Складана растлумачыць чаму, але часам закінутыя ці занядбаныя месцы выклікаюць сапраўдны вір эмоцый. Што можа для кагосьці будзе дзіўна, але цікавасць да падобных аб’ектаў літаральна распаўсюджана па ўсім свеце і дакладна не з’яўляецца чымсьці вар’яцкім. Так напрыклад сярод аматараў урбаністычнага даследавання ў Японіі такі рух (ці цікавасць да занядбанага) называюць haikyo. Зразумела, што ў кожнай краіне ёсць аб’екты, якія лічацца так бы мовіць мясцовай класікай. Напрыклад у Японіі адно з самых вядомых закінутых месцаў – гэта былы гатэль Maya Kanko (摩耶観光ホテル), які часам згадваюць як “Каралеўская занядбанка”. Гэты велічны будынак у стылі арт-дэко затаіўся на лясістых схілах гары Мая ў горадзе Кобэ, што знаходзіцца недалёка ад Осакі. Сёння прырода паступова забірае будынак у свае сеці, ствараючы дзіўны кантраст паміж бетоннай архітэктурай мінулага стагоддзя і бурнай зелянінай, якая прарастае скрозь вокны і расколіны.

Гісторыя гэтага гатэля пачалася ў канцы 1920-х гадоў. Так, калі ў 1925 годзе на гару Мая запусцілі фунікулёр, мясцовая транспартная кампанія вырашыла пабудаваць на ягонай верхняй станцыі сучасны цэнтр адпачынку для прыцягнення турыстаў. Будаўніцтва пачалося ў траўні 1929 года, і ўжо ў лістападзе таго ж года, гатэль прыняў першых наведвальнікаў.

Праектам гэтага гатэля займаўся архітэктар Оцукіці Імакіты, які вырашыў аб’яднаць элементы папулярнага на той час стылю арт-дэко і нямецкага экспрэсіянізму. Чатырохпавярховы жалезабетонны будынак выглядаў вельмі футурыстычна для свайго часу. З-за характэрнай формы, якая нагадвала ваенны карабель, мясцовыя жыхары часам называлі яго “гатэлем-лінкорам” (Gunkan Hotel).


Апроч раскошнага гатэля, тутака быў рэстаран, а таксама папулярныя японскія тэрмальныя купальні (онсены). Аднак мірнае існаванне доўжылася нядоўга, бо падчас Другой сусветнай вайны гатэль прыйшлося зачыніць, а ягоны дах прыстасавалі пад патрэбы супрацьпаветранай абароны Кобэ – там усталявалі зенітныя гарматы.

Пасля вайны, гатэль Maya Kanko перайшоў у прыватную ўласнасць. Будынак адрамантавалі і зноўку адчынілі для гасцей у 1961 годзе. Але ўжо ў 1967 годзе магутны тайфун і апоўзень нанеслі гатэлю новыя разбурэнні, пасля чаго яго праца зноў спынілася. Наступная спроба ўдыхнуць жыццё ў комплекс адбылася ў 1974 годзе, калі яго рэканструявалі і адкрылі як студэнцкі цэнтр адпачынку (Maya Student Center). Будынак выкарыстоўвалася для моладзевых сустрэч і спартыўных гурткоў, але былую папулярнасць вярнуць так і не атрымалася.

Канчатковую кропку ў камерцыйнай гісторыі гатэля паставіў прыродны катаклізм. У 1995 годзе адбыўся разбуральны землятрус “Ханшын”, ад якога гатэль атрымаў сур’ёзныя канструктыўныя пашкоджанні, пасля чаго яго канчаткова зачынілі і пакінулі на волю лёсу і прыроды.

За дзесяцігоддзі запусцення Maya Kanko ператварыўся ў адзін з самых пазнавальных аб’ектаў японскага haikyo. Прырода тут практычна цалкам перамагла чалавека: мох, плюшч і маладыя дрэвы прараслі скрозь былыя нумары і калідоры. Самым вядомым пакоем унутры лічыцца былая сталовая або зала адпачынку, якую даследчыкі называюць “Зялёным пакоем”. Падлога і сцены тут пакрытыя зялёным дываном з раслін, а сонечнае святло вельмі маляўніча прабіваецца праз разбураныя арачныя вокны.


Вакол гатэля склалася нямала гарадскіх легендаў. Напрыклад, на адным з балконаў доўгі час ляжала вялікая колавая шына ад амерыканскага B-29. Наведвальнікі верылі, што яна засталася тут з часоў вайны, але насамрэч яе прывезла здымачная група аднаго з музычных кліпаў (гатэль часта выкарыстоўваўся як лакацыя для кіно і рознага мастацтва).

У 2021 годзе адбыўся даволі рэдкі для занядбаных аб’ектаў выпадак, так будынак былога гатэля Maya Kanko афіцыйна атрымаў статус “Зарэгістраванай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці Японіі”. Мясцовыя грамадскія арганізацыі (у прыватнасці, NPO J-heritage) пачалі працы па кансервацыі аб’екта, каб прадухіліць яго поўнае разбурэнне. З-за аварыйнага стану будынка самастойны візіт унутр з’яўляецца незаконным і небяспечным.
Як разумееце, сёння падысці да гатэля закона амаль немагчыма. Усе сцяжынкі даўна перакрыты, а на тэрыторыі працуе сістэма відэаназірання і аховы. Тым не менш, убачыць занядбаны Maya Kanko hotel усё ж можна легальна.
Найлепшы варыянт – з вокнаў фунікулёра. Канатная дарога Maya Ropeway праходзіць наўпрост міма гатэля, адкуль адкрываецца шыкоўны краявід на ягоныя фасады.

Ёсць экскурсіі. Яны бываюць рэдка, але перыядычна лакальныя арганізацыі і некаторыя гасцініцы горада Кобэ праводзяць санкцыянаваныя туры па навакольных сцежках вакол гатэля.
Як дабрацца: Каб даехаць да гары Мая з Осакі, спачатку трэба сесці на цягнік да Кобэ (дарога зойме каля 30 хвілін), пасля чаго скарыстацца гарадскім аўтобусам да ніжняй станцыі фунікулёра Maya Cable, ці прайсці пешшу, каля 20 хвілін.
Можа вам будзе таксама цікава пачытаць пра Датанборы (Dōtonbori) – сэрца Осакі.










