Думаю пачаць трэба з самага простага – дзе знаходзіцца горад Урумчы і як туды дабрацца? Сёння, Урумчы – гэта буйны горад на паўночным захадзе Кітая (недалёка ад Казахстана), адміністрацыйны цэнтр Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна. Урумчы лічыцца адным з самых аддаленых ад “вялікай вады” гарадоў у свеце.

Горы ва Урумчы
Урумчы – Ürümqi

Адлегласць ад Мінска да Урумчы па прамой (так бы мовіць па паветры) каля 4400 кіламетраў. Вылет з Мінска звычайна а 10:40 або 11:10, прылёт ва Урумчы ўвечары таго ж дня (а 21:30/22:10 па мясцовым часе), пералёт займае 5 гадзін 50 хвілін (часам крыху больш ці менш).

Турысты прыбываюць у галоўны аэрапорт горада – Ürümqi Tianshan International Airport.

Аэрапорт Урумчы
Ürümqi Tianshan International Airport

Дарэчы, у сакавіку 2025 года аэрапорт афіцыйна змяніў сваю назву з Diwopu “Дывопу” на Tianshan “Цяньшань” (у гонар знакамітай горнай сістэмы Цянь-Шань). Аднак міжнародны код URC застаўся ранейшым. Шмат у якіх турыстычных артыкулах яшчэ не змянілі назву, таму не пужайцеся.

Ürümqi Tianshan International Airport

Аэрапорт сапраўды вялізарны, пасля адкрыцця і пашырэння, гэты паветраны хаб здольны прымаць да 48 мільёнаў пасажыраў за год, але фактычна сюды прылятае ў шмат разоў менш. Менавіта таму аэрапорт выглядае досыць пустым.

Урумчы

Ці можна даехаць да Урумчы на машыне? Так, але гэта будзе сапраўдны выклік. Даўжыня сухапутнага маршруту па дарогах складае больш за 5 200 кіламетраў (у залежнасці ад абранага шляху праз тэрыторыю Расіі і Казахстана). Час у дарозе без прыпынкаў зойме не менш за 70 гадзін.

Урумчы цікавосткі

Міні-парада для транзітных турыстаў

Калі вы ляціце праз Урумчы далей па Кітаі (напрыклад у Пекін, Шанхай ці Гуанчжоу), улічвайце, што на пашпартны кантроль і атрыманне багажу пры міжнародным рэйсе звычайна патрабуецца каля 1-1,5 гадзіны як мінімум. Авіякампанія China Southern Airlines часта можа даць бясплатны гатэль або адпачынак для пасажыраў з доўгай стыкоўкай. Проста звярніцеся да стойкі агента (у іх звычайна ёсць перакладчык).

Урумчы горад

Метро і грамадскі транспарт

Метро ва Урумчы – можа стаць вашым найлепшым сябрам, бо праехаць праз увесь горад можна літаральна за 7 юаней.

Як выглядае метро ва Урумчы
Вагоны метро

На сённяшні дзень у горадзе функцыянуе зручная і даволі зразумелая сетка. Сіняя ветка – гэта галоўная артэрыя для турыстаў, якая злучае аэрапорт з чыгуначным вакзалам, цэнтрам горада і іншымі цікавосткамі.

Ürümqi subway

Лінія праходзіць праз ключавыя дзелавыя і жылыя раёны Урумчы. Чырвоная, новая ветка, – гэта ўжо другая лінія метро, якая перасякае горад у іншым напрамку.

Станцыя метро ва Урумчы

Усе паказальнікі, аўтаматы па продажу квіткоў і галасавыя аб’явы ў цягніках робяцца на кітайскай, уйгурскай і англійскай мовах, таму замежнікам арыентавацца досыць проста. Квіткі (жэтоны) можна набыць у аўтаматах на станцыях за наяўныя грошы ці праз папулярныя кітайскія дадаткі WeChat і Alipay.

