Ваўкавыск - адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі, багаты на легенды і гісторыю, але што цікавага тут можна паглядзець? У гэтым артыкуле будзе невялічкі экскурс па горадзе і асноўным славутасцям, крыху рэкамендацый дзе спыніцца на начлег і дзе перакусіць. Акрамя таго ў спіс дадаў і некалькі дастойных гістарычных аб'ектаў, размешчаных недалёка ад Ваўкавыска.
Цэнтр Ваўкавыска ўяўляе сабой шырокі прастакутны пляц на якім стаіць Дом культуры, універмаг і прыгожы помнік у выглядзе ваўка. Яго ўстанавілі ў 2005 годзе да 1000-годдзя горада.
Праектам займаўся скульптур Уладзімір Панцялееў, ну а вобраз ваўка выбраны не проста так. З гэтым драпежнікам звязаны розныя легенды і паданні аб Ваўкавыску.
Па вуліцы Карла Маркса можна дайсці да касцёла Святога Вацлава - мабыць галоўнай славутасці горада.
Гэты храм будаваўся ў сярэдзіне 19 стагоддзі ў архітэктурным стылі позняга класіцызму.
Ваўкавыскі касцёл цікавы і тым фактам, што не закрываўся нават у перыяд антырэлігійнай палітыкі. Як разумееце на тэрыторыі Беларусі такіх прыкладаў, каб будынак храма не забралі ў вернікаў, было зусім няшмат. Крыху побаку ад храма ёсць вялікія каталіцкія могілкі ў цэнтры якіх узвышаецца каплічка.
Пяройдучы чыгунку трапляем да самай старажытнай часткі Ваўкавыска - месца дзе па ўсёй верагоднасці і зараджаўся горад. Тры ўзвышшы, якія відаць здалёк, - гэта гарадзішча "Шведская гара", замчышча і яшчэ адно гарадзішча - "Муравельнік".
Пры жаданні ёсць магчымасць падняцца на самы верх гары, адкуль адкрываецца від на горад.
Бліжэй да чыгуначнага вакзала размяшчаецца радавая забудова канца 19-першай паловы 20 стагоддзя, прадстаўленая цікавымі дамамі ў адзін-два паверхі, такія будынкі былі візітнай карткай шматлікіх нашых гарадоў і мястэчак.
У Ваўкавыску ёсць і некалькі праваслаўных храмаў: царква Святога Іллі, сабор Святых Пятра і Паўла. Акрамя таго можна наведаць музей Баграціёна, які знаходзіцца ў старадаўнім асабняку з мезанінам.
Гуляючы па горадзе ёсць адчуванне павольнага рытму. Агледзець усе асноўныя знакавыя месцы ў вас атрымаецца за некалькі гадзін.
Дзе спыніцца ў Ваўкавыску?
Хоць у Ваўкавыску і пражывае больш за 40 тысяч чалавек, варыянтаў для начлегу тут ня так і шмат. Асноўны - гэта цэнтральная гасцініца "Бярозка" на вуліцы Карла Маркса 7. Тут ёсць і свой рэстаран, водгукі суцэль добрыя, размяшчэнне ідэальнае. Галоўныя мінус - гэта тое што браніраваць трэба па тэлефоне, на большасці агрэгатараў, гатэль не прадстаўлены.
+375 15 122-06-34
Альтэрнатыва "Бярозцы" знаходзіцца літаральна ў 200 метрах - гэта прыватная гасцініца на вуліцы Леніна 9Б. Тут значна ніжэй кошты, а лакацыя не чым не саступае.
Нумары прасторныя, з усім неабходным для таго каб спыніцца на ноч: Wi-Fi, тэлевізар, камплект ручнікоў, душ, міні кухня.
Вялікі плюс гэта тое, што ў кошт уваходзіць сняданак, просты, але яго будзе дастаткова каб дзень пачаўся з пазітыўнай ноты. На выбар ёсць каша, бліны, амлет, а таксама кава і гарбата.
Усё па-хатняму і ветліва, таму рэкамендую гэты гатэль. Браніраваць трэба таксама па тэлефоне +375 33 313-81-37.
Калі шукайце кватэры на суткі, у Ваўкавыску іх хапае, кошт пачынаецца ад 50 рублёў і вышэй. Што тычыцца кафэ і рэстаранаў, на жаль варыянтаў няшмат. Побач з гасцініцай ёсць бар-піцэрыя "Вінтаж", тут даволі смачна і нядорага.
Мясцовыя яшчэ раяць Pizza&Coffee на вуліцы Плошча Перамогі 1.
Славутасці недалёка ад Ваўкавыска
Калі вы прыехалі ў Ваўкавыск з мэтай глядзець славутасці, то мае сэнс таксама выехаць з горада каб ахапіць некалькі вартых гістарычных помнікаў. Так у суседняй вёсцы Гнезна, захаваўся адзін з нямногіх у Беларусі познегатычных касцёлаў – храм Святога Міхаіла Арханёла.
Акрамя таго ў Гнезна можна паглядзець сядзібны дом Тарасовічаў.
Праехаўшы яшчэ кіламетраў 10-15 трапляем у Мсцібава, дзе вас чакае яшчэ адзін касцёл, на гэты раз неагатычны.
Звярніце ўвагу на вежу-капліцу, якая адрозніваецца колерам. Уся справа ў тым, што гэтая вежа будавалася раней чым сам храм і была выканана з іншай цэглы.
Калі гэты накірунак вас не зацікавіў, то рухайцесь у бок Зэльвы, дзе вас таксама чакае неагатычны храм Святой Тройцы.
Акрамя касцёла ў Зэльве цікавасць выклікае праваслаўная царква, руіны млына і дом у якім жыла пісьменніца Ларыса Геніюш.
Як варыянт, недалёка ад Ваўкавыска, мае сэнс паехаць у вёску Шылавічы, дзе знаходзіцца Траецкі касцёл, які ўваходзіць у спіс 5 самых высокіх храмаў Беларусі.
А калі ад Ваўкавыска паехаць на поўдзень, то зможаце аглядзець гарадскі пасёлак Рось, які ў свой час належыў Патоцкім. У мястэчку захаваліся некаторыя будынкі ад сядзібнага комплексу гэтага старажытнага роду, напрыклад вось такі незвычайны дом садоўніка.
На мясцовых могілках узвышаецца неараманская капліца Святога Стэфана, дзе і быў пахаваны апошні ўладальнік пасёлка Рось па лініі Патоцкіх.
Як і належыць, у Росі ёсць касцёл і праваслаўны храм, якія знаходзяцца ў цэнтральнай частцы.
Царква цалкам звычайная, пабудаваная па тыпавым праекце, а вось касцёл выглядае куды цікавейшым, асабліва вежа-званіца.
Скончым спіс каля Ваўкавыскіх славутасцяў паўночным напрамкам. Тут у вас ёсць два варыянты: у бок Падорска або Поразава. Абодва варыянты вартыя і годныя, вырашаць вам. У Падорску чакае сядзіба Чачотаў, а ў Поразава – драўляны дом Бутаўт-Андрэйкавічаў.
Таксама ў Поразава рэкамендую да наведвання касцёл Святога Міхала Арханёла першай паловы 19 стагоддзя і былую плябанію, якая нагадвае панскую сядзібу.
А фінішнай кропкай няхай будзе будынак сінагогі, які пабудавалі з буйнога бутавага каменя, падобных аб'ектаў захавалася зусім няшмат.
Спадзяюся вы знайшлі для сябе што цікавага паглядзець у Ваўкавыску і наваколлях. Калі не, то больш аб'ектаў і славутасцяў Беларусі на мапе.