Ghibli Park – гэта даволі вялікі тэматычны парк у Японіі, які быў заснаваны на падставе розных сусветаў студыі Гіблі (Studio Ghibli – легендарная студыя анімацыі, якая стварыла безліч крутых мультфільмаў: Мой сусед Тотара, Скрадзеныя прывідамі, Рухомы замак Хаўла, Прынцэса Мананокэ і багата іншых). Сам парк знаходзіцца каля горада Нагоя (Nagoya), што ў прэфектуры Аіці, на тэрыторыі вялікага мемарыяльнага парку “Expo 2005”. Далей крыху раскажу, што гэта за дзіўны парк Гіблі, як туды дабрацца, як набыць уваходныя квіткі (а гэта не так і проста) і якія ўражанне засталіся ад наведвання.

Пра парк Гіблі часам кажуць што аналагаў яму няма, але з адным невялічкім выключэннем – студыя ў Токіа. Дзе таксама можна паглынуцца ў свет студыі Ghibli.

Дабрацца да гэтай цікавосткі можна на метро з перасадкай на цягнік ад Цэнтральнай станцыі горада Нагоя (Nagoya Station).

Ехаць прыкладна гадзіну, пачынаем на лініі Higashiyama Line (14 прыпанкаў), потым перасадка на цягнік Linimo на станцыі Fujigaoka Station і тут яшчэ 6 прыпынкаў. Кошт праезду каля 700 японскіх іен (4,6$).
*Міні-парада: Абавязкова падрыхтуйцеся і купіце esim, каб быў інтэрнэт. Тады злёгку зможаце глядзець на якую платформу ісці і калі будзе наступны цягнік.

*Яшчэ парады: (бярыце праязны на метро, будзе крыху танней, але на цягнік усё адное прыйдзецца купляць квіток асобна).
Парк Гіблі – гэта дакладна не пра атракцыёны, а хутчэй пра лакацыі з мультфільмаў Хаяо Міядзакі, Ісао Такахата і іхніх паслядоўнікаў, таму магчыма калі для вас гэтыя прозвішча нічога не кажуць, то і парк моцна не ўразіць.

Але калі вы сапраўдны фанат, то Ghibli Park безумоўна раю для наведвання! У адрозненне ад большасці класічных тэматычных паркаў тут амаль няма вялікіх, ды і маленькіх, амерыканскіх горак і іншых гучных забавак, бо галоўны акцэнт зроблены на атмасферы сумяшчэнне прыроды і сусветаў Гіблі.

Што можна паглядзець у парку?
Парк сярэдняга памеру, у ім некалькі тэматычных зон, галоўная з якіх – Вялікая зала з міні горадам (Ghibli’s Grand Warehouse). Менавіта гэтая частка будзе апафеозам усяго комплексу. З яе можна як пачаць “вандроўку”, так і скончыць.



Унутры Ghibli’s Grand Warehouse вас чакаюць розныя выставы па фільмах, сакрэтныя пакоі, экспазіцыі пра анімацыю, дэкарацыі і сцэны з культавых мультфільмаў, фотазоны (рыхтуйцеся да чэргаў), ну а таксама кафэ і крамы. Бонус – пакажуць міні фільм Studio Ghibli, які быў створаны менавіта для Гіблі парк.


Лес Dondoko
Калі вы фанат(ка) мультфільма “Мой сусед Тотара”, то гэта вам дакладна сюды.

Тутака знаходзяцца таксама дом Сацукі і Мэй, розныя лясныя сцежкі, зоны ў стылі Тотара і вялікі сад. Па водгуках, менавіта гэтую частку парка Гіблі часцей за ўсё называюць адной з самых чароўных.

Важная заўвага (!). У стандартны квіток наведванне Dondoko Forest не ўваходзіць, трэба браць асобны квіток.

Даліна ведзьмаў (Valley of Witches)
Лакацыя, якая багатая на розныя “анімацыйная” зоны, тут і разынка – Рухомы замак Хаўла, і Служба дастаўкі Кікі (Kiki’s Delivery Service), і Okino Residence.


А яшчэ копіі будынкаў з розных фільмаў Міядзакі, нават ёсць цэлая вуліца. Як разумееце, без кафэ і крам – тут нікуды. Таму зможаце пачаставацца аўтэнтычнымі стравамі і набыць штосьці памятнае.


Вёска Мананокэ (Mononoke Village)
І яшчэ адна цудоўная лакацыя, якая прысвечаная сусвету з мультфільма “Прынцэса Мананокэ”. Тут створана атмасфера традыцыйнай японскай вёскі з рознымі духамі, эка-сцяжынкай і агляднай пляцоўкай.


І яшчэ крыху замалёвак з парку Гіблі.


Нюансы
Ці можна здымаць у парку Гіблі? Унутры шмат якіх лакацый – не, затое ўнутры Вялікай залы і звонку іншых тэматычных зон – так! Таму крутых фота дакладна наробіце.

Было вельмі цікава назіраць за японцамі, якія з задавальненнем і ахвотай купляюць розныя дробязі ў сувенірных лаўках. Хочаш не хочаш, але ўсё адное і сам далучаешся да гэтага працэсу. Таму, раю адразу падрыхтавацца (як мінімум маральна) што прыйдзецца траціць грошыкі, асабліва калі вы з дзецьмі.
Яшчэ адна файная асаблівасць парка Гіблі ў тым, што ён не вельмі папулярны ў замежных турыстаў, таму іх тутака не багата.

Што за праблема з квіткамі ў парк?
Квіткі ў парк абмежаваныя і прадаюцца па ўмоўных “слотах”, таму часта іх купляюць за тыдні або нават месяцы наперад, асабліва ў выходныя і святы. Калі коратка, напрыклад плануеце ў парк у верасні – купляйце квіткі ў пачатку жніўня.

Парада: набывайце прэміям пакет адразу (не шкадуйце грошыкаў), бо з ім будзе лягчэй усё паглядзець. У стандарты квіток уваходзіць даліна Мананокэ, вёска ведзьмаў і Галоўная зала. На некаторыя лакацыі можна набыць дадатковы квіток на месцы, але амаль заўсёды будзе “sold out”. А як разумееце, без “дадатковага” квітка вы не зможаце зазірнуць у замак Хаўла, лес Dondoko і некаторыя іншыя лакацыі.
Таксама трэба ведаць, квіткі можна набыць толькі анлайн. Ці на афіцыйным сайце, ці ў адзінага ресейлера, – кампаніі Klook.

Безумоўна, парк Гіблі хавае шмат дробных акцэнтаў, якія ўсе і не адзначыш, думаю што кожнаму наведвальніку адгукнецца штосьці сваё. Але дакладны факт, так гэта тое, што Ghibli Park – ідэальнае месца для фанатаў Міядзакі.

Ніжэй кропка з адзнакай гэтай японскай цікавосткі на мапе:
Нагоя (бліжэйшы горад) знаходзіцца прыкладна за 170 кіламетраў ад Осакі. У турыстычным плане Нагоя крыху саступае па вядомасці і папулярнасці, але гэта вельмі дзіўна, бо цікавостак тут сапраўды багата (апроч Ghibli Park). Глядзіце таксама варыянты экскурсій з горада Нагоя, ну і цэны на гатэлі.










