Метрапалітэн Осакі (Osaka Metro) – гэта безумоўна самы зручны, хуткі і надзейны спосаб перамяшчэння па горадзе пад час вандроўкі. Сетка падземкі ахоплівае бадай што ўсе галоўныя цікавосткі, вакзалы і гандлёвыя раёны. З першага позірку, схема метро Осакі можа падацца складаным “павуціннем”, але насамрэч яна дужа прадуманая. У гэтым артыкуле разбяромся, як лёгка арыентавацца ў падземцы, якія праязныя і квіткі лепей абраць, і як крыху сэканоміць час і грошы.

Osaka Metro складаецца з 8 асноўных ліній падземкі і 1 лініі аўтаматызаванага грамадскага транспарту (New Tram). Каб турыстам было прасцей, кожная лінія мае сваю назву, літару і колер.

Навігацыя і як не згубіцца ў метро
Усім станцыям у Осацы прысвоены ўнікальны код з літары і лічбы, што вельмі дапамагае пад час паездак, асабліва турыстам. Так літара азначае лінію (напрыклад M – Midosuji Line). Лічба азначае нумар станцыі на гэтай лініі. Прыклад: станцыя Namba на чырвонай лініі пазначаецца як M20. Калі вам трэба праехаць ад Umeda (M16) да Namba (M20), вы адразу бачыце, што трэба праехаць 4 станцыі ў бок павелічэння нумароў. Усе паказальнікі на станцыях ёсць і на англійскай мове, у саміх цягніках станцыі таксама абвяшчаюць на японскай і англійскай, таму арыентавацца досыць проста.

Кошт праезду ў метро Осакі залежыць ад адлегласці (тут можна вылучыць 5 асноўных зон). Мінімальны тарыф на паездку (зона 1, – да 3 кіламетраў) складае 190 іен (каля 1.20$). Максімальны тарыф (Зона 5, – адлегласць больш за 20 кіламетраў) – 380 іен (2.40$).

Чым аплачваць праезд?
Разавыя папяровыя квіткі (Single Tickets): Купляюцца ў аўтаматах на станцыях перад паездкай. На табло над аўтаматам знаходзіце сваю станцыю прызначэння, глядзіце ейны кошт і купляеце квіток на гэтую суму.

Бескантактавыя карты IC (ICOCA, Suica, Pasmo). Вы проста прыкладаеце падобную картку да турнікета пры ўваходзе і выхадзе, і сістэма сама спісвае патрэбную суму. Дарэчы, калі у вас ужо ёсць карта Suica або Pasmo з Токіа, – то яны таксама выдатна працуюць у метро Осакі.
Адзін з найлепшых варыянтаў для турыстаў – праязны квіток. Калі вы плануеце шмат ездзіць па горадзе, купляць разавыя квіткі невыгадна. Звярніце ўвагу на наступныя абанементы: Enjoy Eco Card (1-дзённы праязны на метро і аўтобусы), які дазваляе бязлімітна ездзіць на ўсіх лініях Osaka Metro і гарадскіх аўтобусах на працягу аднаго дня. Кошт у будні дні – 820 іен. Купіць можна ў любым аўтамаце на станцыі метро.

Osaka Amazing Pass (для актыўных турыстаў). Досыць папулярны турыстычны праязны на 1 або 2 дні. У яго ўваходзіць не толькі бязлімітны праезд на метро, а яшчэ прыгарадныя цягнікі ў межах горада + бясплатны ўваход у 40+ славутасцей (Замак Осакі, аглядальная пляцоўка Umeda Sky Building, кола агляду, круізы па канале і шмат іншага).
Спіс станцый метро ў Осацы
🔴 Midosuji Line (Літара M, Чырвоны колер) – адна з самых важных ліній для турыстаў. Цягнецца з поўначы на поўдзень і злучае галоўныя транспартныя вузлы і раёны: Shin-Osaka, Umeda (чыгуначны вакзал), Shinsaibashi (шопінг), Namba (Датанборы) і Tennoji.