Колькі каштуе квіток метро Урумчы?

Кошт праезду ў метро Урумчы залежыць ад адлегласці і вагаецца ад 2 да 7 юаняў (CNY) за адну паездку. У пераліку гэта складае прыблізна ад 0,90 да 3,10 беларускіх рублёў (або каля $0,30-$1,00).

Метро Урумчы
Праезная картка

На станцыях, там дзе ўжо пасадка ў вагоны, ёсць прыбіральні. Гэта варта ўлічваць, бо агулам, ва Урумчы з гэтым крыху праблематычна. Таксама памятайце, што пры ўваходзе на кожную станцыю метро і вакзал трэба праходзіць абавязковы кантроль бяспекі (будуць глядзець вашыя рэчы). Не раю асабліва пры гэтым жартаваць, спрабаваць здымаць на фота, ці неяк па іншаму выказваць непавагу да гэтага працэсу.

Як выглядае метро ва Урумчы?
Так выглядаюць станцыі метро звонку

Калі патрэбна, ва Урумчы можна выклікаць і таксі. У Кітаі папулярны дадатак DiDi (аналаг Uber), аднак трэба загадзя спампаваць яго і прывязаць любую міжнародную карту праз Alipay. Тады выклікаць машыну будзе проста і без неабходнасці ведаць кітайскую мову, бо кропкі на карце і чат з кіроўцам аўтаматычна перакладаюцца.

Замалёўкі Урумчы

Парады для турыстаў, якія збіраюцца ва Урумчы

Памятайце, што ў Кітаі і таксама ва Урумчы дзейнічае так званая лічбавая эканоміка, дзе наяўныя грошы і звычайныя банкаўскія карты выкарыстоўваюцца мінімальна. Каля 95% усіх разлікаў адбываюцца праз QR-коды. Таму перад паездкай усталюйце дадатак Alipay ці  WeChat.

Urumčy

Калі вы не ўсталявалі дадаткі, вам абавязкова трэба будзе памяняць грошы, бо карткамі вы дакладна амаль нідзе не зможаце разлічыцца. Нагадваю, афіцыйная валюта ва Урумчы – кітайскі юань, прыкладны курс вось такі:

1 беларускі рубель – 2,39 CNY (або 100 CNY – 41,50 руб.)

1 USD – 6,80 CNY

Лепей за ўсё браць новенькія даляры (без пашкоджанняў і надпісаў) альбо еўра, бо беларускія рублі ў Кітаі памяняць амаль немагчыма. У аэрапорце ёсць спецыяльны тэрмінал каб памяняць наяўныя, курс не самы лепшы, але затое зможаце зрабіць гэта ў любы час. А вось самы надзейны і выгадны спосаб – звярнуцца ў цэнтральнае аддзяленне Bank of China ва Урумчы. Працэдура займае каля 20-30 хвілін, спатрэбіцца абавязкова прад’явіць арыгінал пашпарта.

Дзе памяняць грошы ва Урумчы?
Тэрмінал каб памяняць наяўныя ў аэрапорце Урумчы

Гасцінец. Памятайце, што ў рэстаранах, кафэ і таксі ва Урумчы гасцінец пакідаць не прынята. Гэта можа нават пакрыўдзіць ці заблытаць персанал, які будзе бегчы за вамі, каб вярнуць “забытую” рэшту.

Урумчы

Торг на базарах: На Міжнародным вялікім кірмашы для замежнікаў цэны заўсёды завышаюць у 2-3 разы. Таму смела і ветліва таргуйцеся, асабліва купляючы сувеніры, упрыгожванні з нефрыту або адзенне. На прадукты харчавання (арэхі, садавіну) кошт звычайна фіксаваны за 1 “цзінь” (кітайская мера вагі, роўная 500 грамам).

