую гісторыю храм зменьваў назвы, канфесіі і вонкавае аблічча, але нягледзячы на гэта, сёння касцёл Святога Казіміра ва Уселюбе адна з галоўных цікавостак гэтага рэгіёну.


Часцей за ўсё будаўніцтва касцёла звязваюць з імем Яна Неміра (род Неміровічаў), які валодаў Уселюбам у тыя часы. Калі гэтыя землі перайшлі да Радзівілаў, храм ператварылі ў кальвінскі збор (з 1576 па 1642 гады), а потым будынак зноўку вернуты католікам па ініцыятыве біскупа віленскага Станіслава Давойны. Пасля таго як касцёл быў павернуты, яго асвяцілі ў гонар Святога Казіміра, першапачаткова меў тытул Святога Яна Хрысціцеля.


Па сваёй архітэктуры касцёл аскетычны, адносіцца да стылю готыкі, магчыма адзін з самых яскравых прыкладаў на тэрыторыі Беларусі. Зразумела, што з часам касцёл перабудоўваўся і набываў рысы іншых стыляў архітэктуры. Дамінантнае становішча займае трох’ярусная вежа-званіца (пабудавана значна пазней – у 1897 годзе).

Храм прыкладна 24 метры ў даўжыню і 13 метраў у шырыню, накрыты двухсхільным дахам.


Сёння пад шматлікімі напластаваннямі цяжка ўбачыць гатычную даўніну ўселюбскага касцёла, але пра ягоную старажытнасць сведчыць будаўнічая тэхніка. Падмурак пабудовы заглыблены на 2 метра адносна тагачаснага ўзроўню зямлі, яго ніжнія рады выкладзены з вялікіх і сярэдніх валуноў.

Сцены змураваны з гладкай цэглы ў тэхніцы лусковай муроўкі з гатычнай перавязкай. У канцы 16 стагоддзя, калі храмам валодалі кальвіністы, быў зменены характар перакрыцця ўнутранай прасторы, гатычныя скляпенні заменены драўлянай столлю, разабраны апорны слуп і счасаны контрфорсы, якія сталі непатрэбнымі без нагрузкі мураваных скляпенняў.

За савецкім часам лёс касцёла быў досыць туманны. Антырэлігійная палітыка была несумяшчальная з функцыянаваннем храма, таму як вынік, будынак стаяў напаўзакінутым. У 1986 годзе здарыўся пажар, які толькі пагоршыў стан. Нягледзячы на гэта ў 1988 пачалася доўгачаканая рэканструкцыя, а з 1991 года храм стаў зноў дзейным і прымаў вернікаў.

Зайшоўшы ў касцёл Святога Казіміра па-сапраўднаму здзівіўся сціплым памерам і інтэр’еру. Затое дзверы храма заўсёды адчыненыя для ўсіх жадаючых.


Пахавальня О’Руркаў
Касцёл Святога Казіміра часткова звязаны і яшчэ з адным прозвішчам – О’Руркаў, так на касцельных могілках, адразу за храмам, захавалася іхняя радавая капліца-пахавальня.

Яна была пабудавана прыблізна ў 1837 годзе (захавалася таблічка з датай), у той перыяд Іосіф О’рурк як раз актыўна займаўся развіццём мястэчка Уселюб. Адбудаваў сядзібу (часткова ацалелі некаторыя гаспадарчыя пабудовы), даў грошы на будаўніцтва царквы Святога Міхаіла Арханёла.

Сама пахавальня О’Руркаў каменная, па стылі архітэктуры – класіцызм. Складаецца з двух узроўняў: верхні – капліца, а ніжні склеп. Мяркуючы па фатаграфіях 2000-2010 гадоў, доўга стаяла занядбанай, а ў 2017 годзе нават быў знішчаны франтон, які потым замянілі на драўляны варыянт.

На могілках ёсць некалькі цікавых помнікаў, абавязкова звярніце ўвагу на скульптуру святога без галавы.

Касцёл у аграгарадку Уселюб лёгка знайсці, у цэнтры населенага пункту згарніце праваруч, храм будзе добра бачны яшчэ здалёк.
Што яшчэ паглядзець у гэтым рэгіёне? У 20 кіламетрах – Навагрудак, былая сталіца ВКЛ, дзе безліч цікавостак, а калі рухацца на ўсход, дык вас чакаюць руіны сядзібы ў Вераскава і Любчанскі замак.










