Вераскава – гэта даволі буйная вёска ў Навагрудскім раёне. Гісторыя ў гэтага мястэчку багатая, але ўжо парадкам забытая і па ўсёй бачнасці мала каму цікавая. Па чутках, тут нават некалі знайшлі манеты часоў Рымскай імперыі. Аднак сёння Вераскава выглядае даволі сумна, галоўныя цікавосткі, – гэта сядзіба Дыбоўскіх і Брахоцкіх, капліца-пахавальня, ну і таксама рэшткі старога бровара.



Калісьці гэтыя землі належалі Вацлаву з роду Неміровічаў, імаверна, што менавіта пры ім і пачалося фармаванне сядзібнай забудовы, а гэта на хвілінку – 16 стагоддзе. Але ж, безумоўна, тая частка сядзібы, якая часткова захавалася сёння, была пабудавана значна пазней – у першай палове 19 стагоддзя.

У тыя часы Вераскава валодаў Томаш Дыбоўскі. Ягоная дачка выйшла замуж за Уладзіслава Брахоцкага, пры якім сядзіба ўжо значна пашырана, былі дабудаваны драўляныя бакавыя крылы, а таксама маляўнічая вежа. Ніжэй на старым фота можна ўбачыць як сядзібны дом выглядаў у свае найлепшыя гады.


Брахоцкія і Дыбоўскія актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1863 года. За што тагачасны ўладар маёнтка, Уладзіслаў Брахоцкі, быў арыштаваны і сасланы ў Сібір, пасля 10 гадоў пакарання павернецца ў Вераскава дзе і застанецца.


Апошнім уладальнікам сядзібы ў Вераскава стане ўнук Уладзіслава – Станіслаў Брахоцкі. У 30-ыя гады, мінулага стагоддзя, у сценах сядзібы арганізуюць народны дом. Пасля Другой сусветнай вайны будынак выкарыстоўвалі для адміністрацыйных мэт завода, а затым і наўпрост закінулі. Менавіта таму, у былой сядзібы сёння такі занядбаны стан.


Ад былой велічы маёнтка падаецца, што анічога і не засталося. Драўляныя часткі даўно знеслі і разабралі, ацалеў толькі асноўны цагляны аб’ём будынка. Унутры няма перакрыццяў, цудам трымаецца чыгунны балкон і дах.


Наступная цікавостка ў Вераскава, гэта капліца-пахавальня тых самых Брахоцкіх. Будынак знаходзіцца ў маляўнічым месцы ў лясным масіве, крыху на аддаленні ад самой вёскі. Адразу бачна, што людзі тут бываюць рэдка, узімку нават дарогі не адшукаць.

Капліца Святой Сям’і будавалася ў сярэдзіне 19 стагоддзя, прыкладна калі і перабудоўваўся сядзібы дом. Выканана яна ў архітэктурным стылі класіцызм з элементамі народнага дойлідства з буйнога каменю і дрэва.

Фасад будынка даволі просты, вылучаецца чатырма дарычнымі калонамі і драўляным франтонам. Бакавыя часткі дэкарыраваны ўстаўкамі з бутавага каменя і дробнай крошкі. Па памерах капліца прыкладна 10 на 8 метраў, дарэчы на страсе была невялічкая вежка са звонам. Таксама побач стаяла і статуі Святой Алены і Святога Міхаіла Арханёла (не захаваліся, але іх можна разглядзець на старым фота зверху).

Капліца ў Вераскава выконвала ролю радавой пахавальні роду Брахоцкіх, а таксама Дыбоўскіх. Побач з храмам можна адшукаць магілу Ганны Праўдзіч-Брахоцкай, якая памерла ў 1897 годзе.


Каб дабрацца да капліцы прасцей ехаць па грунтавой дарозе H6315, якая злучае Уселюб і Вераскава. Ніякіх паказальнікаў не шукайце, іх проста няма, арыенцір кукурузнае поле – перад ім згарніце налева і рухайцеся па сцяжынцы.
Акрамя сядзібнага дома і капліцы, у Вераскава сустракаюцца і розныя гаспадарчыя пабудовы 19 стагоддзя. Большасць з іх занядбаныя ці і амаль цалкам разбураныя, але могуць быць камусьці цікавымі. Думаю, што найбольш цікавы аб’ект – гэта стары бровар, які выкарыстоўвалі нават яшчэ за савецкім часам.

Пасля вайны пабудову з бутавых валуноў пашырылі і быў надбудаваны яшчэ адзін цагляны паверх, плюс з’явіўся і новы корпус спіртасховішча. Пасля 1991 года справы на прадпрыемства ішлі ўсё горай і горай, таму з часам будынкі закінулі, а ў 2021 годзе пачалі пакрысе руйнаваць.

Можа падалося што Вераскава не самы цікавы напрамак для вандровак, бо няшмат тутака чаго засталося ад часоў сядзібы Брахоцкіх-Дыбоўскіх. Але, нягледзячы на гэта, у Вераскава захаваўся нейкі дух старажытнасці за якім сюды дакладна можна паехаць.

Дабрацца ў гэты край можа быць праблематычна і таму лепей ехаць на аўтамабілі. Аптымальна рухацца па турыстычным маршруце, захапіўшы Любчу і Уселюб. Ніжэй адзнака на мапе, дзе знаходзіцца былая сядзіба Дыбоўскіх і Брахоцкіх:
Што яшчэ паглядзець у гэтым рэгіёне? Калі час дазваляе наведайце замак у Любчы.