Urumčy turyzm

Каб вашая вандроўка прайшла спакойна, катэгарычна нельга рабіць некаторыя рэчы. Не здымайце ваенныя аб’екты, паліцэйскія ўчасткі, ваенную тэхніку, кантрольна-прапускныя пункты (КПП), камеры назірання і людзей у форме. За гэта можна атрымаць сур’ёзны штраф або быць затрыманым для праверкі.

Пазбягайце палітычных дыскусій. Катэгарычна не рэкамендуецца абмяркоўваць з мясцовымі жыхарамі пытанні міжэтнічных адносін, палітыку Кампартыі Кітая, правы чалавека або лагеры перавыхавання. Гэта можа стварыць велізарныя праблемы як для вас, так і для вашага суразмоўцы, якога пасля могуць выклікаць на допыт.

Urumčy turyzm

З мабільным інтэрнэтам і даступнасцю звыклых сэрвісаў ва Урумчы ёсць вельмі важныя нюансы, пра якія трэба паклапаціцца строга да вылету з Мінска з-за сістэмы інтэрнэт-цэнзуры (“Вялікі кітайскі файрвол“). Каб у вас была сувязь ёсць два асноўныя варыянты: купіць мясцовую SIM-карту, або выкарыстоўваць міжнародны роўмінг ці eSIM. Калі ваш тэлефон дазваляе – нават не думайце і бярыце eSIM! Вось спасылка, будзе танна, проста і без стрэсу.

У Сіньцзяне (і ва Урумчы ў прыватнасці) кантроль за інтэрнэтам яшчэ больш строгі, чым у Шанхаі ці Пекіне. Звычайныя бясплатныя VPN-сэрвісы з App Store або Google Play тут часцей за ўсё проста не запусцяцца. Таму спампоўвайце ўсё што вам трэба ў Беларусі. Абавязкова ўсталюйце і аплаціце (калі сэрвіс платны) VPN да перасячэння мяжы Кітая. Унутры краіны афіцыйныя сайты VPN-правайдэраў і самі крамы дадаткаў жорстка блакіруюцца.

Урумчы

Што будзе дакладна заблакіравана без VPN:

  • Усе сэрвісы Google: Пошук, Gmail, Google Карты (яны і так працуюць у Кітаі вельмі дрэнна), YouTube.
  • Сацыяльныя сеткі і месэнджэры: Instagram, Facebook, X (Twitter), Telegram, WhatsApp, Viber.
  • Навінавыя сайты: Большасць міжнародных СМІ.
  • Што працуе без абмежаванняў: Беларускія і расійскія парталы, навіны, а таксама сэрвісы Яндэкса (Пошук, Музыка), ВКонтакте. Усе кітайскія праграмы: WeChat, Alipay, карты Amap, таксі DiDi.

Urumčy pic

З-за складанай міжэтнічнай гісторыі рэгіёна і прынятых урадам КНР мер па барацьбе з экстрэмізмам, сёння Сіньцзян-Уйгурскі аўтаномны раён з’яўляецца зонай з асаблівым прававым і адміністрацыйным рэжымам. Для вандроўнікаў гэта выліваецца ў беспрэцэдэнтны ўзровень кантролю, да якога трэба паставіцца з разуменнем. Таму калі збірайцеся наведаць Урумчы, – варта “трымаць у галаве” гэтыя асаблівасці.

Што паглядзець ва Урумчы?

У турыстычным плане Урумчы дакладна не ўзор, але і тут ёсць свае разынкі і крутыя цікавосткі.

 

View this post on Instagram

 

A post shared by Sasha Poshykovich (@poshyk.info)

Адзін з самых цікавых аб’ектаў Урумчы – Вялікі базар (Xinjiang International Grand Bazaar). Гэта сэрца культурнага жыцця горада і імаверна найбуйнейшы кірмаш пад адкрытым небам у свеце.

Кірмаш Урумчы

Урумчы Grand Bazar

Гэты комплекс выкананы ў ісламскім стылі з велічнай 80-метровай вежай у цэнтры.

