Вялікая Рагозніца (Мастоўскі раён, Гродзенская вобласць) – гэта вельмі маляўнічае і цікавае места з багатай гісторыяй, якое пакуль не так шырока вядомае турыстам, але патэнцыял тутака безумоўна ёсць. З цікавостак можна вылучыць шыкоўны касцёл з нетыповай для Беларусі архітэктурай і сядзібу Сухадольскіх, якая няблага так захавалася да нашага часу.

Усадьба Суходольских в Большой Рогознице

Само гэтае мястэчка ўзнікла паабапал берагу невялікай рэчкі Юхнаўка. Навукоўцы і даследчыкі мяркуюць, што назва магла паходзіць ад балотнай расліны “рагоз”, якой багата заўсёды было ў гэтых мясцінах. Ёсць дарэчы і яшчэ адзін варыянт паходжання назвы ад “рагожы” – грубай тканіны, якую выраблялі з валокнаў гэтай жа расліны. Ну і як без легенды. Так згадваецца, што ў 1534 (ці 1538) годзе маёнтак належаў знакамітай Боне Сфорца. Паводле мясцовага падання, жыхары вёскі падаравалі ёй тканую посцілку з рагожы небывалай прыгажосці. Каралеве падарунак вельмі спадабаўся, і з таго часу за паселішчам замацавалася назва Рагозніца.

Сядзіба Сухадольскіх Вялікая Рагозніца
Парадны бок сядзібы, 2026 год

У другой палове 17 стагоддзя ўладальнікамі Рагозніцы сталі прадстаўнікі роду Сухадольскіх (герба Яніна), з прозвішчам якіх і звязаны лёс сядзібы. Так бы мовіць ядром маёнтка, быў сядзібны дом, які як мяркуецца, быў закладзены яшчэ ў 1791 годзе. Мураваны палац у стылі класіцызму пабудаваў кашталян і апошні гарадзенскі ваявода Антоні Сухадольскі. Антоні быў вядомы тым, што на соймах Рэчы Паспалітай актыўна выступаў за тое, каб у ваенныя камісіі ўваходзілі не толькі палякі, але і ўраджэнцы беларускіх земляў.

Сядзіба Сухадольскіх Вялікая Рагозніца
Паркавы бок сядзібы, 2026 год

Сын Антонія, Ян Сухадольскі, пайшоў шляхам бацькі, быў актыўным удзельнікам паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Наступныя нашчадкі, таксама адзначаліся ў гісторыі як творы, дзеячы і патрыёты сваёй радзімы. За што былі пакараныя і згубілі фамільныя землі. Так пасля Сухадольскіх, Рагозніца перайшла да шляхціцаў Шабанскіх. Іхняя сям’я таксама ахвяравала сабой дзеля свабоды і волі, таму падчас паўстання 1863-1864 гадоў, малады Шабанскі без сумневаў далучыўся да паўстанцаў. Ён загінуў у баі з казакамі непадалёку ад свайго маёнтка. На месцы той бітвы пазней быў усталяваны памятны валун з надпісам “Паўстанцам 1863 года”.

Вялікая Рагозніца старое фота
Паркавы бок сядзібы на старым фота першай паловы 20 стагоддзя. Здымак афарбаваны пры дапамозе ШІ.

У 1905-1906 гадах частку маёнтка выкупіў дваранін Оскар Мейштовіч (Мяштовіч), які перавёў гаспадарку на еўрапейскі лад. Оскар быў таленавітым прадпрымальнікам і заснаваў у Рагозніцы броварны і крухмальны заводы. На хвіліначку, Рагозніцкі крухмальны завод працуе і сёння, з’яўляючыся адным з найстарэйшых бесперапынна дзеючых вытворчасцей у Беларусі. Таксама, менавіта Мейштовічы выступілі асноўнымі фундатарамі незвычайнага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Гэты храм з бутавага каменю мае рэдкія для Беларусі рысы канструктывізму і неараманікі, што больш нагадвае лютэранскія кірхі Скандынавіі ці Прыбалтыкі.

Вялікая Рагозніца

У верасні 1939 года, пасля прыходу савецкіх салдат, пажылы Оскар Мейштовіч быў арыштаваны і забіты бальшавікамі ў раёне суседняй Зэльвы. Палац у Вялікай Рагозніцы экспрапрыіраваны. За савецкім часам і дагэтуль тутака месціцца кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі (зараз гэта КСУП “Імя Адама Міцкевіча”). Напрыканцы 2023 года сіламі і сродкамі гэтага прадпрыемства быў праведзены сур’ёзны рамонт палаца: адрамантавалі фасад і дах, падабралі прыгожую гістарычную каларыстыку, аднавілі ўязныя калоны. На чарзе – добраўпарадкаванне прысядзібнай тэрыторыі, дзе плануюць разбіць пладовы сад.

Вялікая Рагозніца
Інтэр’еры сядзібы на старым фота, першая палова 20ст. Здымак афарбаваны ШІ.
Сядзіба Вялікая Рагозніца, як выглядала ўнутры?
Інтэр’еры сядзібы на старым фота, першая палова 20ст. Здымак афарбаваны ШІ.

Сядзібны дом ці нават палац з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. Гэта аднапавярховы прамавугольны будынак з порцікам на чатырох вялікіх калонах на цэнтральным фасадзе. Верх порціка (франтон) упрыгожаны гірляндай і карнізам. Раней на ім стаялі прыгожыя бронзавыя вазы, але іх знялі яшчэ падчас Першай сусветнай вайны.

Цікавосткі Беларусі Вялікая Рагозніца

Вакол палаца часткова захавалася старадаўняя мураваная ўязная брама канца 18 стагоддзя і арыгінальныя слупы.

Брама сядзібы Сухадольскіх Вялікая Рагозніца

Можна паглядзець і частку старога парк, а таксама некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Агулам (наколькі гэта магчыма) сядзібе ў Вялікай Рагозніцы пашанцавала не быць закінутай ці зруйнаванай.

Вялікая Рагозніца

Вялікая Рагозніца

Ніжэй кропка з адзнакай гэтай цікавосткі Беларусі на мапе:

У гэтым краі раю таксама паглядзець былую сядзібу “Жорна” у мястэчку Аляксандраўшчына і заехаць да ўнікальнага касцёлу ў Крамяніцы.

АДКАЗАЦЬ

Please enter your comment!
Please enter your name here