Лішкі – гэта вёска на самай мяжы з Польшчай, у Бераставіцкім раёне, Гродзенскай вобласці. Ехаць сюды варта, каб паглядзець даволі цікавую сядзібу 19 стагоддзя, якая належала роду дэ Вірыёнаў. Зараз будынак стаіць занядбаны, але звонку даволі няблага захаваўся.


Мяркуецца, што Караль Юзэф дэ Вірыён набыў маёнтак Лішкі ў прадстаўнікоў роду Юндзілаў. На той момант тут ужо стаяла добрая сядзіба з заезным дваром, карчмой, млыном і заводам.


У 1831 годзе, драўляны дом, які быў узведзены яшчэ пры Юндзілах згарэў і гэта сталася выклікам для новых уладароў. Так нашчадкі Караля дэ Вірыёна паспрабавалі адбудаваць свой сядзібны дом, але і адноўлены варыянт будынка знік у чарговым пажары.

Аднак на гэтым яны не супыніліся і ў 1883 годзе, Станіслаў дэ Вірыён скончавае ў Лішках будаўніцтва сапраўднай вілы, якую складана аднесці да тыпавых сядзібных комплексаў Беларусі. Менавіта гэты будынак і можна паглядзець сёння.

Новы дом быў прыбудаваны да аднапавярховага драўлянага флігеля на высокім цокалі, гэта добра бачна і зараз.


Асабліва ўражвае масіўная чатырох’ярусная вежа квадратнай формы. Падобныя збудаванні можна ўбачыць і ў іншых сядзібных комплексах. Напрыклад: сядзіба Аўраамавых у горадзе Хойнікі, або будынак Швыкоўскіх у Пружанах.


Падчас Першай сусветнай вайны сядзібу ў Лішках поўнасцю разрабавалі. Усе каштоўнасці вывезлі, таксама былі спалены гаспадарчыя пабудовы. Аднак, нягледзячы на гэтыя беды, апошні прамы нашчадак Караля – Ежы дэ Вірыён, здолеў аднавіць сядзібны дом у 1923 годзе.


Аднак ужо ў 1939 годзе маёнтак нацыяналізавалі, Ежы трапіў у Асвенцым дзе і загінуў.
Пра сядзібу ў Лішках ёсць шмат цікавых фактаў. Адныя даволі жудасныя – накшталт таго што гаспадыня маёнтка была суровая да сялян і нават спальвала іх жыўцом. Ёсць факты, якія гавораць і аб прагрэсіўнасці дэ Вірыён. Па чутках у іх быў пад’ёмны механізм для дастаўкі ежы ў сталовую. У любым выпадку месцы тут цікавыя і сапраўды вартыя ўвагі.

Да 2021 года можна было злёгку патрапіць унутр будынка і ўбачыць тую самую вінтавую лесвіцу ў вежы, але з лістапада праёмы першых паверхаў заклалі газа сілікатнымі блокамі. Па расказах мясцовых жыхароў, закладваць пачалі, калі сюды прыязджалі мігранты для начлегу. Ці праўда? Хто ведае.

Знайсці занядбаную сядзібу не складзе вялікай працы, але раю захапіць на ўсялякі выпадак пашпарт, бо гэтая цікавостка на самай мяжы. Ад Малой Бераставіцы з’язджайце на дарогу H6669 і далей па паказальніках на Лішкі, кропка з адзнакай на мапе ніжэй:
Калі будзеце ў гэтым краі, раю заехаць і да руін сядзібы Солтанаў у вёсцы Муравана.