Урумчы мінарэт

Складаецца з двух частак – умоўнай той дзе прадаюць розныя вырабы, сувеніры і прадметы раскошы, ну і той дзе ежа. Абедзве часткі каларытныя і цікавыя, калі час дазваляе, лепей сюды заехаць як у вечары, так і з раніцы.

Урумчы Кітай

Тут можна набыць знакамітыя сіньцзянскія сухафрукты, арэхі, унікальныя ўйгурскія музычныя інструменты, шоўк, нефрыт і дываны. Вечарам тут ладзяцца маляўнічыя шоу з традыцыйнымі танцамі.

Урумчы кірмаш

Урумчы што паспрабаваць

Таксама на Кірмашы можна падняцца на вежу-мінарэт, с добрай агляднай пляцоўкай і міні-экспазіцыяй. Уваход платны – 39 юаней.

Урумчы вежа-мінарэт

Урумчы
Краявід з вежы на кірмаш
Урумчы як выглядае горад
Краявід з вежы на горад і горад

Яшчэ раю выпіць каву на пяску, пачаставацца мясцовымі ляпешкамі, і прыдбаць памятны сувенір с тэматыкай рэгіёна.

Урумчы кава на пяску

Таксама варта крыху пагуляць вакол кірмашу, можна будзе паглядзець розныя мячэці і пранікнуцца атмасфера больш старога Урумчы (ну наколькі гэта магчыма).

Урумчы старая частка

Парк Чырвоная гара (HongShan Park)

Гэта галоўны і вельмі прыгожы гарадскі парк горада, які размяшчаецца на скалістым пагорку з чырвонага пясчаніку бадай што ў цэнтры Урумчы.

Прыгожы парк ва Урумчы

Тут у парку, на самай вяршыні гары, стаіць старажытная пагада, якую пабудавалі як свайго кшталту абярог ад прыродных катаклізмаў.

Што паглядзець ва Урумчы
Пагада Zhenlong Pagoda – злева

Так паводле паданняў, у 1785–1786 гадах, Урумчы моцна пакутаваў ад катастрафічных павадкаў на мясцовай рацэ. Жыхары верылі, што паводкі выклікае злосны падземны цмок, менавіта тады, тагачасны ўладар горада загадаў пабудаваць гэтую пагаду, каб літаральна “прыціснуць і супакоіць цмока” (назва Zhenlong так і перакладаецца – “Пагада, якая прыручае цмока”). Вежа паспяхова перажыла шматлікія землятрусы за 200 гадоў і засталася амаль у першапачатковым выглядзе.

Урумчы турызм

Асабліва раю падняцца на вежу Юаньцяа (Yuantiao Tower), якая хутчэй нагадвае храм. Дарэчы, назва гэтай вежы перакладаецца як штосьці накшталт “Вежа далёкага агляду”. Гэта самая высокая кропка папулярнага парку Урумчы “Чырвоная гара” (Hongshan Park).

Храм ва Урумчы

З назіральнай пляцоўкі гэтай вежы адкрываецца найлепшы панарамны краявід на хмарачосы Урумчы і гару Богда-Фэн на гарызонце.

Урумчы турызм

Калі сам уваход у парк “Чырвоная гара” з’яўляецца цалкам бясплатным, то за пад’ём на вежу Юаньцяа трэба заплаціць сімвалічны квіток – 10 юаняў (4,5 рубля, 1,5 $). Дзякуючы гэтаму турыстаў на самой вежы звычайна менш, чым на бясплатных пляцоўках, што дазваляе спакойна зрабіць прыгожыя панарамныя кадры або сустрэць заход сонца.

Урумчы цікавосткі і турыстычная інфармацыя

Унутры вежы ёсць міні музей са старымі фота, маштабным планам горада і некаторымі іншымі артэфактамі. Таксама на тэрыторыі разбіты невялікі парк, менавіта гэтыя лакацыя мне была асабліва даспадобы ва Урумчы.

