Калі вы хочаце паглядзець на крыху таямнічы Мінск, то раю адшукаць Дом масонаў, ён жа Дом Ключынскага. Трохпавярховы будынак размяшчаецца ў Верхнім горадзе, літаральна за некалькі крокаў ад вуліцы Зыбіцкай.
Дом пабудаваны ў першай палове 19 стагоддзя па заказе заможнага гараджаніна Траяна Ключынскага. У архітэктурным плане перад намі выдатны прыклад стылю класіцызм з сіметрычным прамавугольным аб'ёмам. З трох бакоў будынак упрыгожаны рызалітамі, а галоўны фасад на ўзроўні другога паверха выдзелены невялікай кампазіцыяй з калонамі.
Але не архітэктура зрабіла гэты аб'ект такім вядомым. Лічыцца, што ў гэтым доме збіраліся прадстаўнікі мінскіх масонаў з таямнічай ложы «Чырвоная паходня», якая дзейнічала з 1816 па 1822 гады, а пасля была забаронена. Ёсьць цікавая здагадка, што ў тый перыяд у доме былі закладзеныя вокны, каб выпадковыя мінакі не даведаліся, чым займаюцца масоны Менску. Дакументальных пацверджанняў аб тым што гэты будынак быў цэнтрам масонаў няма, ёсць толькі згадкі ў рознай краязнаўчай літаратуры.
Пасля 1822 года ў гэтым таямнічым доме большасць пакояў здавалася ў рэнту. Уладальнікі змяняліся, - так ад Ключынскіх прыбытковы дом перайшоў да Зімніцкіх, а затым да пары Нядзведскіх. У паваенныя гады былы Дом масонаў працягвалі выкарыстоўваць пад жытло, аж да 1989 года. У сярэдзіне 90-ых пачалася доўгачаканая рэканструкцыя будынка.
З 2001 года ў сценах гэтага дома знаходзіцца музей тэатральнай і музычнай гісторыі. Яго можна наведаць штодня з 10 да 6 вечара, па адрасе Музычны завулак 5.
На самай мяжы Верхняга горада размяшчаецца Музей-сядзіба "Дом Ваньковічаў", а прайшоўшы ад яго крыху далей звернеце ўвагу на адзін са старэйшых будынкаў Мінска – корпус манастыра базыльянак.