Калі напрыклад у Токіа самыя папулярныя турыстычныя кропкі гэта Сібуа, Гінза, Акіхабара, то ў Осака – гэта безумоўна Датанборы (Dōtonbori). Менавіта гэтая лакацыя вядома сваімі неонавымі шыльдамі, натоўпамі людзей і смачнай вулічнай ежай, пра яе нават кажуць – свята жыцця і ежы. Тут і свой слоган ёсць: “куідаорэ” – нешта накшталт: “есці, пакуль не абанкруцішся“.


Сёння Датанборы адзін з самых вядомых забаўляльных раёнаў усёй Японіі, але яго гісторыя багатая і цікавая не адной ежай і забаўкамі. Таму мне хацелася бы вам паказаць не толькі сучасны горад, але і зрабіць, так бы мовіць, вандроўны флэшбек у часе, каб паглядзець як канал выглядаў 100-140 гадоў таму.


Гісторыя раёна-забаў пачынаецца напачатку 17 стагоддзя, у перыяд Эда, калі мясцовы прадпрымальнік Ясуі Датан пачаў рыць вялікі канал цераз горад Осаку. Гэтыя працы расцягнуліся на доўгія гады, а скончвалі канал ужо сваякі Датана. Ну і каб ушанаваць памяць далі яму назву “Датанборы”, што літаральна і азначае “Канал Датана”.


Гэты канал злучаў важныя часткі горада і дапамог Осакі стаць буйным гандлёвым цэнтрам. З часам сюды падцягнуліся і дзеячы культуры, што дадало Датанборы яшчэ больш вядомасці і прыцягальнасці.

Уздоўж канала пачалі адкрывацца тэатры кабукі бунраку (гэта такія традыцыйныя лялечныя тэатры, накшталт нашай батлейкі). Таксама пакрысе з’яўляліся чайныя дамы, ну і іншыя атрыбуты начнога жыцця.


На жаль, паступова традыцыйныя тэатры зніклі, а іх замянілі рэстараны, бары, рэклама і вялізарныя натоўпы людзей.


Яшчэ адзін цікавы перыяд, які сфармаваў сённяшні раён, гэта так званая – “Неонавая эпоха”, якая пачалася пасля Другой сусветнай вайны.

Так, калі вайна скончылася, Осака хутка аднаўлялася, а Датанборы ператварыўся ў сапраўдны неонавы цэнтр, куды зноўку павярталася начное жыццё.


Мяркуецца, што дзесьці ў той перыяд пачала фармавацца і новая культура “вар’яцкіх” шыльдаў у Датанборы (гіганцкія рухомыя фігуры і дэкарацыі). Усё гэта рабілі каб яшчэ больш прывабіць людзей у гандлёвы раён.


Самы вядомы сімвал раёна Датанборы – гэта канешне “Glico Running Man Sign“, які з’явіўся ў далёкім 1935 годзе і адразу стаў візітоўкай Осакі.


Сёння кожны турыст абавязкова паўтарае позу “бегуна” і робіць памятнае фота, нават баюся ўявіць колькі тысяч падобных здымкаў будзе ў instagram.

Ёсць і смешная легенда Датанборы, якую называюць “Праклён палкоўніка Сандэрса”. Так адна з самых дзіўных гісторый адбылася тутака ў 1985 годзе. Пасля перамогі бейсбольнай каманды “Hanshin Tigers”, адданыя фанаты пачалі скочыць у канал (гэта таксама свайго кшталту традыцыя), святкуючы перамогу і нехта нават кінуў у ваду статую палкоўніка Сандэрса з рэстарана KFC. Пазней фанаты каманды пачалі жартаваць, што менавіта гэта выклікала “Праклён палкоўніка”, бо іхняя каманда яшчэ доўгія гады запар не магла выйграць ніводнага чэмпіянату. Дарэчы, гэта адбывалася пакуль статую не знайшлі ў 2009 годзе.

Чым заняцца на Датанборы?
Пачаставацца такоякі!

Набыць прыемныя дробязі, бо гэта ж папулярны гандлёвы раён, дзе ёсць літаральна ўсё.

Пракаціцца на лодачцы, калі хочацца вяселля!

Прыйсці на Датанборы ўдзень, калі людзей значна менш.

Ашалець ад вялізарнага натоўпу людзей!

Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:
Вам можа быць таксама будзе цікава паглядзець невялічкае відэа: “Чым падобныя беларусы і японцы”:
View this post on Instagram
Таксама ўжо паспеў напісаць пра дзіўны парк Гіблі (Ghibli Park).










