Глуск - гэта буйны гарадскі пасёлак Магілёўскай вобласці, які размешчаны каля трасы Р55, якая злучае Бабруйск і Салігорск. Першыя згадкі пра мястэчка Глуск у летапісе датуюцца яшчэ 15 стагоддзем, а сярод вядомых уладальнікаў: Гальшанскія, Хадкевічы, Чартарыйскія, Палубінскія, Юдзіцкія і Бжастоўскія. Аднак нягледзячы на такую старажытную і багатую гісторыю славутасцяў у Глуску не так і шмат.
Найбольш цікавы аб'ект - гэта старадаўняе гарадзішча, дзе раней стаяў драўляны замак пабудаваны князем Дубравіцкім, Юрыем Гальшанскім, у першай палове 16 стагоддзя.
Менавіта на гэтым месцы і пачне фармавацца будучы Глуск (пачаткова Глуск-Дубровіцкі). Драўляныя пабудовы замка прастаялі ажно да 1655 года, але былі спалены падчас вайны 1654-67 гадоў.
Праз дзесятак гадоў на месцы старой крэпасці пачынаецца будаўніцтва бастыённага замка, а паралельна ў Глуск прыбываюць бернардынскія манахі са сваёй місіяй.

Пры падтрымцы князя Аляксандра Палубінскага ўзводзіцца масіўны касцёл і кляштар. Знаходзіўся гэты комплекс па суседстве з замкам, сёння тут стадыён.
Цікаўна, што калі гэтыя землі перайшлі да Радзівілаў, то адзін з прадстаўнікоў гэтага шляхетнага роду нават спрабаваў аспрэчыць правы манахаў-бернардынцаў на гэтыя ўладанні.

Аднак хутка гэта стала неактуальна. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Глуск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Бастыённы замак губляў сваю значнасць і хутка разбураўся, а кляштар бернардынцаў цалкам зачынілі ў 1830 годзе.
Нягледзячы на тое, што кляштар скасавалі, касцёл заставаўся дзеючым аж да 1935 года, затым зачынены і ён, а яшчэ праз 10 гадоў будынак узарвалі.

Нейкі час у сценах храма размяшчаўся склад стружкавай арцелі «Спатри», пазней прадпрыемства «КИМ». За гэты перыяд касцёл прыйшоў у поўнае запусценне, тут нават здарыўся пажар. У 1944 годзе адыходзячыя немцы ўзарвалі культавы будынак, а потым тое, што захавалася, разабралі на будаўнічыя матэрыялы. Цікава што каля стадыёна і сёння можна знайсці цэгла ад старажытнага і забытага касцёла.
Быў у Глуску і праваслаўны храм, збудаваны ў другой палове 19 стагоддзя на галоўнай плошчы. Архітэктура Свята-Уваскрасенскай царквы была даволі тыповая для перыяда будаўніцтва.

На месцы гэтага храма зараз стаіць мясцовы Дом Культуры. Цікаўна што ў яго архітэктуры хутчэй прасочваюцца рысы бернардынскага касцёла, але не, на гэтым месцы была менавіта царква-мураўёка.
Дарэчы ў Глуску быў і яшчэ адзін праваслаўны храм, размяшчаўся з другога боку парка, за цэнтрам "Арыён". З гэтай царквой звязана цэлая гісторыя.
Так у 1961 годзе, калі Свята-Багаяўленскую царкву разабралі, старажытную ікону часоў заснавання храма, а гэта 16 стагоддзе(!), проста выкінулі на вуліцу ў бруд. Аднак адзін з мясцовых жыхароў Глуска забраў рэліквію да сябе дадому і захоўваў амаль 30 гадоў.

У 90-ыя вырашылі пабудаваць у гарадскім пасёлку новы храм, з тым жа імем, - царква Богаяўленская. Сюды і пераехаў выратаваны абраз, захаваўшы часцінку старажытнай гісторыі.

Па вуліцы Кірава захавалася некалькі цагляных домікаў, пабудаваных у канцы 19 - першай палове 20 стагоддзя. У такіх дамах размяшчаліся розныя крамы і адміністрацыі, а ўладальнікамі часта былі яўрэйскія жыхары.
У цэнтральным парку ўсталяваны невялікі помнік пісьменніку Сяргею Грахоўскаму.
На ягоным рахунку не толькі ўласныя творы, але таксама і вартыя пераклады на беларускую мову. Да прыкладу менавіта ён пераклаў “Дваццаць тысяч лье пад вадой” Жуля Верна (на бел. у яго перакладзе – “80 000 кіламетраў пад вадой”).
Глуск - кампактны населены пункт у якім ёсць свой гасцініца і музей. Таму калі будзеце праездам, - варта зазірнуць, як мінімум каб паглядзець старадаўняе замчышча.
Недалёка размяшчаецца галоўная славутасць Глускага раёна - драўляная царква ў Гарадку. Таксама будзе цікава з'ездзіць у Любань і наведаць мясцовы крэйдавы кар'ер.