Любча, паводле археалагічных звестак і даследаванняў, вядома ажно з сярэдзіны 13 стагоддзя. Ёсць меркаванне, што ў 1251 годзе, у Любчанскім касцёле, князь Міндоўг нават прыняў хрысціянства, а дзесьці ў 1281 годзе, тутака пачалі будаваць драўляны замак. Той будынак які можна паглядзець сёння па-свойму з’яўляецца нашчадкам той старажытнай крэпасці. Аднак у вірах Любчанскай гісторыі хапае блытаніны і прабелаў, да таго ж, замак не раз разбураўся і перабудоўваўся, пры гэтым звонку цалкам зменьваўся. Менавіта праз гэта, так складана адсачыць дасканала ягоны лёс.



Як думаю зразумела, першапачаткова замак быў выкананы цалкам з дрэва, але ж застаецца пытанне калі ён стаў мураваным? Хутчэй за ўсё тады, калі Любча атрымала Магдэбургскае права, а гэта 1590 год. У тыя часы тут кіраваў Ян Кішка, – буйны магнат і вядомым дзеяч ВКЛ, цалкам імаверна, што пры ім вакол крэпасці з’явіўся роў з трох бакоў, а таксама ўзведзена вялікая каменная вежа на магутным падмурку. Часам нават сустракаецца дакладная дата будаўніцтва замка ў Любчы – 1581 год.

Вядома, што пасля смерці Яна Кішкі землі і замак перайшлі да Крыштафа “Перуна” з Радзівілаў, які атрымаў Любчу ў якасці пасагу. Ён не толькі працягнуў будаўніцтва замка, але і паспрыяў развіццю тыпаграфіі ў гэтым мястэчку.

Пры Радзівілах амаль усе замковыя драўляныя пабудовы замянілі на каменныя. На тэрыторыі комплексу таксама з’яўляецца храм са званіцай. Аднак гісторыя беларускіх зямель поўна выклікаў і разбурэнняў, якія не абыходзілі і Любчу.


У 1655 годзе Любчанскі замак Кішак і Радзівілаў разбурае казацкі атрад Івана Залатарэнкі ў адплату Янушу Радзівілу (ён удзельнічаў у вайне з казакамі Багдана Хмяльніцкага). Пераемнікі Радзівіла часткова аднаўляюць крэпасць, але да былой велічы вельмі далёка, і доўгія гады лёс замка нікому не быў цікавы.

Радзівілы бясконцы сварыліся, таму адбываліся частыя змены ўладароў, а Любча стала ўспрымацца хутчэй як “плацдарм” для збору падаткаў. Новы росквіт мястэчка адбыўся ў другой палове 19 стагоддзя, калі Любча перайшла да старадаўняга роду Вітгенштэйнаў, які меў нямецкае паходжанне.

Замак, які тады ўжо амаль страціў сваё абароннае значэнне, стаў кампазіцыйным ядром новага ансамбля тых самых Вітгенштэйнаў. Так замест драўлянага палаца, у 1870 годзе, быў пабудаваны новы шыкоўны будынак у неагатычным стылі.


На яго будаўніцтва дарэчы выкарыстоўвалі цэглу з старых замкавых сцен. Таксама часткова прыстасавалі старое жылое крыло, якое выкарыстоўвалі яшчэ пры драўляным палацы, як флігель. Як выглядаў той палац можна ўбачыць на старых фота.

Будынак меў цэнтральны двухпавярховы корпус, а на тарцах – аднапавярховыя “крылы”. Па вуглах палаца і цэнтральнага рызаліту размяшчаліся вежачкі з зубчастымі завяршэннямі, бакавыя фасады ўпрыгожвалі амбразуры і фальш байніцы. Новы палац будаваў унук Дамініка Радзівіла – Пётр Вітгенштэйн.

Нягледзячы на ўсё багацце комплексу, ён хутчэй быў летняй рэзідэнцыяй, чым асноўным маёнткам.

Уезд у замак заўсёды быў з боку галоўнай надбрамнай вежы: даволі невысокай, чатырох’яруснай, у ніжняй частцы яна мае форму куба, прыкладна 10 на 10 метраў, які ў верхняй палове змяняўся васьміграннікам з шатровым дахам.


Наступная вежа “па вартасці” – трох’ярусная, была збудавана ў 17 стагоддзі, памерам прыкладна 8,3 на 8,3 метра.

Узведзена на магутным падмурку, прамавугольная.

Дзве іншыя вежы размяшчаліся ля грэбеня тэрасы Нёмана.


Усходняя з іх была цалкам страчана ў сувязі з разбурэннем тэрасы водамі Нёмана, а ад чацвёртай – захавалася ў зямлі падмуркі.

У канцы 19 стагоддзі Вітгенштэйны прадалі Любчу разам з Налібоцкай пушчай братам Фрэдэрыку і Каралю Фальц-Фейнам. З часам, частка маёнтка перайшла да іхняй сястры Лідзіі фон Пэйкер, якая з мужам Дзмітрыям Набокавам, па сутнасці і сталі апошнімі незалежнымі гаспадарамі Любчанскага замка.

За часам Першай сусветнай вайны, а затым і Другой, Любчанскі замак моцна пацярпеў. Некалі прыгожы палац стаяў у руінах. На ягоных падмурках была збудавана мясцовая школа, будынак якой захаваўся і сёння.

Да 2003 года, агулам замак стаяў занядбаным, вежы і флігель руйнаваліся.

Затым энтузіясты пачалі аднаўляць і рэканструяваць былы замак Кішак і Радзівалаў па свайму бачанню. Праз гэта ў інтэрнэце хапае як негатыўных так і станоўчых водгукаў аб іхняй працы.

Гэтая ўнікальная цікавостка знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Любча, Гродзенская вобласць, Навагрудскі раён, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
У гэтым краі будзе таксама цікава паглядзець былую сядзібу ў Вераскава і заехаць да касцёла Святога Казіміра ва Уселюбе.








