У Беларусі захавалася багата зруінаваных храмаў, але Троіцкая царква ў вёсцы Белая Царква (Чашніцкі раён) займае сярод іх абсалютна асаблівае месца. Бо гэтыя велічныя муры, што ўзвышаюцца на маляўнічай паўвыспе Чарэйскага возера, лічацца сапраўдным архітэктурным эксклюзівам. Храм не проста прыгожы – ён дакладна ўнікальны для ўсёй Усходняй Еўропы.


Чаму гэты храм унікальны? Па-першае, гэта бадай што адзіны ў Беларусі чысты ўзор ранняга барока, які дайшоў да нас без пазнейшых глабальных перабудоў (так мяркуецца). Так у Італіі падобныя помнікі часта мадэрнізаваліся, то тутака, сярод віцебскіх азёр, час закансерваваў першапачатковую суровую прыгажосць. Па-другое, царква мела выразнае абарончае прызначэнне.


Дакладная дата будаўніцтва царквы застаецца прадметам спрэчак. Афіцыйна лічыцца, што храм узвялі ў 1597-1598 гадах пры Белацаркоўскім (ці проста Троіцкім) манастыры. Ёсць версіі, што будынак той можа быць нават старэйшым і датавацца 15 стагоддзем. Таксама згадваецца і факт, што цалкам імаверна, што Леў Сапега скончыў узвядзенне каменнага храма ў 1599 годзе.

Звярніце ўвагу на масіўную трох’ярусную вежу-званіцу – таўшчыня ейных сцен у дасягае ад 1,75 да 2 метраў. Храм зальнага тыпу будаваўся так, каб пры патрэбе трымаць аблогу.


Вежа-званіца займае дамінуючае становішча ў архітэктуры Троіцкай царквы, па форме яна квадратная, трох’ярусная, сіметрычная, з арачнымі вузкімі аконнымі праёмамі.


Бакавыя сцены падзелены масіўнымі пілястрамі з шырокімі аркамі. Пра ўнутраны выгляд і інтэр’ер царквы амаль нічога невядома.

Паводле афіцыйнай граматы, якую выдзеліў фундатар Сапега, манастыр ствараўся з умовай, “каб мясціна гэтая заставалася назаўжды праваслаўнай” (у арыгінале: “с тем, чтобы обитель сия оставалась навсегда православной“). Нягледзячы на гэтае патрабаванне, ужо ў 1601 годзе першы настаяцель падпарадкаваў манастыр уніятам, а кіравалі тут манахі базыльянскага ордэну.


Увесь манастыр быў абнесены высокім драўляным парканам. На ўваходзе стаяла вялікая брама з дзвюма вежамі (пабудовы драўляныя), таксама месціліся пяць драўляных жылых памяшканняў (келля манахаў). Усярэдзіне, тэрыторыя комплексу падзялялася на два двары – адзін быў зачынены для наведвальнікаў, а другі быў адкрыты, агульна даступны. Адразу пры ўваходзе праз браму, па левы бок, стаяў мураваны будынак (так званы “скарбец”). У інвентары адзначана, што ў садзе пры манастыры раслі тры вінаградныя лазы – рэдкая і вельмі каштоўная з’ява пры нашых паўночных шыротах у тыя часы.

У храме захоўвалася копія вядомага ноўгарадскага абраза “Маці Божая Знаменне”. У 1640 годзе яе прывёз (ці вярнуў) з Ружан сын канцлера – Казімір Лявон Сапега.

Манастыр афіцыйна скасавалі ў 1834 годзе (альбо 1838), пасля чаго царква паступова прыйшла ў паўразбураны стан. У 1930-ыя гады савецкія ўлады прымусова зачынілі царкву, часткова перабудавалі і ператварылі ў збожжасховішча. У нейкі перыяд руіны нават выкарыстоўваліся як альпінісцкая база для трэніровак.

Сёння храм часткова закансерваваны, ахоўваецца і чакае на рэстаўрацыю, але нават у статусе руін ён выглядае неверагодна і маляўніча.

Паглядзіце агляднае відэа, як выглядаюць руіны храма з паветра:
Раней, штогод у гэтых месцах праводзіўся папулярны фестываль SPRAVA. Дарога да вёскі Белая Царква зойме каля 2,5 гадзін з Мінска, – адлегласць каля 170 кіламетраў. Ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
У гэтым краі будзе таксама цікава наведаць мястэчка Полымя, каб паглядзець былую сядзібу Свяцкіх. Яшчэ раю заехаць у Халопенічы дзе вас чакае былы кляштар дамініканцаў.










