У Мастоўскім раёне, бадай што на самым беразе ракі Нёман, можна паглядзець маляўнічыя руіны капліцы-пахавальні Ябланоўскіх. Часцей за ўсё пазначаецца, што гэтая капліца знаходзіцца ў самой вёсцы Шчэчыцы, але гэта не зусім дакладна. Бо рэшткі масіўнай пабудовы, незвычайнай формы, месцяцца прыкладна за кіламетр на поўдзень і адносяцца да вёсачцы Яблынева (фактычна там сёння толькі адна хата).

Руіны капліцы-пахавальні Ябланоўскіх у вёсцы Шчэчыцы
2026 год

Руіны капліцы-пахавальні Ябланоўскіх у вёсцы Шчэчыцы

А вось гісторыя мястэчка Шчэчыцы пачынаецца задоўга да з’яўлення тутака Ябланоўскіх, з прозвішчам якіх звязаны руіны капліцы. Так яшчэ ў 17 і пачатку 18 стагоддзі, навакольныя вёскі Шчэчыцы, Кучыцы і Улазы складалі адзіны буйны маёнтак, які ў 1624 годзе набыў уплывовы магнат Леў Сапега. Гэтыя землі належалі Сапегам герба “Ліс” больш за стагоддзе, ажно да 1740 года. Аднак усё змянілася, калі Караліна Тэрэза Радзівіл, удава Казіміра Леона Сапегі, пабралася другім шлюбам з князем Юзэфам Аляксандрам Ябланоўскім. Менавіта Юзэф Аляксандр, выбітны навуковец, гісторык, асветнік і заснавальнік навуковага “Таварыства Ябланоўскіх” у Лейпцыгу, вырашыў стварыць тут сваю новую рэзідэнцыю, якую назваў у гонар уласнага роду – Яблонаў (ці Яблонава, ці таксама сустракаецца варыянт Ябланава). Князь таксама запрасіў сюды манахаў-базыльян і спрыяў стварэнню іхняй місіі ў гэтым краі.

Руіны капліцы-пахавальні Ябланоўскіх у вёсцы Шчэчыцы
2019 год

Як і належыць, тутака знаходзіўся шляхетны маёнтак з сядзібным домам. На жаль, гэтая сядзіба не захавалася, ацалелі толькі некалькі гаспадарчых пабудоў. Палац Ябланоўскіх быў цалкам знішчаны падчас Першай сусветнай вайны, аднак дзякуючы малюнкам Напалеона Орды, можна паглядзець як выглядала тая рэзідэнцыя. Будынак уяўляў сабою шырокі аднапавярховы палац, пабудаваны ў стылі позняга барока ці ранняга класіцызму. Па баках ад крылаў палаца мясціліся асобныя павільёны – хутчэй за ўсё, гэта былі жылыя флігелі (афіцыны) і аранжарэя.

Яблонаў сядзіба
Напалеон Орда, сярэдзіна 19 ст.

Галоўным сведкам мінулага Яблонава засталіся руіны капліцы-пахавальні, будоўлю якой як раз фінансаваў Юзэф Аляксандр Ябланоўскі. Гэты храм вылучаўся надзвычайнай мастацкай каштоўнасцю і арыгінальнасцю. Капліца была закладзена каля 1748 года, размяшчалася на адной кампазіцыйнай восі з палацам (прыкладна за 200 метраў на захад ад яго).

Сядзіба ў Шчэчыцах

Капліца ў Шчэчыцах пакідае мноства пытанняў і загадак, на якія хутчэй за ўсё адказаў ужо ніколі не будзе. Але ёсць цікавыя архітэктурныя асаблівасці якія дакладна варта адзначыць. Імаверна, натхненнем і прамым узорам для барочнага аб’ёму капліцы паслужыў знакаміты касцёл Святой Тройцы ў Воўчыне (дзе быў пахаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі). Храм у Воўчыне будаваўся па праекце выбітнага варшаўскага архітэктара Яна Жыгімонта Дэйбеля. У ябланоўскай капліцы літаральна паўтарылі яго прасторавы план, прапорцыі сцен і памеры.

Вёска Шчэчыцы Мастоўскага раёна Беларусі

Звонку будынак мае план квадрата са зрэзанымі кутамі (што стварае ілюзію трохвугольнай або васьміграннай формы). Аднак унутры прастора арганізавана ў форме грэчаскага крыжа.

Руіны капліцы-пахавальні Ябланоўскіх у вёсцы Шчэчыцы.

У кутах былі зроблены адмысловыя трохгранныя нішы (анэксы), у якіх знаходзіліся авальныя двух’ярусныя галерэі з балконамі і сходамі. Пад усім будынкам размяшчалася вялікая падземная крыпта для пахаванняў. Як разумееце, захавалася ад усяго гэтага небагата.

Шчэчыцы цікавосткі Беларусі

Фасады касцёла маюць цікавае аздабленне, так для дэкору выкарысталі мясцовы мінерал – цёмна-бурую, амаль чорную, дзярновую руду. Кавалкі гэтай руды ўціскалі ў сыры тын, ствараючы кантраст з гладкімі белымі рамкамі. Кавалкамі руды былі выкладзены прамавугольныя панэлі на цокалях і капітэлях пілястраў і дэкаратыўныя элементы ў выглядзе падвязаных хуст паміж вокнамі.

Капліца ў Шчэчыцах

Першапачаткова капліца была абнесена прыгожым драўляным плотам з мураванымі цаглянымі слупкамі.

Пахавальня ў вёсцы Шчэчыцы

Руіны капліцы-пахавальні Ябланоўскіх

Пасля падзей 1831 года для капліцы пачаўся складаны перыяд. Спачатку тут забаранілі праводзіць імшу, а з часам храм быў поўнасцю зачынены. Пры гэтым сам маёнтак адчуваў сябе даволі няблага. Тут гаспадарылі Варанецкія, потым Эйсманты, Лубенскія. Дарэчы, менавіта пры Зоф’і з Лубенскіх, у Яблонаве пабываў Напалеон Орда. Пасля Першай сусветнай вайны капліцу нават спрабавалі аднавіць і прыпісалі яе да каталіцкай парафіі ў суседнім мястэчку Лунна, аднак імшы тут ужо не праводзіліся і будынак працягнуў пуставаць. Канчатковае знішчэнне і поўнае рабаванне капліцы адбылося за савецкім часам, калі яна была пакінута без нагляду і разбурана пад уздзеяннем прыроды і чалавечага фактару.

Шчэчыцы мастоўскі раён

Сёння велічныя руіны стаяць наўпрост пасярод палёў як напамін пра калісьці раскошную рэзідэнцыю Ябланоўскіх. Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:

Паглядзіце таксама якая нетыповая царква ў мястэчку Дубна.

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here