💚 Chuo Line (Літара C, Зялёны колер). Гэтая лінія перасякае горад з захаду на ўсход. Патрэбная, каб даехаць да акварыума Кайюкан (станцыя Osakako) і да Замка ў Осацы (станцыя Tanimachi 4-chome).
🟣 Tanimachi Line (Літара T, фіялетавы колер) – ідзе паралельна Midosuji. Зручная для наведвання храма Сітэно-дзі і таксама замка Осакі.
🔵 Yotsubashi Line (Літара Y, блакітны колер) – па сутнасці паўтарае чырвоную лінію Midosuji, але праходзіць трохі далей. На ёй заўсёды менш людзей у гадзіны пік.
🟤 Sakaisuji Line (Літара K, карычневы колер). Вядзе да электроннага раёна Den Den Town, раёна Шынсэкай (станцыя Ebisucho) і рынку Курамон (Nipponbashi).
🌸 Sennichimae Line (Літара S, ружовы колер). Лінія злучае раёны Намба і Карэйскі квартал (станцыя Tsuruhashi).

🟢 Nagahori Tsurumi-ryokuchi Line (Літара N, салатавы колер). Гэта першая ў Японіі лінія на лінейным рухавіку. Вядзе да парку Тсурумі Рыёкучы і раёна Шынсайбашы.
🟠 Imazatosuji Line (Літара I, аранжавы колер). Праходзіць па ўсходніх спальных раёнах (турысты ёй карыстаюцца рэдка).
🔷 Nanko Port Town Line (Літара P, сіні колер). Гэта нават не зусім метро, а хутчэй сумесь нейкага трамвая, – вядзе ў прыбярэжную зону заліва і выставачны цэнтр Intex Osaka.
Важна: апроч метро, у горадзе ёсць колавая чыгуначная лінія JR Loop Line і прыгарадныя цягнікі (Nankai, Kintetsu, Hankyu). Яны належыць іншым кампаніям, таму квіткі метро на іх не дзейнічаюць, трэба купляць асобна.

Карысныя інфармацыя для вандроўнікаў
Час працы: Метро Осакі адчыняецца каля 05:00 раніцы і зачыняецца каля 00:00 (поўнач).
Вагоны толькі для жанчын (Women Only): На лініі Midosuji у гадзіны пік (па буднях з раніцы да 09:00) першыя ці апошнія вагоны прызначаны толькі для жанчын і дзяцей. Яны пазначаны ружовымі налепкамі на платформе і шыбах.
Камеры захоўвання (Coin Lockers): на ўсіх буйных станцыях метро ёсць аўтаматычныя камеры захоўвання розных памераў, дзе можна пакінуць вашыя валізкі (цана ад 400 да 1000 іен за суткі).

Для пабудовы маршрутаў лепш за ўсё выкарыстоўваць Google Maps або дадатак Navitime Japan Travel. Яны дакладна паказваюць не толькі нумар лініі, але і аптымальны нумар вагона і зручны выхад (Exit number).
Як карыстацца метро?
Знайдзіце ўваход у падземку, ён заўсёды пазначаны лагатыпам Osaka Metro (стылізаваная літара M або спіраль). Калі ў вас папяровы квіток, – устаўце яго ў шчыліну турнікета, прайдзіце і абавязкова забярыце квіток з другога боку, бо ён спатрэбіцца на выхадзе. Калі ў вас карта ICOCA/Suica ці Digital Pass, прыкладзеце яе да блакітнага сэнсара.
Каб знайсці патрэбную платформу, уважліва сачыце за колернымі паказальнікамі і нумарамі станцый. На платформе ёсць разметка на падлозе, дзе трэба стаяць у чарзе да дзвярэй, у Японіі да гэтага ставяцца адказна, таму раю рабіць гэтак сама. На станцыі прызначэння зноў прайдзіце праз турнікет. Калі гэта быў папяровы разавы квіток, турнікет яго “забярэ” і ўжо не будзе павяртаць.
Калі пры выхадзе турнікет запішчаў і зачыніўся, падыдзіце да аўтамата Fare Adjustment ці да супрацоўніка метро, вам дапамогуць даплаціць розніцу.