Урумчы турызм

Урумчы

Што яшчэ трэба паглядзець?

Нябеснае возера (Таньчы, Tianchi Lake) – галоўная прыродная славутасць Урумчы, якая за 110 кіламетраў ад горада, у гарах Цянь-Шань. Туды можна дабрацца за 1,5-2 гадзіны на турыстычным аўтобусе або таксі, ці ўзяць экскурсійны тур.

Туры ад 28$

Музей Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна (Xinjiang Regional Museum). Гэта адзін з самых цікавых музеяў Кітая, які цалкам пераверне ваша ўяўленне пра гісторыю рэгіёна. Тутака захоўваюцца знакамітыя “сіньцзянскія муміі”, іх узрост больш за 3000-4000 год). Уваход у музей бясплатны, але спатрэбіцца пашпарт.

Помнік Урумчы

Наньшаньскія пашы (Nanshan Pasture). Калі вы хочаце пабачыць сапраўдную прыроду і культуру качэўнікаў, але каб без надта складаных і далёкіх падарожжаў, тады адпраўляйцеся на поўдзень ад горада да падножжа гор Цянь-Шань. У гэтым месцы ўсё яшчэ жывуць этнічныя казахі, якія да гэтага часу займаюцца конегадоўляй. Турысты могуць арандаваць каня для прагулкі, наведаць сапраўдную юрту і нават пакаштаваць традыцыйны кумыс.

Сам горад Урумчы – гэта таксама тая яшчэ цікавостка! Бо тут багата розных асаблівасцяў, як архітэктурных, так і культурных. Таму проста назірайце за людзьмі, хадзіце ў звычайныя паркі і аглядайце наваколле. Усе гэта можа прынесці вам шчырыя эмоціі.

Урумчы

Наколькі Урумчы сучасны?

Ёсць моцны кантраст, але напрыклад, калі браць гандаль, так ва Урумчы ёсць дарагія і прыгожыя ГЦ. У якіх можна знайсці большасць міжнародных брэндаў і нават люксавыя крамы.

Урумчы што паглядзець

Самыя папулярныя і цікавыя ГЦ ва Урумчы: Maison Mode CC Mall Tianshan Department Store Wanda Plaza. У іх вы дакладна знойдзеце ўсё што вас цікавіць.

Гандлёвы цэнтр Урумчы

Сённяшні Урумчы – гэта безумоўна маштабны мегаполіс з хмарачосамі, развітой інфраструктурай і лічбавай эканомікай. Аднак Кітай агулам ён адлюстроўвае толькі часткова, бо мае вельмі моцную і ні на што не падобную рэгіянальную спецыфіку. Тут пануе мусульманскі каларыт, гучыць цюркская мова, паўсюль стаяць мінарэты, а паветра напоўнена пахамі смажанай бараніны, спецый і свежых тандырных аладак. Ва Урумчы жывуць дзясяткі этнічных груп: уйгуры, казахі, хуэй, узбекі, кіргізы. Гэта робіць атмасферу горада больш падобнай на Самарканд ці Стамбул, але пабудаваныя па кітайскіх стандартах будучыні.

Урумчы

Урумчы

Каму падыдзе адпачынак у горадзе Урумчы? Тым хто дакладна шукае прыгоды і жадае стаць першапраходцам, бо горад не тое каб добра даследаваны. А вось тым хто шукае турыстычнага Кітаю, мо лепей і не ехаць, бо Урумчы вельмі складана назваць адпаведным тыповым кітайскім горадам, тутака ўсё ж такі сумесь розных культур.

Урумчы турызм

Я таксама запісаў свае ўражанні і першыя эмоцыі ад Урумчы на відэа. Магчыма вам будзе гэта цікава. Вось спасылка на Boosty і Patreon, гэта таксама будзе і добрая падтрымка для майго праекта poshyk.info!

Урумчы. Першыя эмоцыі і парады. Відэа

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here