На самым усходзе Магілёўскай вобласці, бадай што на мяжы з “зонай адсялення”, якая з’явілася пасля Чарнобыльскай катастрофы, ляжыць ціхая і невялікая вёска Забычанне. Галоўнай цікавосткай гэтага мястэчку з’яўляецца Свята-Ушэсцеўская (таксама вядомая як Узнясенская) царква. Гэта велічны мураваны храм з чырвонай цэглы, які месціцца на месцы папярэдніх драўляных цэркваў.

У 1893 годзе на агульным сходзе парафіян, пад кіраўніцтвам мясцовага памешчыка Аркадзя Астанкевіча, было прынята рашэнне будаваць вялікі мураваны храм. Для гэтага нават запрасілі інжынера-архітэктара з Пецярбурга – абруселага немца па прозвішчы Зінберг. Будаўніцтва працягвалася чатыры гады, і ў 1897 годзе, на свята Ушэсця Гасподняга (адсюль і назва), новы храм быў урачыста асвечаны. Чорныя часы для Ушэсцеўскай царквы наступілі ў 30-я гады, мінулага стагоддзя. Набажэнствы тут былі гвалтоўна спынены ў траўні 1932 года. Актывісты скінулі з купалоў крыжы, а з вежы – званы. Самае страшнае адбылося каля сцен храма: бязлітасныя атэісты выламалі ўнікальны разны іканастас і спалілі яго разам з каштоўнымі афонскімі іконамі прама на царкоўным двары. Апошні святар храма, – Віктар Барташэвіч, быў арыштаваны і разам з сям’ёй вывезены ў невядомым напрамку. З таго часу будынак выкарыстоўваўся пад гаспадарчыя патрэбы, але дзякуючы магутнаму падмурку і трываласці сцен, змог выстаяць у гады Другой сусветнай вайны і наступныя дзесяцігоддзі запусцення.

У чэрвені 2010 года мясцовыя жыхары вырашылі выратаваць свой гістарычны і архітэктурны скарб. Працэс рэстаўрацыі ідзе павольна, галоўным чынам за кошт ахвяраванняў вернікаў і дапамогі прадпрыемстваў. Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі на мапе:
У гэтым краі раю таксама паглядзець руіны царквы ў Саматэвічах.










